Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАМІ́СІЯ,

1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (камісіянер) абавязваецца па даручэнні другога боку (камітэнта) здзяйсняць здзелкі ад свайго імя. Узаемаадносіны бакоў у дагаворы К., іх правы і абавязкі рэгламентуюцца цывільным заканадаўствам.

2) Выбраная ці назначаная група асоб, упаўнаважаная выконваць часовае ці пастаяннае даручэнне.

т. 7, с. 529

КАМІСІЯНЕ́Р,

гл. ў арт. Камісія.

т. 7, с. 529

КАМІ́СІЯ ЕЎРАПЕ́ЙСКІХ СУПО́ЛЬНАСЦЕЙ (Commission of the European Communities; CEC),

выканаўчы орган Еўрапейскіх супольнасцей. Створана паводле Брусельскага дагавора (падпісаны 8.4.1965). Дзейнічае з 1.7.1967. Выпрацоўвае праекты рашэнняў Еўрап. савета, кантралюе выкананне дагавораў аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці, Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі і пастаноў Еўрап. савета, прымае рашэнні па пытаннях, прадугледжаных дагаворамі і інш. Члены камісіі прызначаюцца ўрадамі дзяржаў-членаў і могуць быць адхілены ад выканання сваіх функцый толькі рашэннем асобага суда. Месцазнаходжанне — г. Брусель.

т. 7, с. 529

КАМІ́СІЯ ПА ПРАЦО́ЎНЫХ СПРЭ́ЧКАХ,

у бел. працоўным праве абавязковы пярвічны орган па разглядзе прац. спрэчак. Ствараецца на прадпрыемствах і ва ўстановах з роўнай колькасці прадстаўнікоў прафсаюза і наймальніка тэрмінам на 1 год. Разглядае спрэчкі работнікаў, звязаныя з выкарыстаннем заканадаўства аб працы, калектыўных дагавораў, пагадненняў і інш. лакальных нарматыўных актаў, прац. дагавораў, у т. л. аб устаноўленых расцэнках, нормах працы і ўмовах іх выканання; пераводзе на інш. работу і перамяшчэнні; аплаце працы; праве на атрыманне і памеры прэмій і ўзнагароджанняў, што належаць работніку ў адпаведнасці з існуючай у наймальніка сістэмай аплаты працы; выплаце кампенсацый і прадастаўленні гарантый; вяртанні грашовых сум, утрыманых з зарплаты работніка; прадастаўленні водпускаў; выдачы спецадзення, сродкаў індывід. засцярогі, лячэбна-прафілакт. харчавання. Камісія прымае рашэнне па згодзе паміж прадстаўнікамі наймальніка і прафсаюза. Парадак разгляду спрэчак камісіяй і рэалізацыя яе рашэнняў рэгламентуюцца заканадаўствам.

т. 7, с. 529

Камісія па справах былых партызан і падпольшчыкаў Вялікай Айчыннай вайны 1941-44

т. 18, кн. 1, с. 399

КАМІ́СІЯ ПА СПРА́ВАХ НЕПАЎНАЛЕ́ТНІХ,

у Рэспубліцы Беларусь орган, які каардынуе дзейнасць дзярж. органаў і грамадскіх аб’яднанняў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, уладкаванні дзяцей і падлеткаў, ахове іх правоў. Разглядае справы аб правапарушэннях дзяцей і падлеткаў, кантралюе правядзенне выхаваўчай і прафілактычнай работы з непаўналетнімі ў навуч. установах (у т. л. ў спец. установах закрытага тыпу), у прыёмніках-размеркавальніках для непаўналетніх і выхаваўча-працоўных калоніях. Камісіі ўтвараюцца пры гар., раённых, абл. выканкомах, а Камісія па справах непаўналетніх пры СМ Рэспублікі Беларусь — СМ Рэспублікі Беларусь. Склад камісій, іх правы і парадак дзейнасці рэгламентуюцца заканадаўствам. Пастановы, прынятыя камісіямі, абавязковыя для выканання прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі незалежна ад форм уласнасці, службовымі асобамі і грамадзянамі. Дзейнасць камісій ажыццяўляецца пры шырокім удзеле грамадскасці і ва ўзаемадзеянні з пастаяннымі камісіямі Саветаў дэпутатаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 529

КАМІ́СІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ ПА СПРА́ВАХ ЮНЕ́СКА,

гл. Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

т. 7, с. 529

КАМІ́СІЯ ЧАСО́ВАГА ПРАЎЛЕ́ННЯ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА,

назва ўрада, створанага франц. камандаваннем у вайну 1812 на тэр. акупіраваных Беларусі і Літвы. Гл. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага.

т. 7, с. 529

КАМІТА́С (сапр. Сагаманян Сагамон Геворкавіч; 8.10.1869, мяст. Куціна, Турцыя — 22.10.1935),

армянскі кампазітар, фалькларыст, спявак, харавы дырыжор, муз. дзеяч; заснавальнік арм. класічнай музыкі, нац. школы спеваў і навук. муз. этнаграфіі. Музыцы вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай акадэміі, таксама ў М.​Екмаляна ў Тбілісі (1895). У 1896—99 у Берліне, дзе скончыў прыватную кансерваторыю Р.​Шміта і ун-т. Узначальваў муз. класы і арганізаваны ім хор Эчміядзінскай акадэміі. Майстар хар. поліфаніі. Збіраў і даследаваў муз. фальклор (запісаў больш за 3000 арм., курдскіх, перс., тур. нар. песень). З-за канфлікту з царк. ўладамі ў 1910 пераехаў у Стамбул, з 1919 жыў у Парыжы. Апошнія 20 гадоў жыцця пакутаваў ад цяжкай душэўнай хваробы. Яго творчасць адыграла вял. ролю ў фарміраванні нац. кампазітарскай школы. Аўтар фп. мініяцюр і інш. інстр. п’ес.

Літ. тв.: Собр. соч. Т. 1—6. Ереван, 1969—82.

Літ.:

Шавердян А.И. Комитас и армянская музыкальная культура. Ереван, 1956;

Геодакян Г.Ш. Комитас. Ерсван, 1969.

Камітас.

т. 7, с. 529

КАМІТЭ́НТ,

гл. ў арт. Камісія.

т. 7, с. 529