Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІМ ІР СЕН (сапр. Кім Сон Чжу; 15.4.1912, г. Пхеньян — 8.7.1994),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Генералісімус КНДР (1992). У 13-гадовым узросце эмігрыраваў з бацькамі ў Паўн.-Усх. Кітай, дзе ў 1931 уступіў у кіт. камуніст. партыю. У 1932 арганізаваў кар. партыз. атрады, на чале якіх ваяваў супраць яп. акупац. войск у Паўн.-Усх. Кітаі і Паўн. Карэі. У 1941 адступіў на тэр. СССР. У 1945 разам з сав. войскамі прыбыў у Карэю. У 1945—46 адказны сакратар паўн.-кар. Аргбюро Камуніст. партыі Карэі, у 1946—49 нам. старшыні ЦК Прац. партыі Паўн. Карэі, адначасова ў 1946—48 старшыня Часовага нар. к-та (з 1947 Нар. к-та) Паўн. Карэі. У 1948—72 старшыня Кабінета міністраў КНДР, у 1972—94 прэзідэнт КНДР. Адначасова з 1949 старшыня, з 1966 ген. сакратар ЦК Прац. партыі Карэі. У 1950—93 старшыня К-та абароны КНДР (да 1972 Ваен. к-т КНДР), адначасова вярх. галоўнакамандуючы (1950—94).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1987.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 262

КІМ ТЭ ЧЖУН (н. 3.12.1925, г. Мопкха, Карэя),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў ун-т Кенхі. Чл. Новай дэмакр. партыі, кандыдат ад яе на прэзідэнцкіх выбарах 1971. Выступаў супраць аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі, неаднаразова быў арыштаваны. Пасля забойства апошняга як адзін з лідэраў апазіцыі асуджаны на пакаранне смерцю (заменена на пажыццёвае зняволенне). Вызвалены ў 1982, выехаў у ЗША. У 1985 вярнуўся на радзіму, разам з Кім Ен Самам (да 1987) узначальваў рух за дэмакратызацыю краіны. У 1991—92 лідэр Дэмакр. партыі. З 1998 прэзідэнт Рэспублікі Карэя.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 262

КІМ ХАНДО́ (псеўд. Тан Вон, Тан Гу, Са Нын, Камін, Каса Сахо, Кадза; 1760, Карэя — 1820),

карэйскі жывапісец. Рабіў партрэты, пейзажы і жанравыя кампазіцыі на тэмы нар. жыцця ў традыцыях нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі, выкарыстоўваў вопыт еўрап. мастацтва. Творам уласцівы лінейна-графічная манера, вастрыня жыццёвых назіранняў: «Вадаспад дзевяці драконаў», «Скалы ў моры», «Вяртанне кітайскага навукоўца Му-і», «Месяц над кустамі», «Хлопчык іграе на флейце», 2 альбомы «Пейзажы, ажыўленыя персанажамі, жывёламі і птушкамі», аўтапартрэт, васьмістворкавая шырма «Групавая выява бессмяротных» і інш.

Кім Хандо. Вадаспад дзевяці драконаў. Канец 18 ст.

т. 8, с. 262

КІМ ЧЭН ІР (н. 16.2.1942, паводле афіц. звестак лагер кар. партызан каля гары Пэктусан на Пн Карэі),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Сын Кім Ір Сена. Скончыў Пхеньянскі ун-т (1964). Працаваў у апараце ЦК Прац. партыі Карэі (ППК).З 1973 сакратар ЦК, з 1974 чл. Паліткамітэта ЦК, з 1980 чл.

Прэзідыума Палітбюро ЦК ППК і чл. Цэнтр. ваен. к-та ППК. У 1980 афіцыйна абвешчаны пераемнікам Кім Ір Сена. З крас. 1993 старшыня К-та абароны КНДР. Пасля смерці Кім Ір Сена (ліп. 1994) фактычны кіраўнік КНДР, у т. л. вярх. галоўнакамандуючы. Ген. сакратар ЦК ППК з 1997.

т. 8, с. 262

КІН (Kean),

англійскія акцёры, бацька і сын. Эдмунд (17.3.1787, Лондан — 15.5.1833), прадстаўнік англ. сцэн. рамантызму. З 1799 вандроўны акцёр, выступаў у правінцыяльных т-рах. У 1814 дэбютаваў на лонданскай сцэне ў т-ры «Друры-Лейн». Лепшы трагічны акцёр Англіі: Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Атэла, Гамлет, Макбет, Рычард III, Рычард II (усе аднайм. п’есы Шэкспіра). Яму быў уласцівы яркі сцэн. тэмперамент, экспрэсіўнасць, псіхал. паглыбленасць. Чарлз Джон (18.1.1811, г. Уотэрфард, Ірландыя — 22.1.1868). Сын Эдмунда. Вучыўся ў Ітане. Дэбютаваў у 1827 у т-ры «Друры-Лейн». У 1850—59 узначальваў т-р «Прынсес». Паставіў 20 спектакляў па п’есах Шэкспіра, у некат. іграў сам. Адзін з першых увёў у практыку працяглы паказ адной п’есы. У 1863—67 гастраліраваў у Аўстраліі, Паўд. Амерыцы, ЗША.

Літ.:

Минц Н. Эдмунд Кин. М., 1957.

т. 8, с. 262

КІНА... (ад грэч. kineō рухаю), пачатковая частка складаных слоў, якая паказвае на іх адносіны да кінематаграфіі, напр., кінастудыя, кіначасопіс.

т. 8, с. 262

КІНААПАРА́Т,

гл. Кіназдымачны апарат.

т. 8, с. 262

КІНААПЕРА́ТАРСКАЕ МАСТА́ЦТВА гл. ў арт. Аператарскае мастацтва.

т. 8, с. 262

КІНАБА́ЛУ (Kinabalu),

горны масіў на Пн в-ва Калімантан, у Малайзіі. Выш. да 4101 м (найвыш. ў Малайскім архіпелагу). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. Трапічныя вечназялёныя і лістападныя лясы, вышэй 3500 м — хмызнякі і лугі. Фауна: гібон, арангутанг, суматранскі насарог, замбар, барадаты дзік, бантэнг, каля 600 відаў птушак. Нац. парк.

т. 8, с. 262

КІ́НАВАР (ад грэч. kinnabari),

мінерал класа сульфідаў, сульфід ртуці, HgS. Мае 86,2% ртуці. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя або ромбаэдрычныя.

Агрэгаты тонказярністыя, шчыльныя ці зямлістыя. Колер чырвоны да карычнева-чырвонага. Бляск алмазны ў чыстым мінерале або зямлісты, цьмяны (з прымесямі). Паўпразрысты. Цв. 2,5. Шчыльн. 8—8,2 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Пашыраны ў выглядзе ўкрапін і жыл паблізу маладых вулканічных парод і гарачых крыніц. Трапляецца ў асацыяцыі з пірытам, марказітам, стыбнітам, сульфідам медзі ў жыльных пародах. Буйныя радовішчы на Украіне, у Іспаніі. Асноўная руда ртуці, таксама сыравіна для вырабу маст. фарбаў.

У.​Я.​Бардон.

Кінавар.

т. 8, с. 262