Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБРО́ЎСКАЕ,

нізіннае балота ў Беларусі, у Івацэвіцкім, Бярозаўскім і Іванаўскіх р-нах Брэсцкай вобл., на вадазборы р. Ясельда. Пл. 22,9 тыс. га. Глыб. торфу да 4,5 м, сярэдняя 1,1 м. Часткова асушанае, выкарыстоўваецца пад сенажаць, збожжавыя і кармавыя культуры; на неасушаных участках пераважаюць хмызнякі, асокі і разнатраўе.

т. 1, с. 40

АБРСКІ́Л,

герой абхазскага гераічнага эпасу. Народжаны ад бязгрэшнай дзевы, Абрскіл хутка стаў непераможным волатам, абаронцам свайго народа.

т. 1, с. 40

АБРУ́Б,

вёска ў Беларусі, у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса імя Кірава. За 8 км на ПдУ ад г. Глыбокае, 200 км ад Віцебска. 321 ж., 117 двароў (1994). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 1, с. 40

АБРУ́Й,

кіраўнік паўстання бяднейшых слаёў насельніцтва ў 6 ст. ў Согдзе супраць мясц. арыстакратыі. Удзельнікі паўстання (вядома таксама як тыранія Абруя) захапілі г. Пайкенд. Многія прадстаўнікі вышэйшай знаці і купецтва ўцяклі ў Сямірэчча і папрасілі дапамогі ў правіцеля цюркаў Кара-Чурына, войскі якога разграмілі паўстанне каля 585. Абруй пакараны смерцю.

т. 1, с. 40

АБРУ́С,

настольнік, настольніца, тканы, вязаны або плецены выраб для засцілання стала. Абавязковы атрыбут традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў (накрывалі стол на святы, уваходзіў у пасаг маладой). Выконваў важную ролю і ў дэкар. афармленні інтэр’ера вясковай хаты. Абрус (даўж. 1,5—2 м, шыр. 1—1,5 м) звычайна складаўся з 1 ці 2 сшытых полак ільняной даматканіны. Упрыгожваўся вышываным, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі, махрамі; полкі часта злучалі паскам карункаў, пазней карункавай прошвай, вязанай кручком. Вылучаюцца святочныя ўзорыстыя абрусы з каляровымі (пераважна чырвонымі) гладкімі ці арнаментальнымі палосамі па краях. У 1930—40-я г. былі пашыраны вышываныя абрусы па плеценай, вязанай або тканай сетцы. Разнастайнасцю арнаменту, дэтальнай распрацоўкай узораў вылучаюцца тонкія льняныя абрусы Віцебшчыны (паўажурныя, з празрыстым вытанчаным малюнкам і сеткавыя, вышытыя раслінным буйнарапортным паліхромным арнаментам). Абрусы Магілёўшчыны з простымі ўзорамі, сціплай каларыстычнай гамаю. Багацце арнаментальных формаў, разнастайнасць сродкаў аздаблення ў абрусах Гомельшчыны. На Тураўшчыне абрусы аздаблялі раслінным арнаментам, вышытым крыжыкам (чырвона-чорнымі ніткамі) і яркай паліхромнай гладдзю. Дасканаласць прыёмаў аздаблення, тонкасць малюнка характэрны для неглюбскіх, калінкавіцкіх, лоеўскіх, нараўлянскіх абрусаў. У Зах. Палессі вылучаюцца тонкія драгічынскія абрусы, тканыя з высакаякаснага адбеленага кужалю, паўажурныя камянецкія, іванаўскія абрусы, дэкарыраваныя ляхавіцкія абрусы, уся паверхня якіх заткана сакавітымі чырвонымі палосамі ўточных прокідак з шырокім шлякам па краі. Белае поле мотальскіх абрусаў падзелена каляровымі ніткамі асновы і ўтку на клеткі і палоскі з дадаткам некалькіх радоў раслінна-геаметрызаванага арнаменту. Тканыя абрусы Панямоння і цэнтр. Беларусі стрыманыя па каларыце (пераважаюць серабрыстыя адценні шэрага і адбеленага кужалю). Бытавалі разнастайныя па тэхніцы ажурныя сеткавыя абрусы.

В.Я.Фадзеева.

т. 1, с. 40

АБРУ́СНЫ,

асоба пры двары вял. князя ВКЛ, якая наглядала за сталовай бялізнай, у прыватнасці за абрусамі. З 16 ст. абрусны — ганаровае званне.

т. 1, с. 40

АБРУ́ЦА

(Abruzzo),

нацыянальны парк у Італіі, у Абруцкіх Апенінах. Засн. ў 1923. Пл. больш за 29 тыс. га. Выш. да 2247 м над узр. м. Высакагорныя ландшафты, ледавікі, унікальныя геал. аб’екты, альпійская флора і фауна: асаковазлакавыя камяністыя альпійскія лугі, зараснікі рададэндрану; водзяцца воўк, мядзведзь, рысь, серна і інш. млекакормячыя.

т. 1, с. 40

АБРУ́ЦЫ

(Abruzzi),

адм. вобласць Італіі, на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора. Падзяляецца на правінцыі Л’Акуіла, К’еты, Пескара, Тэрама. Адм. ц.г. Л’Акуіла. Пл. 10,8 тыс. км². Нас. 1620 тыс. чал. (1993).

Узбярэжжа раўніннае, на З — Абруцкія горы (г. Корна, 2914 м). Клімат і расліннасць міжземнаморскага тыпу. Вобласць аграрная. Гал. культуры: пшаніца, кукуруза, цукр. буракі, бульба, на ўзбярэжжы — аліва, вінаград, цытрусавыя і інш. На горных пашах авечкагадоўля. Цукр., вінаробная, алейная, тытунёвая, хім., маш.-буд., электронная прам-сць. Развіта рыбалоўства.

т. 1, с. 40

АБРЫКО́С

(Armeniaca),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. Вядома 10 відаў, пераважна ў Азіі. На Беларусі культывуецца абрыкос звычайны (A. vulgaris), абрыкос маньчжурскі інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам АН Беларусі як дэкар. расліна.

Дрэва выш. да 8 м. Засухаўстойлівая, цепла- і святлолюбівая расліна. Лісце эліпса- або яйцападобнае. Кветкі белыя, ружаватыя, распускаюцца раней за лісце. Меданос. Плод — мясістая касцянка, мае цукры, арган. к-ты, вітаміны; сушаныя плады — урук, курага. Ва ўмовах Беларусі пладаносіць 7—8 разоў за 10 гадоў, па 20—30 кг з дрэва, жыве да 40 гадоў, пач. плоданашэння на 4—5-ы год. Размнажаецца насеннем, сарты і формы — прышчэпкамі. Плады маюць радыепратэктарныя ўласцівасці, карысныя пры захворваннях сардэчна-сасудзістай сістэмы, печані, нырак. Сарты: Пінскі, Знаходка, Спадчына, Памяці Шаўчука. Асн. хваробы: парша костачкавых і клястэраспарыёз.

т. 1, с. 41

АБРЫКО́САЎ Аляксей Іванавіч

(18.1.1875, Масква — 9.4.1955),

рус. патолагаанатам. Акад. АН СССР (1939) і АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1945). Чл.-кар. Польскай АН. Скончыў Маскоўскі ун-т (1899). У 1920—53 праф. 1-га Маскоўскага мед. ін-та, адначасова ў 1944—51 дырэктар Ін-та нармальнай і паталагічнай марфалогіі АМН СССР. Працы па марфалогіі туберкулёзу, алергічных рэакцыях, сепсісе, ранавай інфекцыі, паталогіі вегетатыўнай нерв. сістэмы. Дзярж. прэмія СССР 1942.

Тв.:

Основы общей патологической анатомии. 9 изд. М., 1949;

Основы частной патологической анатомии. 4 изд. М., 1950.

т. 1, с. 41