Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАКАТУ́Н (Віктар Несцеравіч) (н. 10.6. 1941, в. Шунеўцы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. фізікахімік. Д-р хім. н. (1987). Скончыў БДУ (1964). З 1965 у Бел. тэхнал. ін-це. З 1974 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па хіміі цвёрдага цела, хіміі неарган. гідратаў, гетэрагенным каталізе, прыкладной спектраскапіі кандэнсаваных фаз. Выявіў групы гідратаў, у якіх можа адбывацца дысацыяцыя каардынаваных малекул вады ў цвёрдым стане. Распрацаваў канцэпцыю ролі дынамікі пратоннай падрашоткі цвёрдых кіслот у іх каталітычнай актыўнасці, актыўныя асяроддзі для электра- і магнітарэалагічных суспензій.

Тв.:

Химия неорганических гидратов. Мн., 1985.

т. 9, с. 531

МАКАЦЁР,

у беларусаў ганчарны выраб; глыбокая гліняная пасудзіна са слабапрафіляваным тулавам і шырокім вусцем, якая служыла для расцірання маку і інш. прадуктаў, а таксама для гатавання ежы ў печы, заквашвання цеста і інш. Пасудзіны, падобныя формаю да М., вядомы па археал. раскопках з жал. веку. Бытаваў паўсюдна да сярэдзіны 20 ст. пад рознымі назвамі: макотра, макацёрка, цёрла, вярцеха, вярцянка, мяліца і інш.

С.​А.​Мілючэнкаў.

Макацёры.

т. 9, с. 531

МА́КАЧЫ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 46 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,31 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 620 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 14,7 км². Схілы катлавіны на У і Пд выш. да 8 м, параслі лесам. Берагі забалочаныя. Злучана пратокай з р. Палата.

т. 9, с. 531

МАКБЕ́Т (Macbeth; ? — 15.8.1057),

кароль Шатландыі [1040—57]. Да ўлады прыйшоў праз забойства караля Дункана I, якога перамог у бітве пры Дунсінейне. Вёў барацьбу з феад. групоўкамі, якія імкнуліся перадаць (і перадалі) прастол сыну Дункана — Малькальму. Загінуў у бітве з Малькальмам. Легенды пра М. ляглі ў аснову сюжэта трагедыі У.​Шэкспіра «Макбет».

т. 9, с. 531

МАКБРА́ЙД ((MacBride) Шон) (26.1.1904, Парыж — 15.1.1988),

ірландскі паліт. дзеяч, дыпламат, праваабаронца. Пасля пакарання смерцю бацькі за ўдзел у Ірландскім паўстанні 1916 разам з маці пераехаў у Дублін. З 1919 або 1921 да 1937 у Ірландскай рэспубліканскай арміі, потым адвакат. Заснавальнік (1946) і лідэр Рэсп. партыі Ірландыі. У 1948—51 міністр замежных спраў. Дэп. парламента (1947—58). Старшыня Амністыі міжнароднай (1961—74) і Міжнароднага бюро міру (1968—74). У 1963—70 ген. сакратар Міжнар. камісіі юрыстаў (дзейнічала з 1952 у Зах. Берліне, наглядала за станам правоў чалавека ў Герм. Дэмакр. Рэспубліцы і інш. усх.-еўрап. краінах). Выступаў за выкананне правоў чалавека, раззбраенне і рух у абарону міру. У 1974—76 камісар ААН па Намібіі. Нобелеўская прэмія міру 1974 (разам з Э.Сата).

Ш.Макбрайд.

т. 9, с. 531

МАКВІ́С, макія (ад франц. maquis гушчар, зараснікі),

згуртаванне ксерафітных вечназялёных цвердалістых ці калючых хмызнякоў і невысокіх дрэў (мірт, масліна, сунічнае дрэва, фісташка, ядловец, ладаннік і інш.) у краінах Міжземнамор’я. Трапляецца па схілах гор да выш. 700 м, месцамі стварае густыя цяжкапраходныя зараснікі. Шмат калючых ліян. Як фрыгана і шыбляк, фарміруецца звычайна на месцах высечаных лясоў. Аналагі М. ў Паўн. Амерыцы — чапараль, у Паўд. Амерыцы — эспіналь, у Аўстраліі — скрэб.

т. 9, с. 531

МАКГАДЫКГА́ДЗІ (Makgadikgadi),

Макарыкары, бяссцёкавая ўпадзіна ў Паўд. Афрыцы, на Пн Калахары, у Батсване, на выш. каля 900 м. Большая ч. занята салёнымі азёрамі Нтветве і Соа, якія ў сухі час года ператвараюцца ў саланчакі. Злакавыя саванны, шыракалістыя лясы. Аднайменны заказнік.

т. 9, с. 531

МАКДО́НАЛЬД ((Macdonald) Браян) (н. 14.5.1928, г. Манрэаль, Канада),

канадскі артыст балета, балетмайстар. Скончыў Манрэальскі ун-т. З 1958 балетмайстар у т-рах Канады, ЗША, трупах еўрап. краін. З 1974 маст. кіраўнік калектыву Вял. канадскі балет. Зрабіў вял. ўклад у развіццё канадскага харэаграфічнага мастацтва, паставіў першы нац. балет «Ружа-Лацюліп» Х.​Фрыдмена (1966, Каралеўскі Вініпегскі балет). Інш. пастаноўкі: «Прыцемак» на муз. Б.​Брытэна, «Ці любіце вы Баха?» на муз І.​С.​Баха, «Актэт» і «Варыяцыі» на муз. Ф.​Шуберта, «Жар-птушка» І.​Стравінскага, «Чатыры апошнія песні» Р.​Штрауса, «На заранку чалавецтва» П.​Крэстана, «Гімн» і «Эпіталама» на муз. Ф.​Дыліуса, «Варыяцыі на простую тэму» на муз. Л.​Бетховена і інш.

т. 9, с. 532

МАКДО́НАЛЬД ((Macdonald) Джэймс Рамсей) (12.10.1866, г. Лосімут, Вялікабрытанія — 9.11.1937),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Вялікабрытаніі. У 1885 уступіў у С.-д. федэрацыю, у 1886 — у Фабіянскае т-ва. З 1894 чл. Незалежнай рабочай партыі, у 1906—09 яе старшыня. З 1900 чл. Лейбарысцкай партыі Вялікабрытаніі (да 1906 наз. К-т рабочага прадстаўніцтва), у 1900—12 яе сакратар, у 1912—24 — казначэй. З 1906 дэп. палаты абшчын брыт. парламента. У час 1-й сусв. вайны прытрымліваўся пацыфізму. У 1924 і 1929—31 прэм’ер-міністр першых лейбарысцкіх урадаў Вялікабрытаніі, у 1931—35 — яе кааліцыйнага ўрада (у сувязі з чым выйшаў з Лейбарысцкай партыі і заснаваў Нацыянал-лейбарысцкую партыю). Спрыяў прыняццю Даўэса плана ў адносінах да Германіі (1924). У лют. 1924 урад М. дэ-юрэ прызнаў СССР, восенню 1929 аднавіў з ім дыпламат. адносіны, разарваныя ў 1927 кансерватыўным урадам С.Болдуіна.

т. 9, с. 532

МАКДО́НЕЛ (Macdonnell),

горы ў цэнтр. ч. Аўстраліі, на У Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я. Цягнуцца некалькімі хрыбтамі з У на З больш як на 400 км. Выш. да 1510 м (г. Зіл.). У паўн. ч. складзены з гранітаў, гнейсаў і кварцытаў, у паўд. — са сланцаў і пясчанікаў. Расчлянёны глыбокімі падоўжнымі сухімі далінамі і папярочнымі цяснінамі. На схілах — мальгаскрэб і злак спініфекс; у далінах — масівы эўкаліптаў, акацый і пальмаў.

т. 9, с. 532