Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

КАРАЛЕ́ЎСКІ БАЛЕ́Т Вялікабрытаніі

(The Royal Ballet),

балетная трупа. Створаны ў Лондане Н. дэ Валуа і Л.​Бейліс пры т-ры «Сэдлерс-Уэлс». Напачатку наз. «Вік Уэлс бале», з 1942 — «Сэдлерс-Уэлс бале», з 1957 сучасная назва. Маст. кіраўнікі дэ Валуа (з 1931), Ф.​Аштан (з 1963), К.​Макмілан (з 1970). У рэпертуары аднаактовыя спектаклі на музыку класікаў і сучасных кампазітараў, класічныя балеты П.​Чайкоўскага, А.​Адана, Л.​Дэліба і інш. у пастаноўках маст. кіраўнікоў, а таксама Р.Хелпмена, Р.Пці, Дж.Баланчына і інш. Сярод вядучых артыстаў 1930—40-х г. П.​Мей, П.​Аргайл, Дж. Брэй, М.​Хонер, М.​Фантэйн, Х.​Цёрнер, У.​Гор, М.​Сомс, У.​Чапел. У 1950—60-я г. К.б. адзін з вядучых у Еўропе. У 1955 створана 2-я трупа — «Сэдлерс-Уэлс опера бале» (балетмайстры Дж. Кранка, Макмілан, А.​Радрыгес і інш.). Сярод пастановак балеты на муз. Б.​Брытэна, Ф.​Ліста, Л.​Бетховена, Ф.​Шапэна, І.​Стравінскага, Г.​Малера, С.​Пракоф’ева і інш. З канца 1970-х г. у К.б. асноўная (выступае ў т-ры «Ковент-Гардэн») і гастрольная (са штогоднім сезонам у т-ры «Сэдлерс-Уэлс») трупы. Існуе эксперым. група «Балет для ўсіх». З 1931 пры К.б. дзейнічае школа.

т. 8, с. 50

КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава з манархічнай формай кіравання на чале з каралём, якому належыць вышэйшая ўлада, што перадаецца звычайна ў спадчыну. У эпоху феадалізму існавалі саслоўная і абсалютная манархіі. У ВКЛ каралеўскай каронай каранаваўся толькі Міндоўг. Пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569) тытул «вялікі князь літоўскі» стаў таксама тытулам польск. караля, якога шляхта выбірала па сейме пажыццёва. Тытул польск. караля (цара) адноўлены ў 1815 для рас. імператара пры ўтварэнні паводле пастановы Венскага кангрэса 1814—15 аўтаномнага Каралеўства Польскага. Сучасныя К. (Вялікабрытанія, Нідэрланды, Бельгія, Іспанія, Данія, Швецыя, Нарвегія) — парламентарныя, з абмежаванай (часта значна абмежаванай) уладай караля.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 50

КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАЕ, Царства Польскае,

назва часткі Польшчы, якая паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 адышла да Расіі і ўваходзіла ў яе склад да 1918. Пл. 128,5 тыс. км², нас. 3,3 млн. чал. (1816). Паводле канстытуцыі 1815 канстытуцыйная манархія, звязаная персанальнай уніяй з Рас. імперыяй. Было пазбаўлена магчымасці праводзіць самаст. знешнюю палітыку, але мела ўласныя сейм (адбыліся ў 1818, 1820, 1825), урад, войска. Пасля задушэння паўстання 1830—31 аўтаномія абмежавана паводле Арганічнага статута Каралеўства Польскага 1832. У канцы 1850—60-х г. тут адноўлены цывільны ўрад, мясц. самакіраванне, аднак пасля задушэння паўстання 1863—64 зноў скасаваны. Спачатку падзялялася на 8 ваяводстваў. У 1866 уведзены новы адм. падзел (створана 10 губерняў), у 1874 — пасада ген.-губернатара, пачала выкарыстоўвацца назва Прывіслінскі край, пачалася інтэнсіўная русіфікацыя краю. У 1918 стала асн. ядром адноўленай і незалежнай польскай дзяржавы.

Літ.:

Обушенкова Л.А. Королевство Польское в 1815—1830 гг.: Экон. и социал. развитие. М., 1979.

т. 8, с. 50

КАРАЛЕ́ЎСТВА СЕ́РБАЎ, ХАРВА́ТАЎ І СЛАВЕ́НЦАЎ,

афіцыйная назва дзяржавы Югаславія ў 1918—29.

т. 8, с. 50

КАРАЛЕ́ЎШЧЫНА,

у Каралеўстве Польскім і Рэчы Паспалітай непасрэдныя ўладанні дзяржавы ў асобе манарха. З 15 ст. часта аддаваліся ў трыманне прыватным асобам (дзяржаўцам, старостам, намеснікам, цівунам) як дзяржавы, староствы, а часцей — у заклад (заставу). У канцы 16 ст. некаторыя К. вылучаны для задавальнення патрэб каралеўскага двара і каралеўскага скарбу, яны атрымалі назву эканоміі.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 51

Каралёва Алена Вадзімаўна

т. 18, кн. 1, с. 401

Каралёва Алена Рыгораўна

т. 18, кн. 1, с. 401

КАРАЛЁВА СЛАБАДА́,

паселішча днепра-дзяснінскай культуры (8—7-е тыс. да н. э) каля в. Каралёва Слабада Светлагорскага р-на Гомельскай вобл., на правым беразе р. Бярэзіна. Пры даследаванні выяўлены агнішчы, крамянёвыя прылады працы: разцы, скрабкі, вастрыі, скоблі, укладышы, рэтушаваныя пласціны і адшчэпы, нуклеусы, сякеры.

т. 8, с. 51

Каралёнак Генадзь Антонавіч

т. 18, кн. 1, с. 401

КАРАЛЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (1.7.1906, в. Амінавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл — 9.4.1972),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1943). Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1956). З 1937 нам. старшыні, старшыня Асіповіцкага райвыканкома. З ліп. 1941 у партызанах. камандзір партыз. групы, атрада, брыгады, у ліп. 1943 — сак. 1944 — Асіповіцкай ВАГ. У крас. — вер. 1943 чл. Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б. З жніўня 1944 старшыня Магілёўскага гарвыканкома, з 1953 сакратар Хоцімскага райкома КПБ, з 1958 на сав. рабоце ў Магілёве. Канд. у чл. ЦК КПБ у 1949-52, 1954—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, у 1947—55 чл. яго Прэзідыума. Ганаровы грамадзянін г. Магілёва. Аўтар кн. «Сыны народа» (1955). У в. Амінавічы помнік.

М.П.Каралёў.

т. 8, с. 51