Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КО́РБУТ (Вольга Валянцінаўна) (н. 16.5.1955, г. Гродна),

бел. спартсменка (спарт. гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1972). Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1977). Чэмпіёнка XX і XXI Алімп. гульняў (1972, г. Мюнхен, Германія, і 1976, г. Манрэаль, Канада) у камандным першынстве, у асабістым заліку — у вольных практыкаваннях (1972) і на гімнастычным бервяне (1972, 1976); сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах (1972). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве і ў апорным скачку, сярэбраны прызёр у практыкаваннях на брусах, гімнастычным бервяне і вольных практыкаваннях (1974, г. Варна, Балгарыя). Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы ў асабістым першынстве (1973, Лондан). Абсалютная чэмпіёнка Спартакіяды народаў СССР (1975), СССР (1975), Чэмпіёнка СССР у камандным першынстве (1971, 1975), у апорным скачку (1970, 1974), у практыкаваннях на брусах (1974, 1976). У 1972 прызнана лепшай спартсменкай свету. З 1991 жыве ў г. Атланта (ЗША), утрымлівае гімнастычную акадэмію. Прэзідэнт чарнобыльскага фонду пры шпіталі г. Сіэтл (ЗША). Ганаровая грамадзянка г. Атланта.

В.В.Корбут.

т. 8, с. 417

КО́РБУТ (Пётр Юльянавіч) (29.9.1908, г. Пінск Брэсцкай вобл. — 4.2.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію механізацыі і матарызацыі Чырв. Арміі (1941). З 1931 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд., 4-м Укр. франтах. Камандзір танк. брыгады палкоўнік К. вызначыўся ў лютым 1944 у прарыве варожай абароны на Нікапальскім плацдарме (Украіна). Загінуў у баі.

П.Ю.Корбут.

т. 8, с. 417

«КО́РВІН»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталіся каля 80 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Бянкоўскія, Дмахоўскія, Каханоўскія, Крукоўскія, Урублеўскія. Мае ў чырв. полі выяву крумкача, які сядзіць на бервяне з адсечанымі 4 сукамі і трымае ў дзюбе пярсцёнак. Клейнод — на прылбіцы з каронай тры страусавыя пёры. Герб «К.» адгалінаваўся ў пач. 16 ст. ад герба «Слепаўрон».

Герб «Корвін».

т. 8, с. 417

КО́РВІН Мацвей, гл. Матыяш Хуньядзі.

т. 8, с. 418

КО́РВІН-КРУКО́ЎСКАЯ (Жаклар) Ганна Васілеўна

(18.10.1843, Масква — 14.9.1887),

расійская пісьменніца, дзеяч міжнар. сацыяліст. руху. Сястра С.Кавалеўскай. Паходзіла з бел. шляхецкага роду. Першыя апавяданні надрукавала ў 1864 у час. Ф.​М.​Дастаеўскага «Эпоха». З 1867 у Пецярбургу, зблізілася з членамі рэв. арг-цый. З 1869 жыла ў Германіі, Францыі, выйшла замуж за франц. рэвалюцыянера Ш.​В.​Жаклара. Чл. Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, вяла перапіску з К.​Марксам, пераклала на франц. мову ўрыўкі з т. 1. «Капітала». Удзельніца Парыжскай камуны 1871, прымала ўдзел ў рабоце К-та пільнасці, чл. ЦК Саюза жанчын, заснавальніца і карэспандэнт газ. «La socialiste» («Сацыялістка»). Пасля паражэння Парыжскай камуны жыла ў Швейцарыі, Расіі, займалася літ. дзейнасцю. У 1886—87 свае апавяданні друкавала ў час. «Северный вестник».

І.​М.​Масляніцына.

т. 8, с. 418

КОРД,

сякучая зброя блізкага бою з адналязовым простым або злёгку выгнутым клінком; пераходны варыянт ад мяча да шаблі. Быў пашыраны ў сярэдневяковай Зах. Еўропе. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 15—17 ст., калі стаў уваходзіць у баявы рыштунак шляхецкага войска. Пазней доўга заставаўся асабістай зброяй дробнай шляхты. У пісьмовых крыніцах 16—18 ст. К. часта называлі сякучую зброю з доўгім клінком. На Беларусі цэлы К. знойдзены археолагамі каля Ліды.

Г.​М.​Сагановіч.

Корд з Ліды. 15 ст.

т. 8, с. 418

КОРД (ад франц. corde вяроўка, шнур),

1) кручаная трывалая нітка з хім. (часам баваўняных) валокнаў. Выкарыстоўваецца пры вырабе аўтамаб., авіяц. і інш. пакрышак, прагумаваных тэкстыльных вырабаў.

2) Шарсцяная тканіна асаблівай будовы, якая стварае на вонкавай паверхні падоўжныя рубчыкі шырынёй каля 3—8 мм. Выкарыстоўваецца для абіўкі сядзенняў аўтамабіляў, пашыву верхняга адзення і інш.

т. 8, с. 418

КО́РДАВА (Córdoba),

горад у цэнтр. ч. Аргенціны. Адм. ц. прав. Кордава. Засн. ў 1573. 1294 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (аўтамабілі, самалёты), металургічная, металаапр., хім., харчасмакавая (у т. л. мукамольная, спірта-гарэлачная), мылаварная, гарбарна-абутковая. 3 ун-ты, у т. л. старэйшы ў Аргенціне (з 1613). Музеі: бат. і прыгожых мастацтваў. Арх. помнікі 17—18 ст.

т. 8, с. 418

КО́РДАВА (Córdoba),

горад на Пд Іспаніі, на р. Гвадалквівір, у аўт. вобл. Андалусія. Адм. ц. прав. Кордава. 300 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Рачны порт. Аэрапорт. Буйны цэнтр медзеплавільнай прам-сці. Эл.-тэхн. і с.-г. машынабудаванне, харчасмакавая (вінаробства, цукр., мукамольная, алейная), тэкст. прам-сць. Ун-т. Музеі выяўл. мастацтва, археалагічны.

Вядома з часоў фінікійскай каланізацыі. Паводле стараж.-грэч. гісторыка Страбона, была цэнтрам племя турдзетанаў. У 2-ю Пунічную вайну (218—201 да н. э.) захоплена рымлянамі. У часы праўлення Аўгуста гал. горад прав. Бетыка. Пасля распаду Рым. імперыі пад уладай вандалаў, Візантыі, вестготаў (з 572), арабаў (з 711). З 756 сталіца Кардоўскага эмірата, з 929 Кардоўскага халіфата; росквіт у часы праўлення Абдарахмана III [912—961]. У 8—10 ст. адзін з еўрап. цэнтраў навукі, культуры і мусульм. мастацтва («Мекка Захаду», «Горад цудаў»); развіваліся рамёствы (ювелірнае, керамічнае, выраб скур). Пасля распаду Кардоўскага халіфата (1031) захавала самастойнасць да 1070, пазней уладанне эміра Севільі. У час Рэканкісты з 1236 пад уладай кастыльскіх каралёў.

Захаваліся нерэгулярная планіроўка цэнтра, невысокія атынкаваныя дамы маўрытанскай эпохі з глухімі фасадамі і азялененымі паціо. Арх. помнікі: стараж.-рым. мост, араб. вежа Калаора (перабудавана ў 1369), сабор (да 1236 — Вял. мячэць, пачата ў 785; уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), цэрквы Сан-Пабла (1241), Сан-Ніколас (13—16 ст.), манастыра Кармэн Кальсада (1580, стыль мудэхар), сінагога (1315), ратуша (1594—1631, стыль эрэрэска), рэнесансавыя палацы, парадныя ансамблі плошчаў 18 ст. У К. правінцыяльныя музеі прыгожых мастацтваў і археалагічны.

Літ.:

Никитюк О.Д. Кордова, Гранада, Севилья — древние центры Андалусии. М., 1972.

Сабор (б. Вялікая мячэць) у Кордаве.

т. 8, с. 418

КОРЖ, праснак,

у беларусаў даўняе мучное прэснае печыва. На К. звычайна бралі жытнюю муку, крута замешвалі на вадзе або сыроватцы, дадавалі соль, соду. Пяклі на чарэні або на патэльні тоўстым блінам. Спажывалі замест хлеба, а таксама ў пост, на памінках. Часам кавалкі К. залівалі смятанай або тоўчанымі ягадамі. У наш час К. — здобнае, салодкае печыва з пшанічнай мукі на малацэ.

т. 8, с. 418