Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

сукупнасць усіх адкладаў, якія ўтварыліся на сушы ці ва ўнутрымацерыковых вадаёмах. Паводле ўмоў намнажэння і пераўтварэння зыходнага асадку вызначаюць уласна наземныя (субаэральныя), падводныя (субаквальныя) і падлёдныя (субгляцыяльныя). Паводле дынамікі намнажэння, умоў залягання і заканамернасцей будовы вылучаюць адклады: элювіяльныя, што складаюць кару выветрывання; схілавы я, якія ўтвараюцца пры пераадкладанні прадуктаў разбурэння горных парод на схілах (дэлювій, саліфлюкцыя, абвалы, асыпкі, апоўзні); водныя (алювій, пралювій, азёрныя адклады); ледавіковыя і водна-ледавіковыя (марэны, ледавікова-рачныя, або флювіягляцыяльныя, ледавікова-азёрныя, або лімна-гляцыяльныя і інш.), эолавыя (лёсы, эолавыя пяскі); адклады, што непасрэдна звязаны з падземнымі крыніцамі (пячорныя, сталактыты, сталагміты і інш.). Асобную групу складаюць тэхнагенныя адклады (абвалы горных распрацовак, насыпы, дамбы і інш.). Ад марскіх адкладаў К.а. адрозніваюцца большай зменлівасцю саставу і нявытрыманасцю ў заляганні. К.а. змяшчаюць радовішчы вугалю, жал. руд, кааліну, вогнетрывалых глін, буд. матэрыялаў, россыпы высакародных металаў, алмазаў і інш.

т. 8, с. 7

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ КАНГРЭ́СЫ,

сходы прадстаўнікоў 13 паўн.-амер. калоній Англіі, якія адбыліся 5.9—26.10.1774 (1-ы К.к.) і 10.5.1775—1789 (2-і К.к.) у г. Філадэльфія (у 1777—78 у г. Балтымар). 2-і К.к. фактычна ажыццяўляў функцыі заканад. і выканаўчай улады паўстаўшых калоній. Адыгралі значную ролю ва ўтварэнні дзяржавы ЗША. Больш падрабязна гл. ў арт. Вайна за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83, Дэкларацыя незалежнасці 1776, Артыкулы канфедэрацыі.

т. 8, с. 7

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ ПАВЕ́ТРАНЫЯ МА́СЫ,

паветраныя масы, якія фарміруюцца над мацерыком пад уздзеяннем подсцільнай паверхні сушы. Характарызуюцца паніжанай вільготнасцю, пераважна слабымі вятрамі, ясным надвор’ем з нізкімі т-рамі зімою (да -35, -40 °C) і цёплымі летам (да 30, 35 °C). Летам яны цяплейшыя, зімою халаднейшыя за марскія. З аддаленасцю ад мора кантынентальнасць павялічваецца.

т. 8, с. 7

КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ,

клімат, уласцівы ўнутр. раёнам мацерыкоў, у якіх пераважаюць кантынентальныя паветраныя масы; зрэдку можа адзначацца ў прыбярэжных частках акіянаў. Характарызуецца значнымі гадавымі і сутачнымі ваганнямі т-ры паветра, памяншэннем вільготнасці, воблачнасці і ападкаў, большай запыленасцю атмасферы ў параўнанні з марскім кліматам. У залежнасці ад далёкасці ад мора бывае ўмерана кантынентальны, кантынентальны і рэзка кантынентальны. На тэр. Беларусі клімат умерана кантынентальны.

т. 8, с. 7

КАНТЫ́НУУМ (ад лац. continuum неперарыўнае, суцэльнае),

неперарыўнасць з’яў, працэсаў і інш. 1) У матэматыцы — неперарыўнае мноства. Напр., сукупнасць сапраўдных лікаў (найб. вывучана), усіх пунктаў на прамой ці на яе адрэзку.

2) У фізіцы — суцэльнае матэрыяльнае асяроддзе, уласцівасці якога змяняюцца ў прасторы неперарыўна. Такія асяроддзі вывучаюцца ў механіцы і электрадынаміцы.

т. 8, с. 7

КАНТЫЯ́НСТВА,

філасофская плынь, якая зыходзіць з вучэння І.Канта і развівае яго ідэі. Узнікла ў 1780—90-я г. ў ходзе абмеркавання і палемікі вакол «крытычнай» сістэмы Канта. Гал. прадстаўнікі ранняга перыяду К.: І.​Шульцэ, Х.​Шміт, Г.​Мелін (Германія), Ш.​Віле (Францыя), М.​Кінкер (Галандыя) і інш. Яны папулярызавалі погляды Канта і абаранялі іх ад абвінавачванняў у паліт. радыкалізме і і рэлігійнасці, спалучалі яго тэарэт. канцэпцыі з элементамі тагачасных і рэліг. уяўленняў. Больш грунтоўную перапрацоўку сістэмы Канта здзейснілі К.​Л.​Рэйнгальд («Пісьмы аб кантаўскай філасофіі», 1786—87), С.​Бек і інш., якія развівалі яго вучэнне ў кірунку больш паслядоўнага суб’ектыўнага ідэалізму. У пач. 19 ст. ў К. былі ўнесены элементы «папулярнай філасофіі» 18 ст., філасофіі веры Ф.​Г.​Якобі, філасофіі рэлігіі Ф.​Шлеермахера, а таксама эмпірычнай псіхалогіі. Розныя аспекты вучэння Канта аб маралі распрацоўваў Ф.​Шылер, хоць ён выступаў супраць кантаўскай этыкі абавязку. І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінг і інш. звязвалі філас. сістэму Канта са сваёй ідэалістычнай метафізікай. К. атрымала пашырэнне ў гісторыі філасофіі, праве, пратэстанцкай тэалогіі, гісторыі рэлігіі і інш. навуках. У апошняй трэці 19 — пач. 20 ст. ў Францыі, Германіі, Расіі і інш. краінах узнікла неакантыянства.

В.​В.​Краснова.

т. 8, с. 8

КАНТЭ́ЙНЕР (англ. Container ад contain змяшчаць),

шматабаротная тара ў выглядзе стандартнай ёмістасці для перавозкі грузаў спец. кантэйнеравозамі, суднамі, аўтамабілямі, чыг. платформамі.

Грузы пры кантэйнерных перавозках не выгружаюць з К. аж да прыбыцця на склад атрымальніка, самі ж К. прыстасаваны для механізаванай пагрузкі і выгрузкі, перагрузкі з аднаго віду транспарту на другі. К. бываюць універсальныя, спец. і спецыялізаваныя; закрытыя і адкрытыя суцэльныя, рашоткавыя, разборныя і складаныя. Разлічаны на перавозку ад 3 да 30 т грузаў. Выкарыстанне К. паскарае пагрузачна-разгрузачныя аперацыі і абарот трансп. сродкаў, паляпшае захаванасць грузаў.

т. 8, с. 8

КАНТЭЙНЕРАВО́З,

спецыялізаваны паўпрычэп для перавозкі кантэйнераў з грузамі па аўтадарогах. Яго рама размешчана нізка для забеспячэння ўстойлівасці кантэйнераў, мае спец. прыстасаванні для іх замацавання. Загружаюцца і выгружаюцца пад’ёмнымі кранамі ці аўтапагрузчыкамі. К. наз. таксама грузавыя аўтамабілі, прыстасаваныя для перавозкі кантэйнераў, і судны, грузавыя памяшканні якіх абсталяваны для размяшчэння кантэйнераў (загружаюцца праз палубныя люкі або адтуліны ў бартах). Кантэйнернае судна звычайна абсталёўваецца пад’ёмнымі кранамі.

т. 8, с. 8

КАНТЭ́ЙНЕРНЫЯ ПЕРАВО́ЗКІ,

найбольш эканамічны від транспарціроўкі грузаў ва ўнутр. і міжнар. зносінах пры дапамозе здымных трансп. прыстасаванняў — кантэйнераў. Ажыццяўляюцца рознымі відамі сухап., воднага і паветр. транспарту, дазваляюць значна скараціць трансп. выдаткі і паскараюць перавозку. Упершыню К.п. выкарыстаны ў Расіі ў 1889, у пач. 1930-х г. у СССР паявіліся універсальныя кантэйнеры для бястарнай перавозкі штучных грузаў.

Бел. чыгунка арганізуе перавозку грузаў ва універсальных сярэднетанажных (грузападымальнасць 3 і 5 т) і буйнатанажных (грузападымальнасць 20, 24 і 30 т) кантэйнерах паркаў краін СНД і Балтыі ў прамых чыгуначных, змешаных і міжнар. зносінах; рэгулюе кантэйнерныя паркі, укараняе і ажыццяўляе кантэйнерныя цягнікі і маршрутныя групы; развівае бесперагрузачныя перавозкі грузаў у кантэйнерах і каардынуе дзеянні з інш. відамі транспарту; кантралюе ўлік работы кантэйнернага парку на чыгунцы; ажыццяўляе ўвесь комплекс тэхн. прагрэсу, звязанага з К.п. На Бел. чыгунцы дзейнічае 37 станцый для перапрацоўкі сярэднетанажных і 16 для буйнатанажных кантэйнераў. Аб’ём перавозак па чыгунцы за 1997 склаў 35,4 тыс. буйнатанажных і 32,8 тыс. сярэднетанажных кантэйнераў. У напрамку Захад—Усход за 1997 перавезена 28 859 буйнатанажных кантэйнераў. Сумесна з Літ. і Рас. чыгункамі падрыхтавана перавозка кантэйнераў са Скандынаўскіх краін чаўнаковымі кантэйнернымі цягнікамі Клайпеда—Вільнюс—Мінск—Масква. Завершана падрыхтоўка для арганізацыі перавозак кантэйнераў з Японіі, Карэі і краін Д. Усходу хуткаснымі кантэйнернымі цягнікамі Находка—Масква—Брэст за 9 сутак.

І.​Ф.​Васіленка.

т. 8, с. 8

КАНТЭМІ́Р (Анцівох Дзмітрыевіч) (21.9.1708, г. Стамбул — 11.4.1744),

расійскі паэт, дыпламат, адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму ў жанры вершаванай сатыры. Сын Дз.К.Кантэміра. Вучыўся ў Пецярбургу. З 1732 пасол у Вялікабрытаніі, у 1738—44 — у Францыі. Літ. дзейнасць пачаў у 1725 з перакладаў. Выступаў з паліт. эпіграмамі і арыгінальнымі сатырамі (1729—31), у якіх крытыкаваў духавенства і дваранства. Аўтар од, пасланняў, баек, паэм («Петрыда», не завершана), філас. і эстэт. трактатаў («Пісьмы аб прыродзе і чалавеку», 1742, і інш.). Пераклаў асобныя творы Анакрэонта, Гарацыя, Б.​Фантэнеля, Н.​Буало і інш. На бел. мову асобныя вершы К. пераклаў Э.​Валасевіч.

Тв.:

Сочинения, письма и избранные переводы. Т. 1—2. СПб., 1867—68;

Собрание стихотворений. Л., 1956.

Літ.:

Бобынэ Г.Е. Философские воззрения Антиоха Кантемира. Кишинев, 1981.

т. 8, с. 8