Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАЛАКА́НЕ,

адна з плыней у духоўным хрысціянстве, якая сфарміравалася ў канцы 18 ст. ў Расіі. Падзяляюцца на шэраг асобных кірункаў. Заснавальнікам лічыцца селянін з Тамбоўшчыны Сямён Уклеін. М. адмаўляюць царк. іерархію, абразы, абрадавую сістэму, лічаць, што Бог-Бацька вышэй за Бога-Сына і Бога Духа-Святога. Ідэя ўратавання тлумачыцца ў агульнапратэстанцкім сэнсе, не з дапамогай царквы, а асабістай верай. Біблію М. ўспрымаюць адвольна, як «духоўнае млека». Крыніцай веравызнання з’яўляецца кніга «Догматы малакан», змест якой складаюць хіліястычнае вучэнне і прароцтвы аб другім прышэсці Хрыста. Часткай культу з’яўляюцца пасты; «духоўныя» пасты патрабуюць устрымання ад зла (курэння, п’янства, весялосці і інш.), а «цялесныя» — ад ежы і вадкасці. М.-суботнікі не ўжываюць мяса, хрышчэнне ў М. «духоўнае». Сац. асновай М. заўсёды былі сяляне (раней аднадворцы і адыходнікі), а кіраўнікамі выбіраліся заможныя вяскоўцы, гандляры, прамыслоўцы і рамеснікі. У цяперашні час засталіся невял. групы М. у Закаўказзі, на Украіне, Стаўрапольскім краі, Тамбоўскай вобл., куды яны былі высланы або перасяляліся ў час праследаванняў з боку ўрада Расіі ў 19 ст.

Літ.:

Клибанов А.И. История религиозного сектантства в России. М., 1965;

Малахова И.А. Духовные христиане. М., 1970.

А.​А.​Цітавец.

т. 10, с. 8

МАЛАКО́,

сакраторная вадкасць малочных залоз млекакормячых жывёл і чалавека, фізіялагічна прызначаная для выкормлівання дзіцянят. Выпрацоўваецца ў перыяд лактацыі. Змяшчае большасць элементаў, неабходных для нармальнага росту і развіцця арганізма, аховы яго ад захворванняў, у збалансаваным, аптымальным для засваення стане. Склад М. залежыць ад віду, пароды, узросту жывёл, стадыі лактацыі, сезона года і інш. Асн. кампаненты М.: вада, бялкі (казеін, лактаглабулін, лактальбумін), тлушчы (гліцэрыны), малочны цукар (лактоза), мінер. рэчывы (калій, кальцый, магній, натрый, фосфар і інш. макра- і мікраэлементы), большасць вядомых вітамінаў, імунаглабуліны. Некаторыя з іх (казеін, лактоза) у інш. прыродных прадуктах адсутнічаюць. У невял. колькасцях у М. ёсць свабодныя амінакіслоты, інш. азоцістыя злучэнні (ацэтылхалін, крэацін і інш.), тлушчападобныя рэчывы (лецыціны, халестэрын, эргастэрын і інш.), свабодныя тлустыя к-ты, ферменты (лактаза, ліпаза, пераксідаза, пратэіназа і інш.), гармоны (аксітацын, інсулін, пралакцін і інш.), пігменты, газы (вуглякіслы газ, кісларод, вадарод, аміяк), мікраарганізмы; у сырадоі — антыбактэрыяльныя рэчывы (лактэніны). М. многіх с.-г. жывёл — каштоўны харч. прадукт, сыравіна для вытв-сці разнастайных малочных прадуктаў. Найб. шырока выкарыстоўваецца каровіна М., якое змяшчае ў сярэднім вады 87%, тлушчу 3,9, бялку 3,2 (казеіну 2,7), малочнага цукру 4,7, мінер. рэчываў 0,7%; мае энергет. каштоўнасць 690 ккал/кг.

Л.​Л.​Галубкова.

т. 10, с. 8

МАЛАКО́ВІЧ (Марына Фядосьеўна) (1903, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — жн. 1943),

адна з арганізатараў Мінскага патрыятычнага падполля, кіраўнік Каладзішчанскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Скончыла акадэмію камуніст. выхавання імя Крупскай (1932). З 1924 на камсам. рабоце ў Глускім, Жлобінскім, Бабруйскім р-нах, працавала ў Ін-це сав. права, Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, БПІ. У час ням.-фаш. акупацыі стварыла падп. групу з б. студэнтаў і выкладчыкаў Мінскага юрыд. ін-та, узначальвала падполле ў пас. Калодзішчы Мінскага р-на. У час падрыхтоўкі дыверсіі схоплена акупантамі і закатавана.

М.​Ф.​Малаковіч.

т. 10, с. 8

МАЛАКО́ВІЧ (Пракоп Дзянісавіч) (20.7.1895, в. Зубарэвічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 26.9.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Удзельнік 1-й сусв.

вайны. У 1917 старшыня палкавога к-та. Удзельнічаў у ліквідацыі мяцяжу Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў Бабруйскім пав., у барацьбе з ням. акупантамі. У 1918—20 ваен. камісар Бабруйскага, Дарагабужскага пав., ваен. камісар сувязі Зах. фронту. З 1920 старшыня Бабруйскага пав. выканкома, з 1922 нарком унутр. спраў БССР, з 1923 старшыня Амурскага губ. рэўкома, выканкома. З 1927 старшыня Гомельскага акр. выканкома, з 1928 сакратар Гомельскага акр. к-та КП(б)Б. З 1931 у Наркамаце сувязі СССР. Чл. ЦВК БССР у 1920—23 і 1927—31, канд. у чл. яго Прэзідыума ў 1927—29. Чл. ЦБ КП(б)Б у 1922—23 і ЦК КП(б)Б у 1927—30, канд. у чл. Бюро ў 1928 і чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1929—30.

т. 10, с. 8

МАЛАКРО́ЎЕ,

тое, што анемія.

т. 10, с. 9

МАЛА́КСКІ ПРАЛІ́Ў Паміж п-вам Малака і в-вам Суматра. Злучае Андаманскае і Паўднёва-Кітайскае моры праз Сінгапурскі праліў. Даўж. 937 км, найменшая шыр. 15 км, найменшая глыб. на фарватэры 12 км. Каля паўд. ўвахода — порт Сінгапур.

т. 10, с. 9

МАЛАМАЖЭ́ЙКАЎСКАЯ ЦАРКВА́-КРЭ́ПАСЦЬ,

гл. Мураванкаўская царква-крэпасць.

т. 10, с. 9

МАЛА́НГ (Malang),

горад у Інданезіі, ва ўсх. частцы в-ва Ява. Каля 700 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр плантацыйнага раёна бас. р. Брантас (кава, каўчук, цукр. трыснёг). Перапрацоўка с.-г. сыравіны. Прам-сць: харч., тэкст., дрэваапр., мэблевая, тытунёвая. Ун-т. Грабніца караля Анусапаці (13 ст.).

т. 10, с. 9

МАЛА́НДЗІН (Герман Капітонавіч) (15.12.1894, г. Нолінск Кіраўскай вобл., Расія — 27.10.1961),

удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1948). Скончыў Ваен. акадэмію Генштаба (1938). У Чырв. Арміі з 1918. З чэрв. 1941 нач. штаба Зах. фронту і войск Зах. напрамку, нам. нач. штаба Зах. фронту. З ліст. 1941 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба. З 1943 на фронце Пасля вайны на камандных пасадах у Сав. Арміі.

т. 10, с. 9

МАЛА́НКА,

гіганцкі электрычны іскравы разрад у атмасферы, які праяўляецца звычайна яркай успышкай святла і суправаджаецца громам; асн. прыкмета навальніцы. Найб. часта ўзнікае ў кучава-дажджавых воблаках, пры гэтым М. могуць праходзіць у саміх воблаках або паміж імі і зямлёй. Найб. тыповая лінейная М. — множны іскравы разрад з разгалінаваннямі, даўж. 1—10 км, дыям. некалькі сантыметраў, існуе ад 0,1 с да 1 с, т-ра 25000 °C і больш. Звычайна М. мае некалькі паўторных разрадаў, зрэдку некалькі дзесяткаў (зацяжная М.). Шаравая М. сфероіднай формы, каля паверхні зямлі, дыям. да 10—50 см, рухаецца павольна, падпарадкоўваецца плыням паветра, існуе да 1—2 мін, знікае з выбухам або без яго. Плоская М. — эл. разрад на паверхні воблака, не мае лінейнага характару. Пацеркападобная М. — разрад у выглядзе ланцуга з кропак, якія свецяцца. Лінейная і шаравая М. могуць быць прычынай пажару, пашкоджанняў ліній сувязі і электраперадач, гібелі людзей і хатняй жывёлы. Пабудовы ад удару М. засцерагаюць маланкаадводамі. На Беларусі ў мінулым блізкі ўдар М. ў зямлю, наземныя прадметы, жывёлу або чалавека называўся перуном.

т. 10, с. 9