Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КРАСІ́НСКІ (Мікалай Фаміч) (1891, г. Вілейка Мінскай вобл. — 23.11.1938),

бел. тэатр. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1922—24 настаўнік Бел. гімназіі ў Вільні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай драматычнай майстроўні, дзе ў 1922 паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.​Караленкі.

Працаваў у Наркамасветы БССР. З 1925 нам. старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатр. падсекцыі Інбелкульта. У 1926—28 дырэктар БДТ-2, з 1928 — Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ. Для зб. «Беларускае мастацтва» падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва Зах. Беларусі. У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Шадрынск (Расія). У 1938 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960.

Літ.:

Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969.

У.​В.​Мальцаў.

т. 8, с. 455

КРАСІ́ЦКІ ((Krasicki) Ігнацы) (3.2.1735, в. Дубецка, Польшча — 14.3.1801),

польскі пісьменнік; прадстаўнік эпохі Асветніцтва. Вучыўся ў Львове, Варшаве, Рыме. З 1766 біскуп вармінскі, з 1795 арцыбіскуп гнезненскі. Першы твор — іроікамічная паэма «Мышаіда» (1775) — бліскучая сатыра на сярэдневяковую гістарыяграфію і культ «рыцарскай доблесці». У паэмах «Манахамахія» (1778), «Антыманахамахія» (1780) крытыкаваў духавенства. У вершаваных цыклах «Сатыры» (1779, 1784) выкрываў сарматызм польскай шляхты, яе бяздумнае нізкапаклонства перад усім чужаземным; творы вылучаюцца трапнасцю аўтарскіх назіранняў, лёгкасцю паэт. формы. Асветніцкі скептыцызм К. выявіўся ў лапідарных «Байках і прытчах» (1779). У першым польск. асветніцкім рамане «Прыгоды Мікалая Дасвядчынскага» (1776) стварыў свой ідэал чалавека і дзяржавы. Раман «Пан Падстолі» (ч. 1—3, 1778—1801) — своеасаблівая энцыклапедыя польск. рэчаіснасці 2-й пал. 18 ст. Аўтар філас. аповесцей («Гісторыя», 1778), энцыклапедыі «Збор патрэбных ведаў» (т. 1—2, 1781—83), камедый, гісторыка-літ. трактатаў, од, гімнаў, фрашак, літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

Pisma wybrane. T. 1—4. Warszawa, 1954;

Рус. пер. — Избр. произв. М., 1951.

Літ.:

Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;

Dworak T. Ignacy Krasicki. Warszawa, 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 456

КРА́СКАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік палацава-паркавай архітэктуры. Сфарміравалася ў 19—20 ст. у в. Краскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. на беразе р. Зальвянка. Уключае палац у рэтраспектыўна-замкавым стылі, шэраг драўляных і мураваных пабудоў і пейзажны парк са ставам. Палац складаецца з драўлянага 1-павярховага корпуса (1839) і прыбудаванага да яго 2-павярховага мураванага аб’ёму (1905). Верт. дамінанты — круглая і квадратная ў сячэнні вежы з зубчастымі парапетамі і флюгерамі. Гал. ўваход аформлены высокім ганкам і стральчатым парталам з 4 вуглавымі пінаклямі. У дэкоры выкарыстаны разнастайныя абрамленні аконных праёмаў са стральчатымі і паўцыркульнымі завяршэннямі, прафіляваныя карнізы з сухарыкамі, балюстрада, філёнгі і інш. Парк пейзажнага тыпу (пл. 3 га) складаецца з 3 частак: партэрнай перад палацам, пейзажнай на паўд.-ўсх. схіле ўзгорка і хваёвага лесапарку на ўзгорку. У планіроўцы адкрытыя паляны з курцінамі і прагулачныя алеі. У парку расце больш за 30 відаў дрэў і кустоў, у т. л. хвоя веймутава. лістоўніца еўрапейская, воцатнае дрэва, акацыя і інш.

А.​М.​Кулагін.

Краскаўская сядзіба.

т. 8, с. 456

КРАСКО́ (Валянцін Ягоравіч) (н. 27.9.1930, в. Прамыслы Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1991). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1955). У 1968—89 і 1991—94 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па аптымізацыі працэсаў кармлення с.-г. жывёлы.

Тв.:

Новое в кормлении крупного рогатого скота (у сааўт.) // Сельскохозяйственная наука — производству. Мн., 1986;

Справочник по приготовлению, храпению и использованию кормов. 2 изд. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 8, с. 456

КРАСКО́ЎСКІ (Георгій Васілевіч) (н. 16.4.1934, Мінск),

бел. вучоны-анкагенетык. Д-р мед. н. (1973), праф. (1980). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1963 у Ін-це генетыкі і цыталогіі, з 1996 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па генетыцы і імуналогіі рака, пратэкцыі і рэпарацыі індуцыраваных генет. і анкагенных пашкоджанняў.

Тв.:

Раковая анергия: Иммуногенетич. механизмы // Проблемы генетики. Мн., 1994;

Изучение протекции и репарации индуцированных уретаном и γ-облучением онкогенных и генетических повреждений (у сааўт.) // Дскл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 2.

т. 8, с. 456

КРАСКО́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (24.6.1880, в. Дубічы Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Польшча — 23.8.1955),

бел. паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у Кіеве ў Земсаюзе. Быў чл. Бел. сацыяліст. грамады, Бел. с.-д. партыі. Прадстаўляў бел. нац. арг-цыі на з’ездзе народаў (Кіеў, вер. 1917). У 1918 уваходзіў у склад урада Украінскай Нар. Рэспублікі, яе пасол у Грузіі. З 1920 старшыня Бел. нац. к-та ў Вільні. З 1922 дырэктар Дзвінскай (г. Даўтаўпілс) дзярж. бел. гімназіі. З 1925 у Мінску, працаваў у БДУ, Інбелкульце, Бел. АН, старшыня сац.-культ. секцыі і чл. прэзідыума Дзяржплана БССР. З 1930 у Маскве ў Дзяржплане СССР. 8.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Самару. 4.11.1937 зноў арыштаваны, 19.3.1940 вызвалены. Пасля Вял. Айч. вайны выехаў да сваякоў у Чэхаславакію. Рэабілітаваны ў 1988.

М.​М.​Клімовіч, У.​М.​Міхнюк.

т. 8, с. 456

КРАСНАВО́ДСКІ ЗАЛІ́Ў,

у паўд.-ўсх. ч. Каспійскага м., аддзелены ад мора Краснаводскай і Паўн. Чэлекенскай косамі. Даўж. 46 км, шыр. каля ўвахода 18 км. Глыб. да 5—6 м. Берагі зрэзаны шматлікімі залівамі і бухтамі. Салёнасць 12,8—16​0/00. Суднаходства. Порт — Туркменбашы.

т. 8, с. 456

КРАСНАГАЛО́ВЫ (Барыс Мікалаевіч) (н. 1.3.1926, станіца Старацітараўская Тэмрукскага р-на Краснадарскага краю. Расія),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1976). Скончыў Ленінградскі электратэхнічны ін-т (1953). У 1964—70 у Мінскім радыётэхн. ін-це, у 1975—96 у БДУ. Навук. працы па электронных прыладах адлюстравання інфармацыі, варактарных памнажальніках частаты, пераўтваральніках кодаў.

Тв.:

Преобразователи кодов. Мн., 1983 (разам з Б.​М.​Шпілевым);

Качество изображения в электронных устройствах отображения информации. Мн., 1990 (разам з І.​І.​Задубоўскім).

т. 8, с. 456

КРАСНАГО́РСКІ (Мікалай Іванавіч) (8.7.1882, С.-Пецярбург — 2.8.1961),

савецкі фізіёлаг і педыятр, акад. АМН СССР (1945). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію. (1908). Вучань І.П.Паўлава. Навук. працы па вышэйшай нерв. дзейнасці. Выкарыстоўваў метад умоўных рэфлексаў для вывучэння функцый мозга. Даследаваў узаемадзеянне сігнальных сістэм, тармазныя ўмоўныя рэфлексы, комплексную дзейнасць кары вял. паўшар’яў мозга. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Высшая нервная деятельность ребенка. Л., 1958.

т. 8, с. 456

КРАСНАДА́Р,

горад у Расіі. цэнтр Краснадарскага краю, на правым беразе р. Кубань. Засн. ў 1793 як крэпасць, да 1920 наз. Екацярынадар. 650 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (рысаўборачныя камбайны, станкі, малагабарытныя аўтобусы, с.-г. машыны, кампрэсары. радыё- і эл.-вымяральныя прылады, рачныя судны і інш.), нафтаперапр., хім. (пластмасавыя, гумава-тэхн. і хім. вырабы), буд. матэрыялаў, лёгкая (камвольна-суконная, баваўняная, гарбарная, трыкат., швейная), харчасмакавая, дрэваапр. (мэбля і інш.), фарфора-фаянсавая, мікрабіялагічная. НДІ. 6 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты. 3 т-ры (драм., аперэты, лялек). Філармонія. Цырк. Музеі: маст., гіст.-археал. музей-запаведнік.

Літ.:

Бардадым В.П. Этюды о прошлом и настоящем Краснодара. Краснодар, 1978;

Климат Краснодара. Л., 1990.

Краснадар. Мастацкі музей.

т. 8, с. 456