Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЫЁГЭЛЕВЫМЯРЭ́ННІ, радыётэлеметрыя,

від тэлевымярэнняў, у якіх перадача атрыманых вынікаў ажыццяўляецца па каналах радыёсувязі.

т. 13, с. 236

РАДЫЁДАЛЬНАМЕ́Р,

прылада для вымярэння адлегласцей да аб’ектаў з выкарыстаннем радыёхваль. Бываюць імпульсныя і фазавыя (інтэрферэнцыйныя). Дзеянне імпульсных Р. заснавана на вызначэнні часу распаўсюджання кароткіх радыёімпульсаў ад прылады да аб’екта і назад, фазавых — на вымярэнні рознасці фаз выпрамененага і прынятага радыёсігналу (паказвае колькасць даўжынь радыёхваль, якія ўкладваюцца ўздоўж шуканай адлегласці). Выкарыстоўваюцца ў радыёлакацыйных, радыёнавігацыйных, геадэзічных і інш. прыладах.

т. 13, с. 232

РАДЫЁЗО́НД (ад радыё... + зонд),

прылада для вымярэння ціску, т-ры і вільготнасці паветра ў свабоднай атмасферы і перадачы вынікаў вымярэнняў з дапамогай радыёсігналаў на Зямлю. Р. падымаецца на паветр. шары на выш. да 40 км. Далёкасць дзеяння каля 150—200 км. Сканструяваны рас. вучоным П.​А.​Малчанавым у 1930. На Беларусі радыёзандзіраванне свабоднай атмасферы пры дапамозе Р. праводзіцца з 1934.

т. 13, с. 232

РАДЫЁЗО́РКІ,

крыніцы касмічнага радыёвыпрамянення, звязаныя з зоркамі. Тыповая Р. — Сонца. Да Р. адносяцца пульсары, некаторыя ўспыхваючыя зоркі. Рэгіструюць радыёвыпрамяненне, якое ўзнікае, напр., пры ўспышках чырв. карлікаў і новых зорак, а таксама ў рэнтгенаўскіх і падвойных зорках.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

РАДЫЁКО́МПАС,

самалётны радыёпеленгатар для аўтам. пеленгацыі наземных перадавальных радыёстанцый. Гэта прыёмаіндыкатарнае прыстасаванне, якое спалучана з сістэмай сачэння, мае накіраваную рамачную і ненакіраваную штыравую антэны.

У Р. адбываецца складанне сігналаў ад абедзвюх антэн і камутацыя сігналу рамачнай антэны з частатой дапаможнага ’апорнага генератара. пры гэтым напружанне на ўваходзе прыёмніка мадулюецца па амплітудзе. Пры параўнанні напружанняў на выхадах прыёмаіндыкатара і апорнага генератара выпрацоўваецца сігнал памылкі, па якім сістэма сачэння паварочвае рамку ў становішча, адпаведнае напрамку на пеленгаваную радыёстанцыю. Р. можа арыентавацца і на радыёмаяк.

т. 13, с. 232

РАДЫЁЛА,

бытавы радыётэхн. апарат, у якім функцыянальна і канструкцыйна аб’яднаны радыёпрыёмнік і электрафон. Мае агульныя блок сілкавання, узмацняльнік нізкай частаты і акустычную сістэму. Р., сумешчаная з магнітафонам, наз. магнітарадыёла, з тэлевіз. прыёмнікам — тэлерадыёла.

т. 13, с. 232

РАДЫЁЛАКА́ТАР,

скарочаная назва радыёлакацыйнай станцыі.

т. 13, с. 232

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.

Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш. планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.

Літ.:

Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;

Атлас поверхности Венеры. М., 1989.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ ЗДЫ́МКА,

здымка зямной паверхні з дапамогай радыёлакацыйнага зандзіравання. Праводзіцца з самалётаў, касм. лятальных апаратаў і інш., дзе ўстаноўлена радыёлакацыйная апаратура. Пры радыёлакацыйным зандзіраванні адбіты ад зямной паверхні сігнал пераўтвараецца ў відэасігнал і запісваецца на фатаграфічную стужку або перадаецца па радыёканалах на наземныя прыёмныя станцыі. У адрозненне ад фатагр. здымкі Р.з. праводзіцца ў любы час, мае высокую распазнавальную здольнасць, вял. паласу ахопу мясцовасці здымкай, аператыўнасць перадачы інфармацыі. Выкарыстоўваецца для вывучэння цяжкадаступных раёнаў, вызначэння маштабу стыхійных бедстваў, выяўлення ачагоў забруджвання навакольнага асяроддзя, складання тэматычных карт і інш. Гл. таксама Аэрафотаздымка, Касмічная здымка.

Ф.​Е.​Шалькевіч.

т. 13, с. 232

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ СТА́НЦЫЯ, радыёлакатар, радар,

радыёэлектронная сістэма, што забяспечвае знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў (цэлей) і інш. характарыстык з дапамогай адбітых ад іх (выпрамяняемых імі) радыёхваль; сродак радыёлакацыі. Асн. паказчыкі Р.с.: далёкасць дзеяння, дакладнасць вызначэння і вымярэння каардынат цэлей і параметраў іх руху; распазнавальная здольнасць па далёкасці, скорасці і інш. велічынях; перашкодаўстойлівасць; скрытнасць работы і інш.

Першыя Р.с. для выяўлення самалётаў з’явіліся ў Вялікабрытаніі (1936). У СССР вытв-сць Р.с. пачалася ў 1939. У склад Р.с. ўваходзяць: радыёперадатчык; антэна-фідэрная сістэма (гл. Антэна, Фідэр), радыёпрыёмнік; індыкатар, на экране якога фіксуюцца даныя аб аб’екце; кіравальнае прыстасаванне, што ўзгадняе ўзаемадзеянне асн. вузлоў. Атрыманыя даныя апрацоўваюцца на ЭВМ. Далёкасць дзеяння вызначаецца ўмовамі распаўсюджвання радыёхваль, магутнасцю радыёперадатчыка і адчувальнасцю радыёпрыёмніка. Адрозніваюць Р.с. наземныя (перасоўныя і стацыянарныя), карабельныя і бартавыя (на самалётах, ракетах і інш.). Выкарыстоўваюцца для кіравання рухам і пасадкай лятальных апаратаў, вызначэння каардынат аб’ектаў, курсу і скорасці перамяшчэння караблёў, самалётаў і інш., таксама для патрэб астраноміі, геадэзіі, метэаралогіі і інш.

Літ.:

Аверьянов В.Я. Разнесенные радиолокационные станции и системы. Мн., 1978;

Ширман Я.Д., Манжос В.Н. Теория и техника обработки радиолокационной информации на фоне помех. М., 1981.

В.​І.​Вараб’ёў.

Радыёлакацыйная станцыя: а — знешні выгляд; б — структурная схема: 1 — рэфлектар; 2 — выпрамяняльнік; 3 — механізм варочання і нахілу; 4 — паказальнік азімута; 5 — паказальнік вугла месца.

т. 13, с. 232