Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АНГІДРЫ́Т (ад ан... + грэч. hydōr вада),

1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.

2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.

Ангідрыт.

т. 1, с. 343

АНГІЛЕ́ЙКА Фёдар, бел. гравёр па дрэве канца 17 — пач. 18 ст. Прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Аўтар гравюр у кн. «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Часослов сиречь Последованию службы» (1703), выдадзеных у друкарні М.Вашчанкі (Магілёў). Гравюрам Ангілейкі характэрна прастата тэхн. прыёмаў і нескладанасць кампазіцыі, што збліжае іх з творамі нар. мастацтва.

Ф.Ангілейка. «Успенне Багародзіцы». Гравюра на дрэве ў кнізе «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна. Магілёў. 1700.

т. 1, с. 343

АНГІ́ЛЬЯ, Ангуіла (Anguilla),

уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс. чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).

Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.

Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.​Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.

т. 1, с. 343

АНГІ́НА (лац. angina літар. ўдушша),

вострая інфекцыйная хвароба з запаленнем міндалін, пераважна паднябенных. Узбуджальнік ангіны — звычайна гемалітычны стрэптакок; перадаецца хвароба праз кантакты з хворым, праз ежу і пітво. Ангіна можа быць сімптомам некаторых інфекц. захворванняў (дыфтэрыя, шкарлятына, адзёр), пры хваробах крыві і крывятворных органаў. Захворванню спрыяе агульнае і мясц. ахаладжэнне арганізма. Бывае катаральная (пачырваненне, прыпухласць слізістай абалонкі міндалін), лакунарная (у лакунах — паглыбленнях міндалін з’яўляецца фібрынозны налёт, які выступае на паверхні міндаліны ў выглядзе белых, шэрых палосаў), фалікулярная (нагнаенне лімфозных фалікул, што выступаюць пад слізістай абалонкай у выглядзе буйных жоўтых кропак), флегманозная (запаленне тканак вакол міндаліны, каляміндалінавы абсцэс). Асн. сімптомы ангіны: боль у горле, недамаганне, павышаная тэмпература (38—40°). Працягласць хваробы — 4—7 дзён. Ускладненні: рэўматызм, энда-, міякардыт, нефрыт. Лячэнне ангіны: пасцельны рэжым, цёплая, негустая ежа, сагравальныя кампрэсы, павязкі на шыю, паласканне горла (1—2%-ным растворам борнай к-ты, растворам марганцавакіслага калію, кухоннай солі), гарачкапаніжальныя (аспірын), сульфаніламіды, антыбіётыкі (пры цяжкім стане). Пры абсцэсах неабходна іх ускрыццё.

В.​А.​Быстрэнін.

т. 1, с. 343

А́НГІРАС,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі вялікі мудрэц; пасрэднік паміж багамі і людзьмі, родапачынальнік паўбагоў-ангірасаў. Ангіраса лічаць трэцім сынам Брахмы, аўтарам многіх гімнаў «Рыгведы», з яго імем звязваюць вобраз заканадаўца і астранома.

т. 1, с. 344

АНГІЯ... (ад грэч. angeion сасуд),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае словам «сасуд», «сасудзістая сістэма», напр. ангіялогія, ангіяспазма.

т. 1, с. 344

АНГІЯГРА́ФІЯ (ад ангія... + ...графія),

метад рэнтгеналагічнага даследавання крывяносных і лімфатычных сасудаў пасля ўвядзення ў іх кантрастнага рэчыва. Дазваляе выявіць стан сасудаў, а таксама паталаг. працэсы ў органах, звязаныя са зменамі кровазабеспячэння або лімфазвароту.

т. 1, с. 344

АНГІЯЛІ́НІ (Каэтан) (1748, Італія — 1816),

архітэктар. Жыццё і творчасць Ангіяліні звязаны з Беларуссю. Вучыўся ў Балонні і Вероне. У 1784 пераехаў у Полацк. З 1786 у Віцебску, выкладаў франц. мову, у 1789—96 — тэорыю архітэктуры ў калегіуме езуітаў. У 1796—97 жыў у Оршы. Вярнуўшыся ў Віцебск, выкладаў архітэктуру і кіраваў буд-вам касцёлаў. Стваральнік алтара ў Віцебскім езуіцкім касцёле. У 1803—05 жыў у Полацку, потым выехаў у Італію.

т. 1, с. 344

АНГІЯЛО́ГІЯ (ад ангія... + ...логія),

раздзел анатоміі і клінічнай медыцыны, які вывучае крывяносныя і лімфатычныя сасуды і іх хваробы. Ангіялогія даследуе сістэму крова- і лімфазабеспячэння органаў, размяшчэнне сасудаў у прасторы (ангіяархітэктоніка), форму і тыпы анастамозаў, інервацыю сасудзістай сістэмы.

Развіццю ангіялогіі як навукі спрыялі адкрыцці 17 ст. ў галіне анат. даследаванняў крывяноснай (англ. ўрач У.​Гарвей, італьян. М.​Мальпігі) і лімфатычнай (італьян. анатам Г.​Азелі) сістэм. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі праведзены першыя аперацыі на сасудах — лігіраванне буйных артэрый (Ф.​В.​Абрамовіч, А.​Я.​Мітрашэнка, М.​Ю.​Рудэльсон), У 1950-я г. ўкаранёна ў практыку сасудзістае шво (С.​Г.​Сідранок), метады лячэння вострай закупоркі артэрый і вен (Ц.​Е.​Гніларыбаў). У 1960-я г. створана ангіяхірург. служба рэспублікі (І.​М.​Грышын, А.​А.​Марціновіч).

Даследаванні па ангіялогіі вядуцца ў Рэспубліканскім і абл. цэнтрах сасудзістай хірургіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ кардыялогіі, мед. ін-тах. Асвоены сучасныя метады лячэння буйных сасудаў (Грышын, М.​Дз.​Князеў), іх пластыка і пратэзаванне, аўтавенозная пластыка (А.​У.​Шот, І.​А.​Давыдоўскі), хірург. пластыка нырачных артэрый пры сімптаматычнай гіпертаніі (А.​М.​Саўчанка, У.​П.​Крылоў), на сонных артэрыях (Давыдоўскі, В.​А.​Янушка). Распрацаваны метады лячэння пры раненнях крывяносных сасудаў (А.​У.​Руцкі), пры хранічнай вянознай недастатковасці (П.​М.​Дземяшкевіч, Марціновіч), на дробных сасудах (У.​М.​Падгайскі). Гл. таксама ў арт. Нейрахірургія, Кардыялогія, Мікрахірургія.

І.​М.​Грышын.

т. 1, с. 344

АНГІЯСПА́ЗМА (ад ангія... + спазма),

перыядычнае спазматычнае звужэнне прасвету артэрый, што прыводзіць да абмежаванага кровазабеспячэння (ішэмія) адпаведнага органа або тканкі. Узнікненню спрыяюць інтаксікацыя (алкаголь, нікацін), прафесійныя шкоднасці (вібрацыя, серавуглярод, свінец і інш.), пераахаладжэнне, ачагі факальнай інфекцыі, псіхатраўмы. Часта бывае ў паталагічна змененых сасудах, асабліва пры атэрасклерозе і гіпертанічнай хваробе. Працяглая спазма сасудаў сэрца можа выклікаць стэнакардыю і быць прычынай інфаркту міякарда. Пры ангіяспазме назначаюць спазмалітычныя прэпараты, лечаць асн. хваробу.

т. 1, с. 344