Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́МЕРА (ад лац. camera пакой, палата),

1) асобнае памяшканне спец. прызначэння, напр., К. захоўвання багажу, знаходжання зняволеных.

2) Закрытая прастора ў якой-н. машыне ці прыладзе, напр., іскравая камера, камера згарання рухавіка.

3) Гумавая абалонка, куды напампоўваюць паветра (пад пакрышкай кола, мяча).

4) Назва фатагр. ці кіназдымачнага апарата.

5) Падземная горная вырабатка параўнальна вял. папярочных памераў і малой даўжыні. Прызначаецца для размяшчэння абсталявання, гасп., сан. ці інш. мэт.

6) Асноўны агрэгат ракетнага рухавіка, дзе патэнцыяльная энергія рабочага цела пераўтвараецца ў кінетычную энергію выхаднога газавага струменя для стварэння рэактыўнай цягі. У хім. рухавіка складаецца з К. згарання і рэактыўнага сапла.

т. 7, с. 520

КА́МЕРА (Іван Паўлавіч) (27.12.1897, в. Малыя Жухавічы Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 21.1.1952),

генерал-палкоўнік артылерыі (1943). Скончыў Вышэйшую артыл. школу (1921), артыл. камандна-тактычныя курсы (1936). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну ўдзельнік баёў супраць войск Калчака і сав.-польскай вайны 1920: камісар дывізіёна, палка. Пазней нач. артылерыі дывізіі, корпуса Забайкальскай і Паўн.-Каўказскай ваен. акруг. У Вял. Айч. вайну на Зах. фронце: нач. артылерыі арміі, нам. камандуючага войскамі, нач. артылерыі фронту. Удзельнік абароны Масквы.

І.П.Камера.

т. 7, с. 520

КА́МЕРАН ((Cameron) Верні Ловет) (1.7.1844, Рэйдзіпал, Вялікабрытанія — 27.3.1894),

англійскі марак, даследчык Цэнтр. Афрыкі. У 1874 даследаваў ч. берагоў воз. Танганьіка, адкрыў на З яго сцёк — р. Лукуга, дайшоў да р. Луалаба. Прайшоў уздоўж яе на Пд, прасачыў водападзел паміж бас. ніжняга Конга і верхняй Замбезі, у ліст. 1875 выйшаў да Атлантычнага ак. Зрабіў каля 4 тыс. вызначэнняў вышынь, што з’явілася пачаткам вывучэння рэльефу Цэнтр. Афрыкі.

т. 7, с. 521

КАМЕРА́РЫУС ((Camerarius) Рудольф Якаб) (12.2.1665, г. Цюбінген, Германія — 11.9.1721),

нямецкі батанік і ўрач. Праф. Цюбінгенскага ун-та і дырэктар універсітэцкага бат. саду (1688). Эксперыментальна абгрунтаваў наяўнасць полу ў раслін, вызначыў тычынкі як мужчынскія, а песцікі як жаночыя палавыя органы. Зрабіў шэраг доследаў над двухдомнымі і аднадомнымі раслінамі і прыйшоў да высновы пра наяўнасць у іх палавой дыферэнцыроўкі, адзначыў магчымасць апладнення раслін аднаго віду пылком іншага віду, пашыранасць гермафрадытызму ў свеце раслін.

т. 7, с. 521

«КАМЕРА́ТА»,

вакальная група Бел. філармоніі. Створана ў 1986. Кіраўнікі А.​Шыкуноў (з 1986), І.​Мельнікаў (з 1995). У складзе групы (1998): В.​Вараб’ёва, Т.​Дробышава, Ю.​Караткевіч, Г.​Гардынец, А.​Доўнар, А.​Бурдзялёў. Першапачаткова рэпертуар уключаў харавыя акапэльныя творы 14—20 ст., з 1988 — джазавыя стандарты. У 1989 канцэртнай праграмай «Музыка падсвядомасці» акрэслены асн. кірунак групы: уласныя кампазіцыі (у т. л. В.​Вараб’ёвай), якія спалучаюць спевы а капэла з тэхнікай мікрафонных спеваў і адначасовай апрацоўкай галасоў электронікай. Творчая вяршыня калектыву — пастаноўка містэрыі «Бог сярод нас» Шыкунова (1995). З 1996 «К.» супрацоўнічае з Дзярж. канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Фінберга, выконвае апрацоўкі эстр. песень. У рэпертуары некалькі разнапланавых праграм: ад старадаўняй духоўнай музыкі да авангарда.

Н.​Я.​Бунцэвіч.

Вакальная група «Кімерата».

т. 7, с. 521

КА́МЕРА-АБСКУ́РА (ад лац. camera obscura літар. цёмны пакой),

найпрасцейшае аптычнае прыстасаванне для атрымання на экране відарыса прадмета. Дае відарыс, свабодны ад дысторсіі, і дазваляе фатаграфаваць аб’екты ў такіх прамянях (напр., рэнтгенаўскіх), для якіх нельга падабраць лінзы.

К.-а. ўяўляе сабой цёмную скрыню, у адной са сценак якой зроблена маленькая адтуліна. Прамяні святла ад розных пунктаў аб’екта праходзяць праз адтуліну і ствараюць яго відарыс на процілеглай сценцы скрыні. Такая ўласцівасць К.-а. была вядома Арыстоцелю; прынцып яе работы апісаны ў працах Леанарда да Вінчы. З 17 ст. выкарыстоўвалася для назірання сонечных зацьменняў, атрымання дакумент. рысункаў («фатаграфія да фатаграфіі») і інш. Заменена лінзавай камерай. Гл. таксама Фатаграфічны апарат.

т. 7, с. 521

КА́МЕРА ДЭЗІНФЕКЦЫ́ЙНАЯ,

збудаванне або тэхн. абсталяванне, прызначаныя для дэзінфекцыі. Асн. ч. — памяшканне ці ёмістасць, куды змяшчаюць вопратку, абутак, пасцельныя і інш. рэчы, якія неабходна апрацаваць. Бываюць К.д. газавыя (выкарыстоўваюць газападобныя дэзінфіцыруючыя сродкі — вокіс этылену, бромісты метыл і інш.), гарачапаветраныя (апрацоўваюць паветрам з т-рай 80—110 °C), парааўтаномныя (маюць абсталяванне для стварэння вадзяной пары), паравыя (апрацоўваюць вадзяной парай атм. ці павышанага ціску), парапаветрана-фармалінавыя (маюць фарсунку для распылення фармаліну), эл. (параўтварэнне адбываецца з дапамогай эл. награвальных прылад) і інш.

т. 7, с. 521

КА́МЕРА ЗГАРАННЯ,

замкнёная прастора для спальвання газападобнага, вадкага або цвёрдага паліва. Спальванне адбываецца перыядычна (напр., у поршневых рухавіках унутр. згарання) ці неперарыўна (у газатурбінных і рэактыўных рухавіках).

К.з. поршневага рухавіка ўтвараецца ўнутр. паверхняй галоўкі цыліндра і днішчам поршня; у газатурбінных рухавіках К.з. звычайна ўбудоўваецца непасрэдна ў рухавік. Асн. патрабаванні: устойлівасць працэсу гарэння, высокая цепланапружанасць і паўната згарання паліва, найменшыя цеплавыя страты і інш. Гл. таксама Камерная печ.

т. 7, с. 521

КА́МЕРЛІНГ-О́НЕС ((Kamerling Onnes) Гейке) (21.9.1853, г. Гронінген, Нідэрланды — 21.2.1926),

нідэрландскі фізік, адзін з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). Скончыў Гронінгенскі ун-т (1876). У 1878—82 у Політэхн. школе ў г. Дэлфт, у 1882—1923 праф. Лейдэнскага ун-та, арганізатар і першы дырэктар (1894—1923) Лейдэнскай крыягеннай лабараторыі. Навук. працы па крыягеннай фізіцы, тэрмадынаміцы, магнітаоптыцы і радыеактыўнасці. Першым дасягнуў тэмператур, блізкіх да абсалютнага нуля, і атрымаў (1908) вадкі гелій. Адкрыў звышправоднасць (1911). Нобелеўская прэмія 1913.

Г.Камерлінг-Онес.

т. 7, с. 521

КА́МЕРНАЯ МУ́ЗЫКА,

галіна муз. мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невял. складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя муз. драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый. Асн. разнавіднасці твораў К.м. — раманс, вак. цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыо, квартэт, квінтэт і інш.), інстр. п’есы і цыклы п’ес.

Тэрмін «К.м.» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі. звязанай пераважна з быт. (хатнім) музіцыраваннем, царк. і тэатр. музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інстр. жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф.​Шуберт, Р.​Шуман. З 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 ст. значныя дасягненні ў К.м. належаць Ф.​Шапэну, І.​Брамсу, А.​Дворжаку, Х.​Вольфу, К.​Дэбюсі, Л.​Яначаку, Б.​Бартаку, П.​Хіндэміту, М.​Глінку, А.​Даргамыжскаму, М.​Мусаргскаму, П.​Чайкоўскаму, С.​Танееву, С.​Рахманінаву, А.​Скрабіну, М.​Метнеру, Дз.​Шастаковічу, С.​Пракоф’еву, М.​Мяскоўскаму, Г.​Свірыдаву.

На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А.​Абрамовічу, І.​Глінскаму, М.​Ельскаму, Н.​Орду, Ф.​Міладоўскаму, В.​Казлоўскаму. У 20 ст. К.м. фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця бел. муз. культуры. У інстр. творах 1920—30-х г. характэрная рыса — цытаванне фалькл. матэрыялу (квартэты М.​Крошнера, М.​Чуркіна, В.​Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М.​Аладава, А.​Багатырова, П.​Падкавырава, Р.​Пукста, Я.​Цікоцкага. Вакальная К.м. бел. кампазітараў ахоплівае рамансы і вак. цыклы (Л.​Абеліёвіч, Багатыроў, Г.​Гарэлава, Дз.​Лукас, Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Тырманд, Л.​Шлег). Інстр. мініяцюры ёсць ва ўсіх бел. кампазітараў, але найб. іх стварылі Абеліёвіч, Я.​Глебаў, В.​Карэтнікаў, Падкавыраў, Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В.​Войцік, С.​Картэс, А.​Навахрост, Ф.​Пыталеў, Тырманд, К.​Цесакоў, Шлег і інш. Побач з традыц. інстр. складамі бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць у К.м. духавыя, ударныя і нар. муз. інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С.​Бельцюкоў, Гарэлава, У.​Кур’ян, Смольскі, Шлег). На стылістыцы К.м. адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі бел. муз. мастацтва на розных этапах яго развіцця.

Літ.:

Рацкая Ц.С. Советская камерная музыка. М., 1965;

Раабен Л.Н. Советская камерно-инструментальная музыка. Л., 1963;

Яго ж. Камерная инструментальная музыка первой половины XX в.: Страны Европы и Америки. Л., 1986;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Антоневич В.А. Камерно-инструментальная музыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 521