Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАМБАДЖЫ́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА,

нізінная раўніна на Пд п-ва Індакітай, пераважна ў Камбоджы. Пл. каля 200 тыс. км². Сярэднія выш. каля 100 м. Абмежавана на З хр. Кравань, на Пн уступам плато Карат, на У гарамі Чыянгшон. Складзена з рыхлых алювіяльных і азёрных адкладаў р. Меконг і яе прытокаў. На К.р. знаходзіцца самае вялікае на п-ве Індакітай воз. Танлесап. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў ад 700 да 1500 мм за год. Пасля зведзеных лясоў пераважаюць рэдкалессі і саванны, месцамі лугі і балоты. Густа населена; развіта рысаводства.

т. 7, с. 505

КАМБА́ЙН (англ. combine літар. злучэнне),

агрэгат з некалькіх рабочых машын, прызначаных адначасова выконваць поўны цыкл рознахарактарных аперацый. Пачаткам такога цыкла можа быць здабыванне сыравіны, канцом — выпуск прадукцыі.

Аб’яднанне некалькіх паслядоўных аперацый у К. паскарае вытв. працэс і павышае прадукцыйнасць працы за кошт выключэння міжаперацыйных страт часу, матэрыялаў і шматлікіх паўтарэнняў пагрузачна-разгрузачных, трансп. і інш. работ. К. бываюць рухомыя (самаходныя, прычапныя) і стацыянарныя. Найб. пашыраны рознага тылу К. ў с.-г. вытв-сці, напр., бульба-, збожжа-, канопле-, корма-, кукуруза-, сіласаўборачны К. (гл. адпаведныя арт.), ільноўборачны (гл. ў арт. Ільноўборачныя машыны).Выкарыстоўваюцца К. ў горнай справе (гл. Горны камбайн), атрымалі пашырэнне кухонныя К. (гл. ў арг. Кухонныя прылады і прыстасаванні), музычныя К. (музычныя цэнтры).

т. 7, с. 505

КАМБАЙНАБУДАВА́ННЕ,

гл. ў арт. Сельскагаспадарчае машынабудаванне.

т. 7, с. 505

КАМБАЛАПАДО́БНЫЯ (Pleuronectiformes),

атрад касцістых рыб. 3 падатр., 8 сям., 116 родаў, каля 500 відаў. Пашыраны ў акіянах. Большасць відаў жыве ў тропіках і субтропіках у прыбярэжнай зоне, зрэдку на глыбінях больш за 1 км; некат. заходзяць у рэкі. Донныя рыбы. Падатр. плеўранектападобныя мае найб. колькасць прамысл. відаў. Уключае 5 сям. Самае прадстаўнічае — сям. камбалавыя (Pleuronectidae) — 93 віды. Найб. тыповыя рыбы — ліманды, марскія і рачныя камбалы, марскія языкі, палтусы.

Даўж. ад 6 см да 4,7 м, маса ад некалькіх грамаў да 330 кг. Цела несіметрычнае, пляскатае, шырокае і кароткае. Вочы на адным (правым або левым) баку галавы. Плавальнага пузыра няма Брушны бок цела слаба пігментаваны, спінны здольны зменьваць афарбоўку пад колер грунту. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, некат. рыбай.

т. 7, с. 505

КАМБАТА́НТЫ (ад франц. combattant воін, баец),

у міжнародным праве асобы, якія ўваходзяць у склад узбр. сіл ваюючых дзяржаў і прымаюць удзел у ваен. дзеяннях. К. з’яўляюцца: асабовы склад сухапутных, ваенна-марскіх і ваенна-паветр. сіл; партызаны, асабовы склад апалчэння і добраахвотніцкіх атрадаў, калі яны маюць на чале асобу, адказную за сваіх падначаленых, пэўны, бачны здалёку знак адрознення, выконваюць у сваіх дзеяннях правілы вядзення вайны, адкрыта носяць зброю ў час ваен. сутыкнення, а таксама ў час, што папярэднічае яму; экіпажы гандл. марскіх суднаў і самалётаў грамадз. авіяцыі, калі яны пераабсталяваны ў ваенныя. Сучаснае міжнар. права разглядае ў якасці К. байцоў, якія ўдзельнічаюць у нац.-вызв. войнах. У выпадку, калі насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі пры набліжэнні непрыяцеля не паспела сфарміравацца ў рэгулярныя часці, але бярэцца за зброю, таксама прызнаецца К. Захопленыя варожым бокам К. карыстаюцца рэжымам ваеннапалоннага. Найб. поўны прававы статус К. вызначаецца ў адпаведных міжнар. канвенцыях.

т. 7, с. 505

КАМБЕ́ДЫ,

скарочаная назва камітэтаў беднаты.

т. 7, с. 505

КАМБЕ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Аравійскага м. каля зах. берагоў Індыі. Даўж. 250 км, глыб. да 36 м. У К.з. упадаюць рэкі Нармада і Тапты. Прылівы змешаныя (да 11,9 м). Парты: Сурат і Бхаўнагар.

т. 7, с. 505

КА́МБЕРЛЕНД (Cumberland),

рака на У ЗША, левы прыток р. Агайо. Даўж. 1109 км, пл. бас. 47 тыс. км². Пачынаецца на плато Камберленд у Апалачах, верхняе і сярэдняе цячэнні ў цясніне глыб. да 100 м, ніжняе на Цэнтр. раўнінах. Жыўленне снегава-дажджавое. Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады 774 м³/с. Буйныя вадасховішчы (у т. л. аднайменнае даўж. 160 км). Суднаходная на 738 км ад вусця. На К. — г. Нашвіл.

т. 7, с. 505

КА́МБІЙ (ад позналац. cambium абмен, змена),

слой клетак утваральнай тканкі, з дапамогай якога здзяйсняецца другаснае патаўшчэнне сцёблаў і каранёў голанасенных і двухдольных раслін. Клеткі К. падоўжана-завостраныя на канцах, таблітчастыя (празенхімныя), з мяккімі цэлюлознымі абалонкамі. Размешчаны аднарадным цыліндрычным слоем (на папярочным зрэзе — у выглядзе кольца). Утварае ўнутр ад сябе драўніну (другасная ксілема), звонку — луб (другасная флаэма). Ва ўмераных шыротах на восень і зіму дзейнасць К. спыняецца. Сезонныя змены актыўнасці абумоўліваюць утварэнне гадавых кольцаў. Дзяленне некат. клетак К. на сцябле і корані дае корак.

т. 7, с. 505

КАМБІКАРМЫ́,

сухія камбінаваныя кармавыя сумесі (сыпучыя або ў гранулах, брыкетах), збалансаваныя паводле саставу пажыўных рэчываў. На іх прыгатаванне выкарыстоўваюць разнастайную сыравіну расліннага, жывёльнага, мікрабіял. і мінер. паходжання. Вырабляюць К.: поўнарацыённыя, якія маюць усе неабходныя для жывёл пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы ў патрэбнай колькасці і суадносінах (скормліваюць іх без дабавак інш. кармоў); К.-канцэнтраты для кампенсацыі недахопу ў рацыёнах асн. пажыўных рэчываў (скормліваюць жывёлам у дадатак да грубых, сакаўных і інш. кармоў асн. рацыёну); збалансаваныя кармавыя дабаўкі — бялкова-вітамінныя, бялкова-вітамінна-мінер., а таксама прэміксы. К. вырабляюць на камбікормавых з-дах і ў кармацэхах жывёлагадоўчых комплексаў і ферм.

т. 7, с. 506