Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КА́РПІК (Анатоль Іванавіч) (12.5.1922, в. Патрубаўшчына Беластоцкага ваяв., Польшча — 28.2.1995),

бел. вучоны ў галіне хірургіі сасудаў. Д-р мед. н. (1979), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1950). З 1961 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па дыягностыцы, прафілактыцы і лячэнні інфекц. ускладненняў у пасляаперацыйны перыяд, удасканаленні неадкладнай хірург. дапамогі.

Тв.:

Ангиотензиотонография в эксперименте и клинике. Мн., 1967 (у сааўт.);

Тромбооблитерирующие заболевания артерий нижних конечностей. Мн., 1975 (у сааўт).

т. 8, с. 95

КА́РПІКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Паловіца (выцякае з возера), за 17 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,21 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 16,8 км². Схілы катлавіны выш. 5—10 м, пераважна разараныя.

т. 8, с. 95

КАРПІ́ЛАВА (Разенблат) Бася Залманаўна

(н. 20.3.1921, Баку),

бел. артыстка балета. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1939). У 1939—41 у Муз. т-ры імя Неміровіча-Данчанкі ў Маскве. У 1944—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыстка яркай творчай індывідуальнасці, спалучала выразную драм. ігру з тэхнічна складаным імклівым танцам, валодала вял. сцэн. тэмпераментам, абаяльнасцю. Сярод партый: Марылька («Салавей» М.​Крошнера), Рузя («Падстаўная нявеста» Г.​Вагнера), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Каламбіна («Арлекінада» Р.​Дрыга), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Тао-Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Фані («Сцежкаю грому» К.​Караева), Францыска («Блакітны Дунай» І.​Штрауса).

А.​І.​Калядэнка.

Б.Карпілава ў ролі Эсмеральды.

т. 8, с. 95

КАРПІ́ЛАЎ (Віктар Рыгоравіч) (8.12.1927, Мінск — 3.5.1994),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1949). З 1956 на Рэсп. студыі тэлебачання, з 1969 адначасова выкладчык Бел. тэатр.-маст. ін-та. Для творчасці характэрны спалучэнне стылістыкі т-ра са спецыфічна тэлевізійнымі сродкамі выразнасці, выкарыстанне музыкі і жывапісна-графічных выяўл. сродкаў: тэлепастаноўкі «Млын на сініх вірах» У.​Караткевіча і «Якаў Багамолаў» М.​Горкага (1959), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (1964), «Ранак» Г.​Вагнера (1968, тэлеопера), «Ткачы» Г.​Гаўптмана (1969), «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча (1978), «Безназоўнае» паводле твораў Я.​Купалы і «Імяніны» па матывах твораў Я.​Коласа (1982), «Федра» паводле Ж.​Расіна (1983) і інш. Паставіў тэлефільмы: маст. «Тартак» (1974), дакумент. «Біяграфія маёй рэспублікі» (1968, 2-я і 3-я серыі), «Гранд эдукадор» (1970), «Помнікі не маўчаць» (1971).

т. 8, с. 96

КАРПІ́ЛАЎ (Рыгор Хацкелевіч) (18.6.1891, Мінск — 13.2.1949),

бел. вучоны ў галіне атарыналарынгалогіі. Д-р мед. н., праф. (1938). Скончыў 2-гі Маскоўскі ун-т (1923). З 1927 у БДУ і Мінскім мед. ін-це, з 1934 у Віцебскім, з 1944 у Мінскім мед. ін-тах. Навук. працы па анатоміі, пытаннях клінікі, лячэння склеромы і інш. хвароб вуха, горла і носа.

т. 8, с. 96

КАРПІЛО́ВІЧ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 2.4.1934, Мінск),

бел. канструктар і вучоны ў галіне вылічальнай тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1984), праф. (1990). Скончыў БПІ (1957). З 1958 на Мінскім з-дзе ЭВМ, у 1974—94 гал. інжынер Аб’яднання выліч. тэхнікі, адначасова з 1976 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Удзельнічаў у распрацоўцы, стварэнні і асваенні ЭВМ тыпу «Мінск» і «АС», персанальных камп’ютэраў і сродкаў тэлекамунікацый. Дзярж. прэмія СССР 1970, Ленінская прэмія 1983.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 96

КАРПІ́НІ ((Carpini) Джавані дэ Плана) (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),

італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.

т. 8, с. 96

КАРПІ́НСКІ (Аляксандр Пятровіч) (7.1.1847, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 15.7.1936),

расійскі геолаг, заснавальнік рускай геал. навук. школы. Акад. АН СССР (акад. Пецярбургскай АН з 1896), Акад. АН Беларусі (1928). Чл. многіх замежных акадэмій і навук. таварыстваў. Скончыў Горны ін-т у Пецярбургу (1866), дзе выкладаў у 1869—96. Адзін з арганізатараў (1882) і дырэктар Геал. к-та (1885—1903). Першы выбарны прэзідэнт Рас. АН (1917—25), прэзідэнт АН СССР (з 1925). Навук. працы па стратыграфіі і палеанталогіі, тэктоніцы і палеагеаграфіі, петраграфіі, генезісе рудных радовішчаў і інш. Стварыў агульную наменклатуру стратыграфічных падраздзяленняў, склаў зводныя геал. і тэктанічныя карты Еўрапейскай ч. СССР, Урала і Зах. Еўропы. Прэзідэнт Мінералагічнага т-ва (1899—1936). Імем К. названы горад у Свярдлоўскай вобл., вулкан на в-ве Парамушыр (Курыльскія а-вы), гара на Паўн. Урале.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М.; Л., 1939-49.

А.П.Карпінскі.

т. 8, с. 96

КАРПІ́НСКІ ((Karpiński) Францішак) (4.10.1741, в. Галаскоў Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 16.9.1825),

польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польск. сентыменталізму; асветнік. Скончыў езуіцкую акадэмію ў Львове (1762). Жыў у Вене, Варшаве. З 1793 на Беларусі. Аўтар ідылій, лірычных вершаў, абразкоў і перакладаў, сабраных у «Забаўках вершам і прозай» (т. 1—7, 1782—87), камедыі «Чынш» (1790). У аўтабіягр. «Дзённіках» (1822, вытрымалі 6 выданняў) апісаў жыццё на Беларусі. Матывы бел. фальклору выкарыстаў у творах «Падарожжа па зачараванай краіне», «Свецкія песні». Дэмакратычна асветніцкі светапогляд К. з ухілам да эмацыянальна-маральных дамінантаў выявіўся ў філас.-этычным творы «Размова Платона са сваімі вучнямі» (1802) і інш. Творчасць К. паўплывала на В.​Дуніна-Марцінкевіча.

Тв.:

Dzieła. T. 1—4. Warszawa, 1806;

Pamiętniki. Warszawa, 1898;

Historia mego wieku i ludzi, z którymi żyłem. Warszawa, 1987.

Літ.:

Sobol R. Franciszek Karpiński. Warszawa, 1807.

т. 8, с. 96

КАРПО́ ((Carpeaux) Жан Батыст) (11.5.1827, г. Валансьен, Францыя — 11.10.1875),

французскі скульптар і жывапісец; прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў Ф.​Руда (з 1844), у Школе прыгожых мастацтваў (з 1848) у Парыжы, у Італіі (1854—61), дзе зазнаў уплывы творчасці Данатэла і Мікеланджэла. Аўтар манум. рэльефаў і статуй, якія вызначаюцца дынамікай, блізкай да пластыкі 18 ст., экспрэсіяй, пачуццёвай грацыяй фігур, гульнёй святлацені. Сярод твораў; скульпт. групы «Угаліна і яго дзеці» (1857—60), «Чатыры часткі свету» для фантана ў Люксембургскім садзе (1867—72), гарэльефы «Трыумф Флоры» для павільёна ў садзе Цюільры (1863—66), «Танец» на фасадзе «Гранд-Апера» (1865—69) — усе ў Парыжы, і інш. У жывапісе капіраваў творы старых італьян. і флам. майстроў, Э.​Дэлакруа і Т.​Жэрыко.

Ж.Б.Карпо. Танец. Скульптурная група на фасадзе «Гранд-Апера» ў Парыжы. 1865—69.

т. 8, с. 96