Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т. л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны П з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.​Ю.​Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).

Л.​Ф.​Кандрацьева.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,

філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

С.​Б.​Рыбакова, Ж.​Я.​Клімуць.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К АМА́ТАРАЎ (Існаваў у Магілёве ў 1897—98) (статут зацверджаны 7.1.1897). Меў на мэце прапагандаваць сярод жыхароў горада муз. і тэатр. мастацтва, садзейнічаць развіццю маст. здольнасцей сваіх членаў, дапамагаць дабрачынным установам. Складаўся з ганаровых і правадз. членаў, членаў-наведвальнікаў і членаў-выканаўцаў (96 чал.). Уключаў вакальны (распарадчык У.​Нячаеў),

інструментальны (С.​Віслоцкі) і драм. (П.​Сухоцін) аддзелы. Члены гуртка наладжвалі літ.-муз. вечары (у т. л. 2.2.1898 прысвечаны М.​Глінку), ставілі спектаклі. Выконваліся арыі з опер муз. класікаў, хары, рамансы, рус. нар. песні; выступалі з меладэкламацыяй, чыталі вершы. Паказаны спектаклі: «Шчаслівы дзень» М.​Салаўёва і А.​Астроўскага, «Шашкі» М.​Крыніцкага, «Прапанова» А.​Чэхава, «Пасткі» А.​Пальма, «Не ў свае сані не садзіся» Астроўскага, камедыя «Сямейныя тайны» Дз.​Азнабішына, вадэвіль «Варона ў паўлінавых пёрах» Кулікова.

Т.​І.​Чаплыгіна.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,

1) навучальная ўстанова ў 1913—18 у Магілёве. Засн. 1.7.1913. Рыхтаваў настаўнікаў вышэйшых пач. вучылішчаў. Прымаліся асобы з сярэдняй адукацыяй. Тэрмін навучання 3 гады. Пераўтвораны ў Магілёўскі пед. ін-т (гл. Магілёўскі універсітэт).

2) Навуч. ўстанова ў 1937—53 пры Магілёўскім пед. ін-це. Рыхтаваў настаўнікаў бел. мовы і л-ры, рус. мовы і л-ры, гісторыі, матэматыкі і фізікі, геаграфіі для 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Аб’яднаны з Магілёўскім пед. ін-там.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Утвораны 2.8.1773 у складзе Магілёўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай, з 23.12.1796 да 27.2.1802 — у Беларускай (з далучэннем часткі Копыскага пав.), з 1807 — у Магілёўскай губ. (з аднаўленнем межаў 1777). З 1861 М.п. падзяляўся на 13 валасцей: Бялыніцкую, Вяйнянскую, Вендаражскую, Княжыцкую, Круглянскую, Нежкаўскую, Палыкавіцкую, Паўлавіцкую, Таўпечыцкую, Царковішчанскую, Цяцерынскую, Чарнаруцкую, Шклоўскую; меў 10 мястэчак: Буйнічы, Бялынічы, Галоўчын, Друцк, Княжыцы, Круглае, Круча, Цяцерын, Шапялевічы, Шклоў. Пл. каля 3425 км² (каля 300 тыс. дзесяцін). Нас. 120,5 тыс. чал. (1885). З 6.10.1919 па 10.8.1920 у М.п. уваходзілі Брадзецкая і Пагосцкая воласці Ігуменскага пав., з 4.5.1922 — Галянёўская, Радамская, Сухарэўская, Чавуская і Чэрнеўская воласці скасаванага Чавускага пав., з 27.6.1922 — Нічыпаравіцкая вол. Горацкага пав., з 14.2.1923 — Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская і Старабыхаўская воласці скасаванага Быхаўскага пав., 9.5.1923 — Даўгамохская воласць Чэрыкаўскага пав. Пасля ўзбуйнення валасцей у 1923 замест 24 іх засталося 15. 17.7.1924 М.п. скасаваны, тэрыторыя падзелена паміж Аршанскай, Калінінскай і Магілёўскай акругамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ ПАЛІ́ТЫКА-АСВЕ́ТНЫ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1932—36 у Магілёве. Засн. на базе культ.-асв. тэхнікума (1930—32). Рыхтаваў бібліятэчных работнікаў, кіраўнікоў маст. самадзейнасці рабочых і калгасных клубаў, нар. дамоў. Ф-ты: бібліятэчны, палітасветны з аддз. масавай работы. Тэрмін навучання 3 гады. На базе ін-та створана Мінская вышэйшая 2-гадовая палітасветная школа (існавала да 1941).

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т,

гл. Магілёўскі універсітэт імя А.​А.​Куляшова.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ ПЕДАГАГІ́ЧНЫ КАЛЕ́ДЖ.

Засн. ў 1923 у Магілёве як пед. тэхнікум. У 1956 да тэхнікума далучана Мінскае дашкольнае пед. вучылішча і ён атрымаў назву Магілёўскае дашкольнае пед. вучылішча. У 1974 вучылішчу прысвоена імя К.​Дз.​Ушынскага. З 1989 вышэйшае пед. вучылішча (каледж) імя Ушынскага. З 1992 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): дашкольнае выхаванне, выкладанне ў пач. класах, выкладанне выяўл. мастацтва і чарчэння. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, на дашкольным аддзяленні і завочнае.

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ ПІВАВА́РНЫ ЗАВО́Д Засн. ў 1865 у Магілёве

(яго уладальнік — купец Лекерт). Размяшчаўся ў мураваным будынку, у 1890 меў 2 паравыя машыны (72 к.с.),

у 1895 — паравы кацёл. У 1913 працавала 50 рабочых. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1961 з магутнасцю 1,4 млн. дал піва за год. У 1966 уведзены ў эксплуатацыю цэх па вырабе соладу магутнасцю 3300 т за год. З 1986 — участак № 1 Магілёўскага з-да напіткаў, з 1997 — цэх № 1 у дзярж. ВА «Магілёўаблхарчпрам».

т. 9, с. 469

МАГІЛЁЎСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1947 у Магілёве як машынабуд. тэхнікум, з 1965 сучасная назва. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): тэхналогія; абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; тэхналогія і абсталяванне зварачнай вытв-сці; машыны і абсталяванне дарожна-буд. комплексу; тэхналогія і канструяванне швейных вырабаў; маркетынг. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 9, с. 469