Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЛМЫКО́Ў (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 22.1.1934, ст. Зміеўка Арлоўскай вобл., Расія),

бел. філосаф. Д-р філас. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Харкаўскі ун-т (1957). Настаўнічаў, працаваў у Арлоўскім і Крыварожскім пед. ін-тах. З 1971 у Гомельскім ун-це (з 1976 заг. кафедры філасофіі). Даследуе праблемы фарміравання асобы, ладу жыцця, навук.-тэхн. прагрэсу і сац. прагназавання. Аўтар навуч. дапаможнікаў па філасофіі для ВНУ.

Тв.:

Интеллектуализация социалистического сельскохозяйственного труда: факторы, пути, перспективы. Мн., 1975;

Социалистический образ жизни: новые качества личности. Мн., 1979;

Актуальные проблемы развитого социализма. Мн., 1984.

т. 7, с. 476

КАЛМЫ́ЦКАЯ МО́ВА адна з мангольскіх моў. Пашырана на тэр. Калмыкіі, часткова ў Астраханскай, Растоўскай абласцях, у Стаўрапольскім краі, а таксама ў Кіргізіі (раён воз. Ісык-Куль). Вылучаюцца 2 дыялекты: дэрбецкі і таргуцкі. Для фанетыкі характэрны кароткія і доўгія галосныя, сінгарманізм. Назоўнікі маюць катэгорыі ліку і склону, катэгорыя роду адсутнічае. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў. Дзеясловы захоўваюць катэгорыі трывання, стану, ладу, часу, асобы, ліку. У лексіцы значная колькасць запазычанняў з санскрыту, тыбецкай, кіт., араб., перс. і цюрк. моў, а таксама з рускай. У 1648—1924 калмыкі карысталіся зая-кандзіцкім пісьменствам (гл. Мангольскае пісьмо), на якім існуе багатая л-ра. У 1924 быў уведзены алфавіт на аснове рус. графікі, у 1931—38 ужываўся латынізаваны алфавіт, з 1938 пісьменства на аснове рус. графікі.

Літ.:

Павлов Д.А. Современный калмыцкий язык: Фонетика и графика. Элиста, 1968;

Грамматика калмыцкого языка: Фонетика и морфология. Элиста, 1983;

Бардаев Э.Ч. Современный калмыцкий язык: Лексихология Элиста, 1985.

т. 7, с. 476

КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Алфрэдс) (23.8. 1879, г. Цэсіс, Латвія — 23.12.1951),

латышскі кампазітар, арганіст, педагог. Нар. арт. Латвіі (1945). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1901). Працаваў арганістам, піяністам, хар. дырыжорам (у 1925—26 дырыжор Нац. оперы Латвіі, у 1933—44 арганіст Домскага сабора ў Рызе). У 1927—33 у ЗША. У 1944—48 рэктар Латв. кансерваторыі (праф. з 1947). Аўтар першай латв. оперы «Банюта» (1920), балета «Стабурагс» (1943), сімф. паэмы «Латвія» (1919), ідыліі «Мая Радзіма» і сімф. карціны «Каля Стабурагса» (1906) і інш. Майстар сольнай і хар. песні, зрабіў вял. ўклад у камерна-інстр., фп. і арганную музыку.

Літ.:

Витолинь Е.Я. Алфред Калнынь — классик латышской музыки. Л., 1980.

т. 7, с. 476

КА́ЛНІНЬШ (Альберт Пятровіч) (н. 30.9.1928, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1980). Скончыў БПІ (1958). Працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (да 1988; з 1976 кіраўнік арх. майстэрні). Асн. работы: генплан і праект дэталёвай планіроўкі г. Чавусы (1963—67), праекты планіроўкі і забудовы вёсак Леніна Горацкага (1965—75), Сяменча Жыткавіцкага (1970—78), Сноў Нясвіжскага (1970—80), Расна Камянецкага (1975—80) р-наў; комплексны праект в. Усакіна Клічаўскага і пас. Жамчужны Баранавіцкага (абодва 1979—85) р-наў; мемарыял Вязень-Сялец у Клічаўскім р-не (1985). Аўтар тэарэт. работ па пытаннях архітэктуры і капітальнага буд-ва на вёсцы.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 476

КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Эдуардс) (25.10. 1904, Рыга — май 1988),

латышскі жывапісец-марыніст. Нар. маст. СССР (1975), сапр. чл. АМ СССР (1970). Скончыў Латв. АМ (1932; выкладаў там з 1945, праф. з 1955) у В.Пурвіта, у Італіі (1935). Творчасць К. адыграла вял. ролю ў станаўленні лат. жанравага жывапісу. Работы вылучаюцца размераным рытмам буйных колеравых плоскасцей, багатым каларытам, дакладнай перадачай дынамікі марской стыхіі: «Гавань» (1929), «Плытагоны» (1935), «Баржа» (1938), «Новыя ветразі» (1945), «Рыбакі» (1947), «Сёмая Балтыйская рэгата» (1954), «Латышскія рыбакі ў Атлантыцы» (1957), «Ля мора» (1963), «Заход сонца» (1977) і інш.

А.​В.​Вайцяховіч.

Э.Калніньш. Новыя ветразі. 1945.

т. 7, с. 477

КА́ЛНІНЬШ ((Kalniņš) Яніс) (н. 4.1.1922, Ропажская вол. Рыжскага пав.),

латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Скончыў Латвійскі ун-т (1951). Дэбютаваў як тэатр. крытык. Даследуе творчасць лат. пісьменнікаў, літ. жанры. Аўтар манаграфіі «У свеце сатыры» пра драматургічную спадчыну А.​Упіта (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), біягр. раманаў «Андрэй Пумпур» (1964), «Райніс» (1977, Дзярж. прэмія Латвіі 1980), «Аўсекліс» (1981), у якіх раскрыццё жыццёвых з’яў спалучана з дакладнай распрацоўкай сюжэта і характару герояў. Піша для дзяцей. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў Л.​Дранько-Майсюк.

т. 7, с. 477

КА́ЛНРАЗЕ (Kalnroze; canp. Розенбергс, Rozenbergs) Валдзіс (17.11.1894, г. Кулдыга, Латвія — 1993), латышскі жывапісец-пейзажыст. Нар. маст. Латвіі (1970). Вучыўся ў Латв. АМ (1927—32) у В.Пурвіта. Аўтар лірычных пейзажаў, выкананых у вытанчанай серабрыстай колеравай гаме: «Даўгава» (1935), «Восеньскі пейзаж» (1942), «Мора» (1956), «У рачным заліве» (1957), «Восень ва Угале» (1958), «Старая Рыга» і «Пара квітнення» (1970-я г.) і інш.

В.Калнразе. Восень ва Угале. 1958.

т. 7, с. 477

КАЛО́(Callot) Жак (1592 або 1593, г. Нансі, Францыя — 25.3.1635), французскі гравёр і рысавальшчык. Майстар афорта. Прадстаўнік маньерызму. З 1608 вучыўся ў Рыме. У 1611—21 прыдворны мастак у Фларэнцыі («Спакуса св. Антонія», каля 1616; «Кірмаш у Імпрунеце», 1620). З 1621 у Нансі, рабіў гравюры па малюнках, прывезеных з Італіі [серыі «Гобі» («Гарбуны»), «Балі» («Танцы»), «Тры Панталоне», усе 1622, і інш.]. У творах адлюстроўваў тагачасныя гіст. падзеі («Аблога Брэды», 1627; «Аблога вострава Рэ» і «Аблога Ла-Рашэлі», абодва 1630), шматграннасць жыцця («Жабракі», 1622; 2 серыі «Бедства вайны», 1632—33), звяртаўся да рэліг. сюжэтаў («Пакутніцтва св. Себасцьяна», 1632—33), пісаў пейзажы («Чатыры пейзажы», 1622; віды Нансі, 1626, Парыжа, 1629), партрэты (К.​Дэруэ, 1632). Вынайшаў тэхніку паўторнага траўлення ў афорце, што дазволіла дасягнуць асаблівай дакладнасці малюнка, топкасці і мяккасці танальных і святлоценявых пераходаў.

Ж.Кало. Касандр. Афорт з серыі «Тры Панталоне». 1622.

т. 7, с. 477

КАЛО́ ((Collot) Мары Ан) (1748, Парыж — 23.2.1821),

французскі скульптар. Прадстаўнік класіцызму. З 1764 вучылася ў Э.М.Фальканэ, у 1766—78 працавала разам з ім у Расіі. З 1767 чл. Пецярбургскай АМ. Аўтар шматлікіх партрэтных бюстаў, якія вылучаюцца жывасцю характарыстык (Вальтэра, каля 1770; Д.​Дзідро, 1772; Фальканэ, 1773, і інш.). Каля 1773 вылепіла мадэль галавы Пятра I для помніка яму работы Фальканэ ў Пецярбургу.

т. 7, с. 477

КАЛО́БЖАГ (Kołobrzeg),

прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт у Польшчы, на беразе Балтыйскага м. Развіваецца з пач. 19 ст. Клімат умераны марскі. Пясчаныя пляжы, акаймаваныя дзюнамі. Крыніцы мінер. вод і радовішчы тарфяных гразей. Лечаць неспецыфічныя хваробы органаў дыхання, руху і апоры, кровазвароту, эндакрынныя, дзіцячыя лёгачныя (у т. л. бранхіяльную астму) і скурныя.

т. 7, с. 477