КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
судовы орган канстытуцыйнага нагляду ў дзяржаве. Утвораны ў 1994. Кампетэнцыя і парадак яго дзейнасці замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 і Законам «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь» ад 30.3.1994. Фарміруецца з 12 суддзяў, 6 з якіх назначае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, 6 выбірае Савет Рэспублікі. Старшыню Канстытуцыйнага суда назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін дзейнасці членаў суда — 11 гадоў.
Канстытуцыйны суд па прапановах Прэзідэнта, парламента, Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, урада Рэспублікі Беларусь дае заключэнні: пра адпаведнасць законаў, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў і інш. абавязацельстваў дзяржавы Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам; пра адпаведнасць актаў міждзярж. утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, дэкрэтаў і ўказаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству; пра адпаведнасць пастаноў урада, актаў Вярх. і Вышэйшага гасп. судоў, Ген. пракурора, любога інш. дзярж. органа Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам і нац. заканадаўству. Нарматыўныя акты або іх асобныя палажэнні, прызнаныя неканстытуцыйнымі, страчваюць юрыд. сілу. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Канстытуцыйны суд па прапанове Прэзідэнта дае заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі парламента.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 597
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),
асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш. юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд. прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.
Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.
Г.А.Маслыка.
т. 7, с. 598
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ сеймавая, ухвала, пастанова вальнага сейма Каралеўства Польскага і Рэчы Паспалітай. К. звычайна выдаваліся для ўсёй Рэчы Паспалітай, зрэдку асобна для Польшчы і ВКЛ. Прымаліся К. вячыстыя, дзеянне якіх не абмяжоўвалася часам, і часовыя. Абмеркаванне і прыняцце праходзіла ў абедзвюх палатах сейма — сенаце і пасольскай ізбе. У пасольскай ізбе прымаліся спачатку большасцю галасоў, а пасля ўвядзення ў 1589 ліберум вета — аднагалосна. Канчаткова К. рэдагаваў кароль, ад імя якога яна выдавалася. Яе ўпісвалі ў Каронную Метрыку і Метрыку Вялікага княства Літоўскага і друкавалі (з 1576 у абавязковым парадку), спачатку кожную асобна. З канца 16 ст. пастановы сейма выдавалі ў выглядзе зборніка, які лічыўся адной К. Друкаваныя экзэмпляры з дзярж. пячаткай і подпісамі маршалка сейма і канцлера рассылалі па ваяводствах. У 18—20 ст. ажыццёўлена неафіц. выданне К. Польшчы і Рэчы Паспалітай — Валюміна легум.
т. 7, с. 598
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1927. Прынята 11.4.1927 VIII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 13 глаў, 76 артыкулаў. БССР абвяшчалася дзяржавай дыктатуры пралетарыяту, дзе ўся ўлада належыць Саветам рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, замацоўваўся факт уваходжання БССР у склад СССР з правам свабоднага выхаду, вызначаліся правы рэспублікі самастойна прымаць сваю канстытуцыю і ўносіць у яе адпаведныя змены, ствараць вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, вызначаць адм. падзел. Паўтараліся нормы Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919 адносна правоў і абавязкаў грамадзян. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян, ставілася задача яе аховы. Замацоўвалася права грамадзян свабодна карыстацца роднай мовай, нац. меншасцям забяспечвалася магчымасць навучання ў школе на роднай мове, абвяшчалася поўная роўнасць беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў, але аддавалася перавага беларускай у зносінах паміж дзярж., прафс., грамадскімі ўстановамі і арг-цыямі. Рэгламентавалася дзейнасць вышэйшых дзярж. органаў улады і кіравання. Упершыню зацвердзіла сістэму мясц. органаў дзярж. улады і кіравання ў адпаведнасці з адм.тэр. падзелам, замацавала нормы выбарчага права. У ёй упершыню, апрача дзярж. сімвалаў, названа сталіца БССР — г. Мінск.
Т.І.Доўнар.
т. 7, с. 599
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1937.
Прынята 19.2.1937 Надзвычайным XII Усебел. з’ездам Саветаў. Складалася з 11 глаў, 122 артыкулаў. Поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936. БССР абвяшчалася сацыяліст. дзяржавай рабочых і сялян, у якой уся ўлада належала Саветам дэпутатаў працоўных, што складалі паліт. аснову рэспублікі. Эканам. асновай з’яўлялася сацыяліст. сістэма гаспадаркі і сацыяліст. ўласнасць на сродкі вытв-сці ў 2 формах: дзярж. і кааператыўна-калгаснай. Праца вызначалася як абавязак кожнага працаздольнага грамадзяніна па прынцыпе «ад кожнага — па яго здольнасці, кожнаму — па яго працы». Канстытуцыя канстатавала добраахвотнае аб’яднанне БССР на роўных правах з інш. саюзнымі рэспублікамі, суверэнітэт БССР з улікам норм Канстытуцыі СССР. Кожны грамадзянін БССР з’яўляўся грамадзянінам СССР, законы якога былі абавязковымі на тэр. Беларусі. Замацоўваліся асн. правы і свабоды грамадзян: права на працу, адпачынак, адукацыю, свабоду слова, друку, сходаў, мітынгаў; устанаўліваліся абавязкі грамадзян: выконваць законы, захоўваць дысцыпліну, прытрымлівацца правіл сацыяліст. жыцця, берагчы сацыяліст. ўласнасць, абараняць айчыну. Вышэйшым органам дзярж. ўлады быў Вярх. Савет БССР, а ў перыяд паміж сесіямі — яго Прэзідыум. Вярх. Савет ствараў урад — Савет Нар. Камісараў. Органы ўлады фарміраваліся праз выбары. Канстытуцыя рэгламентавала дзейнасць суда і пракуратуры. Зацвярджаліся дзярж. сімвалы, сталіца БССР — г. Мінск. Пасля Вял. Айч. вайны ў Канстытуцыю ўнесены шэраг змен і дапаўненняў, замацаваны правы рэспублікі ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца дыпламат. і консульскімі прадстаўнікамі і інш.
Т.І.Доўнар.
т. 7, с. 599
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР 1978.
Прынята 14.4.1978 на нечарговай 9-й сесіі Вярх. Савета БССР 9-га склікання. Складалася з прэамбулы і 10 раздзелаў, у якіх 19 глаў, 172 артыкулы. Пабудавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй СССР 1977. Канстатавала, што працоўныя Беларусі з дапамогай рус. пралетарыяту ўпершыню здабылі сваю дзяржаўнасць, у краіне пабудавана развітое сацыяліст. грамадства, сфарміравалася новая гіст. супольнасць людзей — савецкі народ. Вызначалася паліт. сістэма грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС (як кіруючая і накіроўваючая сіла сав. грамадства, ядро яго паліт. сістэмы), грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Гал. формай улады прызнана ўлада народа — крыніца дзярж. суверэнітэту. Органы дзярж. улады пачалі называцца Саветамі нар. дэпутатаў. Колькасць асн. правоў, свабод і абавязкаў грамадзян была значна павялічана. Суверэнітэт БССР у складзе Саюза ССР быў абмежаваны арт. 73 Канстытуцыі СССР, паза межамі якога БССР магла самастойна ажыццяўляць дзярж. ўладу на сваёй тэрыторыі. Вышэйшым органам дзярж. улады рэспублікі з’яўляўся Вярх. Савет БССР і яго пастаянна дзеючы орган — Прэзідыум Вярх. Савета, вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам — СМ БССР, мясц. органамі дзярж. улады і кіравання — мясц. Саветы нар. дэпутатаў і іх выканкомы. Упершыню ў канстытуцыйнай практыцы рэспублікі ўводзіліся такія формы прамой дэмакратыі, як усенар. абмеркаванне найб. важных пытанняў дзярж. жыцця і іх вынясенне на рэферэндум. Канстытуцыйна замацоўваліся прынцыпы дэмакр. цэнтралізму пабудовы органаў дзярж. улады і кіравання. Асобны артыкул прысвячаўся ролі прац. калектываў. Дапускалася індывід. прац. дзейнасць грамадзян. Устанаўліваліся дзярж. сімвалы, гімн і сталіца, працэдура змянення Канстытуцыі рэспублікі.
А.Л.Галаўко.
т. 7, с. 599
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
асноўны закон дзяржавы. Прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў праведзены рэферэндум, на падставе якога ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні. Абноўлены тэкст Канстытуцыі набыў сілу 27.11.1996. Канстытуцыя складаецца з прэамбулы, 9 раздзелаў, у якіх 8 глаў і 146 артыкулаў. Адлюстроўвае новы сац.-эканам. і паліт. этап развіцця грамадства і дзяржавы: замацаванне поўнага дзярж. суверэнітэту, далейшае адраджэнне бел. нацыі і культуры, прызнанне роўнай абароны і роўных магчымасцей усіх форм уласнасці. Зменена назва дзяржавы, яна стала наз. Рэспубліка Беларусь. Артыкул I падкрэслівае, што Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр. сац.-прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку. Чалавек з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства і дзяржавы. Вызначаны новы прававы статус грамадзян, прызнаны натуральныя правы чалавека, пашырана кола правоў і свабод (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь), замацаваны іх гарантыі і формы абароны. Вызначаны асновы канстытуцыйнага ладу краіны. Адзінай крыніцай дзярж. улады ў краіне з’яўляецца народ, які ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна і праз прадстаўнічыя органы. Дэмакратыя ажыццяўляецца на падставе разнастайнасці паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, плюралізму думак. Ідэалогія паліт. партый, рэліг. або інш. грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца як абавязковая для грамадзян. Забараняецца стварэнне і дзейнасць паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу ці вядуць прапаганду вайны, сац., нац., рэліг. і расавай варожасці. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканад., выканаўчай і судовай. Дзярж. органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго. Прызнаецца прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнар. права, не дапускаецца заключэнне міжнар. дагавораў, што супярэчаць Канстытуцыі. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сац., нац. і інш. супольнасцямі на падставе іх роўнасці перад законам, адказвае за захаванне гісторыка-культ. спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх супольнасцей, што пражываюць у краіне. Забяспечваецца роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. Замацоўваюцца гуманныя прынцыпы знешняй палітыкі дзяржавы, ставіцца за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву нейтральнай. Дзярж. мовамі ў краіне з’яўляюцца бел. і руская. Вызначаны сімвалы дзяржавы — герб, сцяг і гімн. Сталіца — г. Мінск. Паўнапраўным кіраўніком дзяржавы з’яўляецца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Вызначана працэдура яго выбрання, пасля рэферэндуму 1996 значна пашырана кола яго паўнамоцтваў і абавязкаў. Вышэйшым прадстаўнічым заканад. органам дзярж. улады з’яўляецца Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, які складаецца з 2 палат — Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў. Захавана пераемнасць у назве мясц. прадстаўнічых органаў — Саветаў (у Канстытуцыі яны называюцца Саветамі дэпутатаў). Мясц. кіраванне і самакіраванне ў адм.-тэр. адзінках ажыццяўляюць мясц. Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы, органы тэр. грамадскага самакіравання, сходы і інш. Пасля рэферэндуму 1996 зменены назва і статус урада, які атрымаў назву Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. На чале яго стаіць Прэм’ер-міністр. Створаны Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь. Асобная глава Канстытуцыі прысвечана выбарчай сістэме: акрэслены абавязкі і паўнамоцтвы суда і пракуратуры. Асобны раздзел прысвечаны фін.-крэдытнай сістэме дзяржавы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыд. сілу: законы і інш. акты дзярж. органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Апошні раздзел Канстытуцыі рэгламентуе парадак яе дзеяння і ўнясення змен ў яе.
А.А.Галаўко.
т. 7, с. 599
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ САВЕ́ЦКАЙ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ 1919,
першая Канстытуцыя БССР. Прынята 3.2.1919 на I Усебел. з’ездзе Саветаў. Створана на ўзор Канстытуцыі РСФСР 1918. Складалася з Дэкларацыі правоў прац. і эксплуатуемага народа і 3 раздзелаў. Замацавала афіц. назву дзяржавы — Сацыяліст. Сав. Рэспубліка Беларусі (ССРБ), абвясціла яе рэспублікай Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. Вызначыла асн. задачы дзяржавы — устанаўленне дыктатуры пралетарыяту, падаўленне супраціўлення звергнутых класаў, знішчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, пабудова сацыялізму. Адмяніла прыватную ўласнасць на зямлю і інш. сродкі вытв-сці, якія абвяшчаліся нац. здабыткам. Замацоўвала роўныя правы і абавязкі грамадзян рэспублікі, абвяшчала дэмакр. свабоды — сумлення, выказвання поглядаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў, саюзаў. Праца прызнавалася абавязкам усіх грамадзян. Уводзіўся ўсеагульны воінскі абавязак. Вышэйшым органам дзярж. улады абвяшчаўся з’езд Саветаў Беларусі, у перыяд паміж з’ездамі паўната ўлады належала Цэнтр. Выканаўчаму Камітэту (ЦВК). Трэці раздзел прысвячаўся дзярж. сімвалам рэспублікі.
Т.І.Доўнар.
т. 7, с. 600
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ ЧАЛАВЕ́КА,
функцыянальныя і марфалагічныя асаблівасці арганізма, абумоўленыя спадчыннымі і набытымі ўласцівасцямі. Вызначае рэакцыю арганізма на ўздзеянне знешніх, у т. л. хваробатворных, фактараў навакольнага асяроддзя. Тыпы К.ч. вызначаюць: паводле складу цела (рост, маса, развіццё мышцаў, падскурнага слоя тлушчу) — астэнічны, нормастэнічны і гіперстэнічны; паводле тэмпераменту — халерык, сангвінік, флегматык, меланхолік; па суадносінах 1-й і 2-й сігнальных сістэм — мастацкі і мысліцельны; паводле стану ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы, эндакрынных залоз і інш. Мае значэнне ў мед. практыцы.
т. 7, с. 600
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1793,
асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты без абмеркавання 23.11(5.12).1793 Гродзенскім сеймам 1793. Яе праект распрацаваны К.Рачынскім, Ф.Машчынскім, Л.Тышкевічам пад наглядам царскага пасла Я.Я.Сіверса. Паводле К. Рэч Паспалітая захоўвалася як унітарная дзяржава ў складзе правінцый Кароны і княства Літоўскага, падзялялася на ваяводствы, а тыя — на 3 паветы (землі). Захоўваліся кардынальныя правы, гарантаваныя сеймамі 1768, 1775 і Канстытуцыяй 1791. Аднаўлялася выбарнасць караля. Вышэйшым заканад. органам краіны быў сейм, які склікаўся раз у 4 гады на 8 тыдняў. Рашэнні ў сейме прымаліся большасцю галасоў, акрамя самых важных пытанняў заканадаўства, падаткаў, арміі, на якія каралю давалася права вета. Выканаўчая ўлада належала Пастаяннай радзе з 24 чал., у т. л. 11 ад княства. Рада мела 6 дэпартаментаў, рыхтавала заканад. праекты, наглядала за іх рэалізацыяй. склікала сеймы нават без згоды караля. Паўната ўлады ў паветах належала парадкавым камісіям. Членаў камісіі выбіралі на мясц. сейміках з аселай шляхты. Немаёмная шляхта пазбаўлялася выбарчых правоў. Мяшчане атрымалі права набываць землі і шляхецкую годнасць, але не мелі прадстаўніцтва ў сейме. У якасці ўступкі рэформам Чатырохгадовага сейма захаваны зямянскія суды з выбарнымі пасадамі на дзярж. утрыманні. Вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй для судоў быў Трыбунал, асобны для цывільных і духоўных спраў. Фактычна К. не выконвалася, бо страціла сілу ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай 1795, пасля чаго Рэч Паспалітая перастала існаваць.
Я.С.Анішчанка.
т. 7, с. 598