Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КЛЕ́ЦКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Заходне-Беларускай правінцыі ў Мінскай вобл. Мяжуе з Капыльскай градой на Пн, Баранавіцкай раўнінай на З, Прыпяцкім Палессем на Пд, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай на У. Выш. 160—200 м, найб. 228 м (на З раўніны).

Фарміраванне К.р. звязана з эразійна-акумуляцыйнай дзейнасцю сожскага ледавіка і яго расталых водаў. У будове раўніны ўдзельнічаюць марэнныя валунныя супескі і суглінкі, перакрытыя маламагутным покрывам з лёсападобных суглінкаў. Паверхня плоска- і спадзістахвалістая з асобнымі дэнудаванымі марэннымі ўзгоркамі, схілы якіх спадзістыя (стромкасць 5—7°), вяршыні выпуклыя. Ваганні адносных вышынь 5—7 м, радзей да 10 м. Пласкадонныя лагчыны, часта з забалочанымі і затарфаванымі днішчамі (шыр. да 1 км, трапляюцца праз 1,5—2 км) расчляняюць паверхню. Глебы дзярнова-палева-падзолістыя супясчаныя, у далінах рэк Лань і Морач алювіяльныя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі лясоў: хваёвыя, шыракаліста-яловыя, дубровы.

т. 8, с. 333

КЛЕ́ЦКІ (Вініцій Іосіфавіч) (25.12.1929, в. Малінава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. —7.11.1993),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1979), праф. (1983). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1951). З 1955 у Ін-це эканомікі АН Беларусі. Даследаваў праблемы арг-цыі кіравання нар. гаспадаркай, удасканалення гасп. механізмаў, планавання і эканам. стымулявання вытв-сці.

Тв.:

Фонды коллективного стимулирования. Мн., 1968;

Образование и использование фондов поощрения внутризаводских подразделений. Мн., 1971 (разам з Г.​А.​Рысінай);

Материальное стимулирование производственных коллективов в промышленности. Мн., 1976.

т. 8, с. 333

КЛЕ́ЦКІНА Б.А. ВЫДАВЕ́ЦТВА,

прыватнае выдавецтва ў Вільні ў 1913—37. Засн. Б.​А.​Клецкіным. Выдавала л-ру на бел., польск. і яўр. мовах. У 1921—31 існаваў бел. аддзел, які меў сваю эмблему з выявай сейбіта; выдадзена 30 арыгінальных і перакладных кніг. Упершыню выдадзена аповесць Я.​Коласа «У палескай глушы» (1923), перавыдадзены яго кнігі «У глыбі Палесся», «Казкі жыцця» і інш., паэт. зб-кі «Шляхам жыцця» Я.​Купалы, «Вянок» М.​Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі «Тарас Бульба» М.​Гогаля, «Для дзяцей» (выбранае) Л.​Талстога, «Алеся» А.​Купрына, «Сляпы музыка» У.​Караленкі, «Прынц і жабрак» М.​Твена, «Ірландскія народныя казкі» С.​Макмануса. Сярод выданняў — кнігі зах.-бел. літаратараў Я.​Нарцызава (Я.​Драздовіча), Б.​Друцкага-Падбярэскага, Я.​Пачопкі, бел. падручнікі па гісторыі л-ры М.​Гарэцкага, геаграфіі А.​Смоліча, матэматыцы С.​Рака-Міхайлоўскага, Р.​Астроўскага, А.​Гурскага, чытанкі Л.​Гарэцкай, А.​Смоліч, «Падручны беларуска-польскі слоўнік» Друцкага-Падбярэскага, «Расказы аб вялікіх падзеях розных часоў і народаў» М.​Рубакіна і інш.

А.​С.​Ліс.

т. 8, с. 334

КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,

комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.

Літ.:

Пазднякоў В.С. Умацаванні Клецка XI—XVIII стст. // Гіст.-археал. зб. Мн., 1993. № 2.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 334

КЛЕ́ЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1961 у г. Клецк Мінскай вобл. як школьны, з 1979 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 194 м², больш за 4,6 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў посуд, касцяныя грабеньчыкі 11—17 ст., шкляныя бранзалеты 12—13 ст., кафля 16—17 ст. з археал. раскопак на тэр. раёна, зброя 18 — пач. 20 ст., матэрыялы пра ўдзел жыхароў у грамадз. вайне, пра барацьбу за сац. і нац. вызваленне ў Зах. Беларусі, пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, успаміны А.Іверса, творы жывапісу, кнігі з аўтографамі К.​Крапівы, Г.​Гарэцкага і інш., прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., нар. муз. інструменты, калекцыі нар. адзення, тканін, вырабаў мясц. пляцення і керамікі. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі нар. творчасці мясц. умельцаў, нар. строяў, прац мясц. мастакоў, прысвечаных клецкім Радзівілам, развіццю пісьменнасці і друку і інш.

Д.​М.​Чорны.

т. 8, с. 333

КЛЕ́ЦКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д.

Засн ў 1896 у в. Радзівілімонты (цяпер в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на Мінскай вобл.). Вырабляў патаку, крухмал, спірт, павідла, кансерваваныя агуркі. У 1939 рэканструяваны. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як крухмала-патачны камбінат «Чырвоная Зорка». У 1953 перайменаваны ў клецкі кансервавы завод «Чырвоная Зорка». У 1961—75 на яго базе ў г. Клецк пабудаваны кансервавы завод з цэхамі агульных кансерваў і дзіцячага харчавання. З 1976 кансервава-вінаробны з-д. Сучасная назва з 1987. Аск. прадукцыя (1998) — кансервы дзіцячага харчавання (да 65 назваў) і агульныя (агароднінныя і пладова-ягадныя кансервы, марынады, соусы, сокі, кампоты, джэмы і інш.).

т. 8, с. 333

КЛЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г. Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.​К.​Радзівіла, Е.​Булгака і А.​Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.

Т.​В.​Габрусь.

Клецкі касцёл дамініканцаў.

т. 8, с. 333

КЛЕ́ЦКІ МЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1969 у г. Клецк Мінскай вобл. як філіял Мінскага прыладабуд. з-да імя Леніна. У 1979 і 1983 уведзены ў эксплуатацыю новыя вытв.-адм. і вытв. будынкі. З 1998 даччынае прадпрыемства адкрытага акц. т-ва «Мінскі прыладабудаўнічы завод». Асн. прадукцыя (1998): эл. прылады для прамысл. і бытавых мэт (электракіпяцільнікі, электрапрасы, электраводанагравальнікі, трубчастыя электранагравальнікі і інш.).

т. 8, с. 334

КЛЕ́ЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 30.7.1966. Плошча 1 тыс. км². Нас. 40,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 26%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 41 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Клецк. 95 сельскіх населеных пунктаў. 12 сельсаветаў: Галынкаўскі, Грыцэвіцкі, Даматканавіцкі, Заастравецкі, Зубкаўскі, Кухчыцкі, Морацкі, Нагорнаўскі, Сіняўскі, Тучанскі, Чырваназоркаўскі, Шчэпіцкі.

Паўн. ч. раёна занята Капыльскай градой, цэнтральная — Клецкай раўнінай, паўд. ч. заходзіць у межы Палескай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Пераважаюць выш. 150—180 м, найвыш. пункт 232 м (на Пн ад в. Ліскава). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-ра студз. -6,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. З Пн на Пд тэр. раёна перасякае р. Лань з прытокамі Нача, Цапра, Балванка. На ПдУ р. Морач з вял. вадасх. Чырвонаслабодскім, на Пд вадасх. Лактышы. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя (71,1%) глебы. Лясы займаюць 25% тэрыторыі, з іх 29,1% — штучныя насаджэнні. Найб. лясныя масівы на Пд: Колкаўскі, Хомінкаўскі, Варонінскі, пераважна хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Рэсп. значэння біял. заказнік Колкаўскі і помнікі прыроды Радзівілімонтаўскі парк, дуб (узрост 420 гадоў) у Навінкаўскім лясніцтве.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 48,6 тыс. га, з іх асушаных 18,1 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 15 калгасаў, 2 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, буракаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (вытв-сць масла, пладова-агароднінных кансерваў, сокаў, дзіцячага харчавання), мэблевай, лёгкай, камбікормавай і лясной прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла). Па тэр. раёна праходзяць чыг. Асіповічы—Баранавічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Нясвіж—Лунінец. У раёне 23 сярэднія, базавая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., маст. школы, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 27 клубаў, 42 б-кі, 5 бальніц, паліклініка, 4 амбулаторыі, 19 фельч.-ак. пунктаў. Клецкі гісторыка-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква і капліца (2-я пал. 19 ст.) у в. Бабічы; царква з брамай-званіцай (1-я пал. 19 ст.) і свіран (1811) у в. Галынка; ветраны млын (пач. 20 ст.), сядзіба (19—20 ст.) у в. Даматканавічы; царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ёдчыцы; 2 царквы (2-я пал. 19 ст.) у в. Заастравечча; царква і званіца (19—20 ст.) у в. Межная Слабада; паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.) у в. Сіняўка; сядзіба (1909) у в. Стралкава; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) і царква (19—20 ст.) у в. Туча; Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс (1780—83) у в. Чырвоная Зорка; ветраны млын (19—20 ст.) у в. Шэйкі; сядзіба (1-я пал. 19 ст.) у в. Янавічы. Выдаецца газ. «Да новых перамог».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 334

КЛЕ́ЦКІ ФА́РНЫ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ Існаваў у 16—1-й пал. 20 ст. ў г. Клецк Мінскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. У 1560-я г. М.​Радзівіл Чорны перадаў храм кальвіністам. Тут з пратэстанцкімі пропаведзямі выступаў бел. гуманіст С.​Будны. Пры Альбрыхце II Радзівіле (маршалак ВКЛ і ўладальнік Клецка) зноў перададзены католікам. У 1607 асвячоны біскупам віленскім Ю.​Радзівілам. Узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі. Аднанефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём і 5-гранная апсіда завяршаліся агульным дахам. Да паўн. сцяны прэсбітэрыя прылягала невял. 2-павярховая сакрысція, на 2-м паверсе якой была скарбніца. Да гал. фасада была прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (ніжні ярус чацверыковы, астатнія васьмерыковыя) з арачнымі аконнымі праёмамі, упрыгожаная нішамі і філёнгамі, завершаная купалам. У інтэр’еры разныя алтары, скульптура. Пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, узарваны ў 1950-я г. (захавалася ч. зах. сцяны).

Т.​В.​Габрусь, А.​М.​Кушнярэвіч.

т. 8, с. 334