Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАМУТА́ЦЫЯ (ад лац. commutatio змена, замена),

замена паншчыны і натуральнага аброку грашовай рэнтай. Адбывалася ў сярэдневякоўі ў выніку пранікнення таварна-грашовых адносін у феад. вёску. Тэрмін «К.» звычайна ўжываецца ў дачыненні да агр. адносін краін Зах. Еўропы, асабліва Англіі.

т. 7, с. 551

КАМУТА́ЦЫЯ ў тэхніцы,

пераход эл. току ад аднаго вентыля да наступнага ў вентыльных пераўтваральніках току (выпрамніках, інвертарах і інш.); пераключэнне эл. ланцугоў у прыладах аўтаматыкі, электраэнергетыкі, электрасувязі і інш. Выконваецца з дапамогай рэле, кантактараў, камандаапаратаў, ключоў (мех., электронных, магн.) і інш.

т. 7, с. 552

КАМУФЛЯ́Ж (франц. camouflage),

1) спосаб ваен. маскіроўкі шляхам афарбоўкі прадметаў (танкаў, гармат, аўтамашын, караблёў, катэраў, будынкаў і інш.) і адзення ваеннаслужачых плямамі, палосамі рознай формы і колеру, якія змяняюць іх вонкавы выгляд, скажаюць контуры, робяць іх менш прыкметнымі сярод навакольнай мясцовасці.

2) У пераносным сэнсе — падманлівае знешняе ўражанне, бачнасць.

т. 7, с. 552

КАМФАРАНО́СНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць камфарны эфірны алей, гал. кампанент якога — камфора. Да К.р. належаць базілік, камфоравае дрэва, піхта сібірская (з яе ігліцы атрымліваюць барнілацетат, які перапрацоўваюць у камфару).

т. 7, с. 552

КАМФЕ́Н, 3,3-дыметыл-2-метылбіцыкла-[2, 2, 1] гептан,

вуглевадарод тэрпенавага рада. Бясколерныя крышталі з камфарным пахам, tпл 48—52 °C. Раствараецца ў дыэтылавым эфіры, бензоле, этаноле, не раствараецца ў вадзе. Уваходзіць у састаў многіх эфірных алеяў шкіпінару. У прам-сці атрымліваюць каталітычнай ізамерызацыяй пінену. Выкарыстоўваюць у вытв-сці камфоры, інсектыцыдаў, пахучых рэчываў.

т. 7, с. 552

КАМФО́РА, камфара, 1,7,7-тры метылбіцыкла [2,2,1]гептан 2-он,

арганічнае злучэнне, біцыклічны тэрпенавы кетон. Бясколерныя крышталі з характэрным пахам. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Лёгка ўзганяецца. Існуюць аптычна актыўныя (+)- і (-)-ізамеры tпл 178,2—178,6 °C) і рацэмічная сумесь — (±)-ізамер tпл 178—178,5 °C). К. маюць эфірныя алеі камфорнага лаўру і шалфею, сіб. піхты, базіліку, палыну, а таксама экстракцыйны шкіпінар. У прам-сці (±)-К. атрымліваюць перапрацоўкай пінену, (-)-К. — з хваёвага алею сіб. піхты. (+)-К. вылучаюць з камфорнага лаўру. Выкарыстоўваюць у прам-сці як пластыфікатар цэлулоіду і плёнак на яго аснове, флегматызатар пораху; рэпелент ад молі і камароў; у медыцыне — як кардыятанічны і аналептычны сродак, які ўзмацняе сардэчную дзейнасць, узбуджае ц. н. с., стымулюе дыханне і кровазварот.

т. 7, с. 552

КАМФО́РАВАЕ ДРЭ́ВА,

камфоравы лаўр (Cinnamomum camphora), кветкавая расліна сям. лаўровых, від роду карычнік, або карычны лаўр. Радзіма — Паўд.-Усх. трапічная Азія. Утварае лясы. Вырошчваюць у тропіках і субтропіках многіх краін, у т. л. на чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.

Шматгадовазялёнае дрэва да 50 м выш. і 3 м у дыяметры, з карой, якая дае трэшчыны Лісце простае, скурыстае, бліскучае. Кветкі дробныя, белаватыя ці жаўтаватыя, сабраныя ў кальчакі. Плод — цёмна-сіняя сакаўная касцянка. Вегетатыўныя органы і плады маюць прыемны востры пах камфары. Тэхн., дэкар., інсектыцыдная і лек. расліна. Выкарыстоўваецца ў парфумерыі.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 7, с. 552

КАМФО́РТ (англ. comfort),

сукупнасць быт. выгод, зручнасцей; добраўпарадкаванасць і ўтульнасць жылля, грамадскіх устаноў. шляхоў зносін і інш. У пераносным сэнсе — душэўны К. — стан унутр. спакою, адсутнасць разладу з сабой і навакольным светам.

т. 7, с. 552

КАМФО́РТНАСЦЬ ЛАНДША́ФТУ,

умоўна-ацэначная мера эколага-біял. і сацыяльна-псіхал. спрыяльнасці ландшафту для жыццядзейнасці людзей. Вызначаецца ступенню адпаведнасці ландшафту патрэбнасцям чалавека ў паўнацэнным адпачынку, набыцці псіхаэмацыянальнай і функцыян. раўнавагі. Аб’ектыўную аснову Кл. складаюць рэальныя фактары прафілакт., аднаўленчага, лячэбнага, эстэт. і інш. ўплыву навакольнага прыроднага асяроддзя на чалавека, абумоўленыя непарыўнай сувяззю паміж імі. Чалавек успрымае Кл. суб’ектыўна. Дастасаванасць ландшафтаў да вырашэння аздараўленчых мэт, іх адпаведнасць аб’ектыўным фактарам улічваецца пры вылучэнні і размяшчэнні зон адпачынку, курортаў. Разнастайныя маляўнічыя ландшафты, лясныя біягеацэнозы Беларусі, асабліва мала змененыя гасп. дзейнасцю, у спалучэнні з асаблівасцямі мясц. клімату вызначаюцца высокай ступенню камфортнасці і каштоўнасці для ландшафтатэрапіі і аздараўленча-прафілакт. работы.

І.​Я.​Кернажыцкая.

т. 7, с. 552

КАМЧА́ТКА,

паўвостраў на ПнУ Азіі, у Камчацкай вобл. Расіі. Абмываецца на З Ахоцкім м., на У — Ціхім ак. і Берынгавым м. Пл. 370 тыс. км². Працягласць з ПнПнУ на ПдПдУ 1200 км, шыр. да 450 км. Вузкім (да 100 км) перашыйкам Парапольскі дол злучаецца з мацерыком. Усх. бераг моцна парэзаны, утварае залівы (Краноцкі, Камчацкі, Азярной, Карагінскі, Корфа) і бухты (Авачынская, Карага, Acopa і інш.). Далёка ў мора выступаюць скалістыя п-авы — Шыпунскі, Краноцкі, Камчацкі, Азярной. Зах. бераг парэзаны слаба. У сярэдняй частцы К. з ПнУ на ПдЗ перасякаюць хрыбты Сярэдзінны (выш. 3621 м, вулкан Ічынская Сопка) і Усходні (выш. да 2485 м). Паміж імі Цэнтральнакамчацкая нізіна. На З К. — Заходне-Камчацкая нізіна, на У — платопадобнае ўзвышша з конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Усяго на К. больш за 160 вулканаў, з якіх дзейнічае 28 (найвыш. Ключаўская Сопка). Ёсць шмат гейзераў і мінер. крыніц. К. складзена пераважна з верхнемезазойскіх і кайназойскіх асадкавых і эфузіўных адкладаў. Карысныя выкапні: пемза, слюда, сера, вугаль, буд. матэрыялы, ртуць, нафта. Клімат марскі мусонны на ўзбярэжжы, унутры кантынентальны. Сярэдняя т-ра жн. 12 °C, лют. -13 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Сучаснае зледзяненне (пл. 874 км²), больш за 400 ледавікоў. Найбуйнейшыя рэкі: Камчатка, Авача, Вялікая і інш., паўнаводныя. Шмат азёр у кратэрах (Хангар і інш.) і кальдэрах (Краноцкае, Курыльскае і інш.). На Пн К. мохавая тундра. У цэнтр. частцы паўвострава і на У — тайга (даурская лістоўніца, саянская елка, піхта і інш.). На ўзвышшах зараснікі каменнай бярозы, на схілах гор кедравы сланік. У паніжэннях высакатраўе. На З шмат балот. Прамысл. звяры: собаль, ліс, выдра. Лоўля ціхаакіянскага селядца. кеты. гарбушы, камчацкага краба. На К. біясферны Краноцкі запаведнік. Найб. горад Петрапаўлаўск-Камчацкі. Гаспадарку гл. ў арт. Камчацкая вобласць.

Літ.:

Семенов В.И. В краю горячих источников. Петропавловск-Камчатский, 1988.

Ландшафт Камчаткі.

т. 7, с. 552