Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАТАЛО́НІЯ (ісп. Cataluña. каталонскае Catalunya),

гістарычная і аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі. Пл. 32 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1991), пераважна каталонцы. Уключае правінцыі: Барселона, Жэрона, Лерыда, Тарагона. Адм., эканам., культ. цэнтр і гал. порт — г. Барселона. Большая ч. тэрыторыі занята Каталонскімі гарамі (выш. да 1712 м), на Пн — Пірэнеі, уздоўж Міжземнага м. — вузкая паласа прыморскай раўніны. Клімат міжземнаморскі. Найб. рэкі Эбра з прытокам Сегрэ і Льёбрэгат. Захаваліся ўчасткі маквісу, дубовых і хваёвых лясоў. К. — адзін з асн. прамысл. раёнаў Іспаніі, на які прыпадае каля 1/3 валавога кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны. Каля 80% усіх занятых у прам-сці — у Барселоне, у зоне яе прамысл. прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. Гал. галіны прам-сці: металаапрацоўка і машынабудаванне (асабліва транспартнае), тэкст., хім., а таксама электратэхн., паліграф., нафтаперапр., харчовая. Працуюць ГЭС на горных рэках. АЭС. Апрацоўваецца каля 35% тэрыторыі, у т. л. палавіна яе пад садамі (аліўкі, яблыкі, грушы) і вінаграднікамі, палавіна — пад збожжавымі (пшаніца, кукуруза, рыс), бульбай, агароднінай. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Раён развітога турызму, асабліва ўзбярэжжа (Коста-Брава, Коста-Дарада).

У старажытнасці заселена іберамі, якія падтрымлівалі гандл. сувязі з фінікійцамі, пазней — з Карфагенам. З канца 3 ст. да н. э. пад уладай Стараж. Рыма. У час Вялікага перасялення народаў занята аланамі (409), вестготамі (415). У 711 паўд. частку К. заваявалі арабы. У 785—801 ператворана Карлам Вялікім у бастыён барацьбы супраць арабаў, у 9—10 ст. адасобілася ад франкскіх каралёў (наз. Ісп. марка). У 1137 Барселонскае графства праз дынастычны шлюб аб’яднана з каралеўствам Арагон. У 1479—1516 каталонска-арагонская дзяржава аб’яднана з Кастыліяй. У вайну за іспанскую спадчыну скасаваны (1714) каталонскія вольнасці і самаст. паліт. ін-ты, што існавалі з сярэдневякоўя. З 19 ст. актывізаваўся нац.-культ. і паліт. рух каталонцаў. У пач. іспанскай рэвалюцыі 1931—39 К. атрымала статус аўтаноміі (25.9.1932). Пасля абвяшчэння незалежнасці К. (кастр. 1934) яе аўтаномія прыпынена ўрадам Ісп. рэспублікі (снеж. 1934 — люты 1936). На апошнім этапе рэвалюцыі (1936—39) каталонцы падтрымлівалі ісп. рэспубліканцаў; пасля перамогі антырэсп. сіл на чале з ген. Ф.​Франка аўт. статус К. скасаваны (5.4.1939). У час дыктатуры Франка каталіцкая царква ў 1965 ураўнавала каталанскую мову з іспанскай у набажэнстве. У 1975 ісп. ўрад надаў каталанскай мове статус мовы выкладання, а К. — аўтаномію (са снеж. 1979 пасля плебісцыту).

т. 8, с. 170

КАТАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА жывапісу,

самабытная галіна ісп. маст. культуры ў 14—15 ст. Сфарміравалася на маст. традыцыях у Каталоніі. Вытокі К. ш. ў грубаватых, але поўных жыццёвай выразнасці царк. размалёўках 11—13 ст. раманскага стылю ў спалучэнні з уплывам жывапісу Сіены і Фларэнцыі (размалёўкі Ферэр Басы ў капэле Сан-Мігель манастыра Педральбес у Барселоне, 1346). Майстры К.ш. стваралі заалтарныя абразы (рэтабла), у якіх элементы, што папярэднічалі мастацтву Адраджэння, спалучаліся з устойлівымі прынцыпамі позняй готыкі. Яны адмаўлялі алейны жывапіс, фігуры ў карцінах пісалі тэмперай, узорыстыя залачоныя фоны, німбы, часткі адзення святых і іх атрыбуты выраблялі са стука. Плоскі рэльеф служыў натуральным пераходам ад плоскасных выяў да арнаментальнай пластыкі і скульптур на рэтабла, садзейнічаў арганічнаму сінтэзу жывапісу ў цэласную арх.-дэкар. кампазіцыю. Творам уласцівы вял. ўвага да апрацоўкі жывапіснай паверхні, імкненне да стварэння індывідуальна-партрэтных вобразаў і дакладнага адлюстравання асяроддзя, яркай і жыццярадаснай апавядальнасці. Для К.ш. 14 — пач. 15 ст. характэрны ўплывы італьян. мастацтва: спроба перадачы трохмернасці твараў і фігур, элементаў глыбіннай перспектывы пры захаванні агульнай плоскаснасці пабудовы кампазіцыі (Л.​Бараса, Б.​Мартарэль, браты Сера і інш.). У сярэдзіне 15 ст. ўзмацніліся нідэрл. ўплывы, што выявілася ў імкненні да большай пачуццёвасці і напружанасці вобразаў, амаль партрэтнай выразнасці характарыстык святых (Х.​Уге і інш.). Пасля аб’яднання Іспаніі (1479) К. ш. заняпала.

т. 8, с. 170

КАТАЛО́НСКІЯ ГО́РЫ,

горы на ПнУ Пірэнейскага п-ва, у Іспаніі. Даўж. каля 250 км. Цягнуцца з ПнУ на ПдЗ уздоўж берага Міжземнага м., ад Пірэнеяў да нізоўя р. Эбра. Складаюцца з двух паралельных ланцугоў — прыморскага (выш. 400—600 м) і ўнутранага (выш. да 1712 м, г. Монтсень), размежаваных падоўжнай тэктанічнай упадзінай. Складзены з крышт. парод палеазою (граніты, кварцыты і інш.), а таксама з вапнякоў, пясчанікаў і глін мезакайназою. Карст. Клімат міжземнаморскі. Лясы з дубу, каштану, буку, алепскай хвоі, пініі; маквіс. У перадгор’і плантацыі аліў, вінаграднікі, сады, пасевы кукурузы, пшаніцы.

т. 8, с. 170

КАТА́ЛЬПА (Catalpa),

род кветкавых раслін сям. бігноніевых. 11 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і форм.

Лістападныя дрэвы выш. 20—40 м. Лісце буйное, суцэльнакрайняе або велікалопасцевае. Кветкі са званочкавым двухлопасцевым венчыкам, белыя або жаўтаватыя, у сярэдзіне плямістыя, сабраныя ў мяцёлкі або гронкі. Плод — падоўжаная (да 40 см) каробачка са шматлікім насеннем, валасістым на канцах. Драўніна лёгкая, мяккая, устойлівая да гніення. Дэкар. расліны.

Катальпа прыгожая.

т. 8, с. 170

КАТАМАРА́Н (тамільскае, літар. звязаныя бярвёны),

1) плыт для кароткіх зносін і рыбнай лоўлі ў народаў азіяцкага ўзбярэжжа Інд. ак. і прылеглых астравоў, а таксама астравоў Ціхага ак. і Паўд. Амерыкі. Перамяшчаецца з дапамогай вёслаў або ветразяў.

2) Невял. грабное або ветразевае судна з некалькіх выдзеўбаных і завостраных з канцоў бярвён, злучаных масткамі.

3) Сучаснае марское або рачное судна (грузавое, рыбалоўнае, пасажырскае, буксірнае, спартыўнае) з двума злучанымі (палубай або фермамі) у верх. ч. паралельнымі карпусамі. Мае добрую астойлівасць і мараходныя якасці, вял. палубу. К. наз. таксама аднакорпуснае судна з паплаўкамі-балансірамі па баках.

т. 8, с. 171

КАТАМАРФО́З [ад грэч. kata уніз + марф(а)],

рэгрэсіўныя пераўтварэнні арганізмаў, звязаныя з іх пераходам да больш простага спосабу жыцця, страта імі некат. прыстасаванняў да пэўных умоў існавання. Гэтыя пераўтварэнні з’яўляюцца асновай катагенезу — рэгрэсіўнай эвалюцыі. Тэрмін прапанаваны сав. біёлагам І.​І.​Шмальгаўзенам (1939).

Генет. аснова К. — намнажэнне мутацый, што вядуць да недаразвіцця органаў, якія страцілі сваё значэнне пры змене спосабу жыцця. К. характэрны для абалоннікаў, вусаногіх ракаў, імшанак, калаўротак і інш. Але ў такіх арганізмаў часам назіраюцца і прагрэсіўныя змены ў асобных сістэмах органаў. Прыватны выпадак К. — гіпамарфоз, агульнае недаразвіццё арганізма, напр. неатэнія (у аксалотля, пячорнага пратэя). Замест тэрміна «К.» часта карыстаюцца паняццем катагенез, якое падкрэслівае экалагічныя і генет. аспекты рэгрэсіўнай эвалюцыі.

т. 8, с. 171

КАТА́НГЕНС [новалац. cotangens, ад co(mplementi) tangens тангенс дапаўнення],

адна з трыганаметрычных функцый; абазначаецца ctg. К. вострага вугла прамавугольнага трохвугольніка — дзель катэта, прылеглага да дадзенага вугла, на катэт, які ляжыць насупраць гэтага вугла.

т. 8, с. 171

КАТА́НІЯ (Catania),

горад у Італіі, на в-ве Сіцылія, каля падножжа вулкана Этна. Адм. ц. правінцыі Катанія. Засн. ў 729 да н. э. 364 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: суднарамонтная, радыёэлектронная, нафтахім., цэментная. Вытв-сць с.-г. машын. Ун-т (з 1434). Астрафіз. абсерваторыя. Вулканалагічны ін-т. Мінералагічны музей. Бат. сад. Руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. збудаванняў. Арх. помнікі 11—18 ст. Мемарыяльны музей кампазітара В.​Беліні (нарадзіўся ў К.).

т. 8, с. 171

КАТАНТЭ́Н (Cotentin),

Нармандыя, паўвостраў на ПнЗ Францыі. Удаецца ў праліў Ла-Манш на 100 км. Абмежаваны таксама залівамі Сены і Сен-Мало. Берагі нізкія, слаба расчлянёныя, з дзюнамі, на З месцамі скалістыя. Паверхня — узгорыстая раўніна, выш. да 191 м, расчлянёная рачнымі далінамі і ярамі. Складзены з пясчанікаў, гранітаў і сланцаў. Верасоўнікі, лугі. Жывёлагадоўля, садаводства. На Пн — порт Шэрбур.

т. 8, с. 171

КАТАНУ́ (Cotonou),

горад на Пд Беніна. Адм. ц. Атлантычнай правінцыі. Узнік у 1-й пал. 19 ст. 1060,3 тыс. ж. (1992, з прыгарадамі). Месца знаходжання парламента, мін-ваў і Вярх. суда краіны. Порт на Гвінейскім зал.(вываз ядраў пальмавых арэхаў і пальмавага алею, копры, кавы, бавоўны). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Гал. эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., дрэваапрацоўчая. Разьба па дрэве, пляценне кошыкаў і інш. саматужныя промыслы. ЦЭС. Бат. сад. За 15 км на Пн ун-т.

т. 8, с. 171