Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАГНІ́ТНЫ ДЫПО́ЛЬ,

гл. ў арт. Дыполь.

т. 9, с. 482

МАГНІ́ТНЫ ДЫСК,

носьбіт інфармацыі ў выглядзе дыска, на паверхню якога нанесена пакрыццё з магн. ўласцівасцямі. Інфармацыя запісваецца/счытваецца (пры вярчэнні М.д. вакол восі) на канцэнтрычных дарожках з дапамогай блока магнітных галовак чытання/запісу. Бывае здымны (напр., дыскета) і няздымны (вінчэстэр). Выкарыстоўваецца ў знешніх запамінальных прыстасаваннях ЭВМ. На вял. ЭВМ выкарыстоўваюцца стацыянарныя прылады дыскавай памяці вял. ёмістасці (да некалькіх гігабайт).

т. 9, с. 482

МАГНІ́ТНЫ ЗА́ПІС,

спосаб запісу інфармацыі, пры якім эл. сігналы, што нясуць інфармацыю, пераўтвараюцца ў прасторавыя змены астаткавай намагнічанасці магн. пакрыцця носьбіта інфармацыі. Пры М.з. выкарыстоўваюць магнітныя стужкі, магнітныя дыскі, магнітныя барабаны. Ужываюць для запісу гуку (у магнітафонах, дыктафонах), відарысу і яго гукавога суправаджэння (у відэамагнітафонах), запісу тэлевізійных сігналаў, сігналаў вымярэння, кіравання, вылічэння і інш. (у запамінальных прыстасаваннях).

Сістэма М.з. звычайна ўключае канал запісу (узмацняльнік эл. сігналаў, запісвальная магнітная галоўка), носьбіт даных, канал узнаўлення (узнаўляльная магн. галоўка, узмацняльнік эл. сігналаў), механізм перамяшчэння носьбіта і галовах. Пры запісе эл. сігналы ўзмацняюцца, пераўтвараюцца запісвальнай магн. галоўкай у пераменнае магн. поле рассеяння, якое ўздзейнічае на магн. пакрыццё носьбіта, што рухаецца адносна галоўкі, і намагнічваннем яго асобных участкаў стварае дарожку запісу. Пры ўзнаўленні носьбіт рухаецца адносна ўзнаўляльнай магн. галоўкі, яго астаткавы магн. паток наводзіць у абмотцы галоўкі эрс — сігналы, што ўтрымліваюць запісаную інфармацыю. Перавагі М.з. — імгненная гатоўнасць да работы, магчымасць шматразовага выкарыстання носьбіта.

Схема магнітнага запісу: 1 — узмацняльнік сігналаў, што запісваюцца; 2, 4, 5 — магнітныя галоўкі запісу, сцірання і ўзнаўлення; 3 — крыніца падмагнічвальных сігналаў; 6 — узмацняльнік сігналаў, што ўзнаўляюцца (счытваюцца); 7 — носьбіт запісу (магнітная стужка).

т. 9, с. 482

МАГНІ́ТНЫ ЗАРА́Д,

дапаможная фіз. велічыня, якая ўводзіцца пры разліках стацыянарных магн. палёў па аналогіі з эл. зарадам, які стварае эл.-статычнае поле. Напр., пры разліках палёў у ферамагн. целах з нераўнамернай намагнічанасцю ўводзяць паняцце аб’ёмнай і паверхневай шчыльнасці М.з. Рэальная крыніца стацыянарнага магн. поля — стацыянарны эл. ток або пастаянны магніт. Гл. таксама Манаполь магнітны.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ ЛАНЦУ́Г,

сукупнасць крыніц магнітнага патоку, ферамагн. цел і асяроддзяў, якія ствараюць і прапускаюць (накіроўваюць, замыкаюць) магн. паток. Бываюць палярызаваныя (магн. паток ствараецца пастаяннымі магнітамі) і нейтральныя (эл. токам), замкнёныя (магн. паток цалкам праходзіць у ферамагн. целах) і з зазорам (напр., паветраным). З’яўляюцца часткай трансфарматараў, эл. машын, прылад, апаратаў і інш. Гл. таксама Магнітаправод.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ МАНАПО́ЛЬ,

гл. Манаполь магнітны.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ МО́МАНТ,

фізічная велічыня, якая характарызуе магн. ўласцівасці часцінак рэчыва і макраскапічных цел. М.м. плоскага замкнутага контуру з эл. токам — вектар p→m = ISn→ , дзе I — сіла току; S — плошча, абмежаваная контурам; n→ — адзінкавы вектар нармалі, накіраваны перпендыкулярна да плоскасці контуру ў адпаведнасці з правілам правага вінта. Адзінка М.м. ў СІ — ампер-квадратны метр (А∙м²).

М.м. атамаў і малекул абумоўлены прасторавым рухам электронаў (арбітальны М.м.), спінавымі М.м. электронаў (гл. Спін), вярчальным рухам малекул (вярчальны М.м.), а таксама М.м. атамных ядраў (гл. Магнетон). М.м. макраскапічнага цела роўны вектарнай суме М.м. мікрачасціц, з якіх гэтае цела складаецца, і вызначае яго намагнічанасць.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ ПАТО́К, паток магнітнай індукцыі,

паток вектара магнітнай індукцыі праз якую-н. паверхню.

М.п. dΦ праз малы элемент паверхні dS, у межах якога вектар магнітнай індукцыі B→ можна лічыць пастаянным, вызначаецца формулай: dΦ = B→ ∙ dS→ = BdScosα , дзе dS→ = dSn→ , n→ — адзінкавы вектар нармалі да элемента паверхні dS, α — вугал паміж вектарамі B→ і n→. М.п. праз адвольную паверхню S вызначаецца інтэгралам Φ = ∫ (S) B→ ∙ dS→ . Для замкнёнай паверхні гэты інтэграл роўны нулю, што адлюстроўвае саленаідальны характар магнітнага поля. Поўны М.п., звязаны з некаторым эл. контурам (напр., саленоідам), наз. патокасчапленнем. Адзінка М.п. ў СІ — вебер.

Да арт. Магнітны момант.
Да арт. Магнітны паток.

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ ПО́ЛЮС,

частка паверхні намагнічанага цела, на якой нармальная кампанента вектара намагнічанасці адметная ад нуля. М.п., з якога выходзяць сілавыя лініі, наз. паўночным (N) ці дадатным, у які ўваходзяць гэтыя лініі — паўднёвым (5) ці адмоўным. Назвы М.п. уведзены, зыходзячы з напрамку ўстанаўлення стрэлкі магн. компаса ў магн. полі Зямлі: паўн. полюс стрэлкі паварочваецца ў бок геагр. Поўначы (гл. Магнітныя полюсы Зямлі). Аднайменныя М.п. адштурхоўваюцца, разнайменныя — прыцягваюцца.

Магнітныя полюсы (N і S) намагнічанага стальнога стрыжня (лініі са стрэлкамі — магнітныя сілавыя лініі; яны замыкаюцца ў навакольнай прасторы стрыжня).

т. 9, с. 483

МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС,

выбіральнае паглынанне рэчывам эл.-магн. хваль пэўнай частаты, абумоўленае зменай арыентацыі магнітных момантаў часціц рэчыва (электронаў, атамных ядраў).

Энергет. ўзроўні часціцы, якая мае магнітны момант, у знешнім магн. полі расшчапляюцца на магн. падузроўні, кожнаму з якіх адпавядае пэўная арыентацыя магн. моманту адносна поля (гл. Зеемана з’ява). Эл.-магн. поле рэзананснай частаты выклікае квантавы пераход паміж магн. падузроўнямі. Пры паглынанні энергіі ядрамі атамаў назіраецца ядзерны магнітны рэзананс; у парамагнетыках паглынанне энергіі абумоўлена магн. момантамі няспараных электронаў — электронны парамагнітны рэзананс; у магнітаўпарадкаваных рэчывах адрозніваюць ферамагнітны рэзананс, антыферамагнітны рэзананс, ферымагнітны рэзананс. Выкарыстоўваецца для даследавання ўнутр. структуры цвёрдых цел і вадкасцей, для неразбуральнага хім. аналізу, прэцызійных метадаў вымярэння і стабілізацыі магн. палёў, у ферытавых прыладах ЗВЧ, мазерах і інш.

Літ.:

Сликтер Ч.П. Основы теории магнитного резонанса: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 9, с. 483