ХАН-ТО́НГРЫ,
горная вяршыня хр. Тэнгрытаг, ва ўсх. частцы Цэнтр. Цянь-Шаня, на тэр. Кыргызстана. Выш. 6995 м. Мае форму спічастай піраміды. Складзена з мармураў і мармурызаваных вапнякоў. У раёне Х.-Т. самае буйное зледзяненне Цянь-Шаня (агульная пл. каля 2500 км², у т. л. ледавік Энгільчэк).
т. 16, с. 540
ХАО́С (грэч. chaos ад chainō расчыняюся, вывяргаю),
у старажытнагрэчаскай міфалогіі — дакасмічны стан, раскрытая пра бездань, бязмежная першабытная маса, з якой пазней утварылася ўсё, што існуе ў свеце. У філасофіі Х. — паняцце, якое абазначае неўпарадкаванае першарэчыва, процілеглае канечнаму, упарадкаванаму космасу. У прыродазнаўстве Х. разглядаецца ў межах сінергетычнага падыходу і вызначаецца як здольнасць выпадковых ваганняў (флуктуацый) на мікраўзроўні параджаць новыя арганізац. парадкі на ўзроўні макраструктур («парадак з Х.»). Напр., у тэрмадынаміцы Х. адпавядае найб. неўпарадкаванаму стану замкнутай фіз. сістэмы, да якога яна пераходзіць у выніку неабарачальных працэсаў (цеплавой раўнавагі) і характарызуецца максімальным значэннем энтрапіі. Для стану дынамічнага Х. характэрна практычна поўная непрадказальнасць, выпадковасць (т.зв. стахастычнасць руху сістэмы). Стан, падобны да Х., узнікае таксама пры матэм. апісанні шэрагу біял., сацыялагічных і эканам. мадэлей. У эстэтыцы 20 ст. Х. успрымаецца як сфера пошуку першапачатку быцця (ранні экспрэсіянізм) або як семантычнае асяроддзе, адкрытае для бясконцай колькасці інтэрпрэтацый тэксту (свету). У пераносным сэнсе Х. — беспарадак, неразбярыха.
Літ.:
Пригожин И.Стенгерс И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой: Пер. с англ. М., 1986;
Капица С.П., Курдюмов С.П., Малинецкий Г.Г. Синергетика и прогнозы будущего. М., 1997;
Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 1. М., 1998;
Василькова В.В. Порядок и хаос в развитии социальных систем: Синергетика и теория социальной самоорганизации. СПб., 1999;
Глейк Дж. Хаос: Создание новой науки: Пер. с англ. СПб., 2001.
А.М.Данілаў.
т. 16, с. 541
ХАПАЛЮ́К Аляксандр Пятровіч (н. 13.3.1925, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у БДУ, з 1971 у НДІ прыкладных фіз. праблем (у 1971—91 заг. лабараторыі). Навук. працы ў галіне фіз. оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў асновы сінтэзу танкаслойных пакрыццяў з зададзенымі ўласцівасцямі, атрымаў абагульненыя рашэнні ўраўненняў Максвела, даказаў магчымасць аптычнага ахаладжэння, рэзананснага паглынання святла (з’ява, адваротная лазернаму эфекту).
Тв.:
Электромагнитное поле внутри плоскопараллельного слоя в режиме резонансного поглощения // Докл. АН БССР. 1962. Т. 6. № 5;
Условия оптического охлаждения. Четырехуровневая модель // Оптика и спектроскопия. 1986. Т. 61, вып. 6;
Преобразование лазерного излучения центрированными системами линз // Журн. прикладной спектроскопии. 1998. Т. 65, № 3.
П.М.Бараноўскі.
т. 16, с. 541
«ХАПА́НКА»,
бел. нар. гульня. На зямлі (падлозе) чэрцяць круг — «гняздо», абапал яго на адлегласці — 2 паралельныя лініі. Гульцы (10—20 чал.) выбіраюць вядучага і 2 «капітанаў», дзеляцца на пары, якія ў «гняздо» кладуць адзін невял. прадмет (шышку, мячык, хустку. шапку і інш.) і, надаўшы адзін аднаму якія-небудзь імёны, паведамляюць іх «капітанам». «Капітаны» па чарзе выбіраюць сабе гульцоў. Каманды выстройваюцца на процілеглых лініях. Вядучы называе адзін з прадметаў з «гнязда». Гульцы каманды, што паклалі гэты прадмет, бягуць да «гнязда». Хто першы схапіў прадмет, уцякае за сваю лінію. Гулец другой каманды спрабуе яго дагнаць. Калі гэта яму ўдаецца, прадмет вяртаецца ў «гняздо». Выйграе каманда, гульцы якой забяруць большую колькасць прадметаў.
Я.Р.Вількін.
т. 16, с. 541
ХАПЁР,
рака на ПнУ еўрап. ч. Расіі, левы прыток р. Дон. Даўж. 979 км, пл. бас. 61,1 тыс. км². Бярэ пачатак на схілах Прыволжскага ўзвышша, цячэ па ўзгорыстай мясцовасці, у шырокай даліне са шматлікімі старыцамі. Асн. прытокі: Бузулук (злева) і Варонеж (справа). Сярэдні расход вады каля 150 м³/с. Ледастаў з ліст.—снеж. да канца сак.—красавіка. Выкарыстоўваецца для водазабеспячэння. Суднаходства на 323 км. У бас. Х. — Хапёрскі запаведнік. На Х. — г. Балашоў, Новахапёрск, Урупінск.
т. 16, с. 541
ХАПЁРСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
У Варонежскай вобл., Расія, у паўд.-ўсх. ч. Окска-Данской раўніны, у даліне р. Хапёр. Засн. ў 1935 для вывучэння і аховы тыповага, эталоннага комплексу поймавай прыроды. Пл. 16,2 тыс. га. Правабярэжная ч. — плато з лагчынамі, ярамі і раўнінная пойма, левабярэжная — слабахвалістая надпоймавая тэраса. Глебы пераважна чарназёмныя. Каля 300 азёр. Лясы займаюць каля 80% тэр., пераважна поймавыя і нагорныя 80—100-гадовыя дубровы, чорнаалешнікі, асіннікі, невял. ўчасткі стэпаў і лугоў. У флоры 1019 відаў раслін, у т. л. 23 дрэвавых, 49 хмызняковых, больш за 700 травяністых, 109 водных (рэлікты — сальвінія плывучая, вадзяны арэх чылім, наяда марская, вольфія бескаранёвая). У фауне 312 відаў пазваночных жывёл, у т. л. 49 млекакормячых (лось, дзік, казуля, воўк, ліс, барсук, акліматызаваны плямісты алень). У Чырв. кнізе — хахуля. Птушак 215 відаў, у Чырв. кнізе — арлан-белахвост, сапсан, скапа і інш.
т. 16, с. 541
ХА́РА (Jara) Віктар (1938, Чылі — 18.9.1973),
чылійскі спявак, кампазітар, паэт, рэжысёр, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Працаваў у Тэатр. ін-це (рэжысёр, педагог), тэатр. школе Чылійскага ун-та. У 1966—69 кіраўнік фалькл. вакальна-інстр. ансамбля «Кілапаюн». Даследаваў чылійскі муз. фальклор. Актыўны дзеяч грамадска-паліт. руху музыкантаў Лац. Амерыкі «Новая песня», прапагандыст лац.-амер. паліт. песні. Аўтар песень (тэкстаў і музыкі; больш за 50), музыкі да тэлефільмаў і драм. спектакляў. Забіты ваен. хунтай.
Літ.:
Хара Д. Виктор — прерванная песня: Пер. с англ. М., 1986.
т. 16, с. 541
ХАРАВА́,
вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПнУ ад г. Пружаны, 97 км ад Брэста, 24 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 540 ж., 225 двароў (2002). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці першага старшыні калгаса В.Е.Крыштафовіча.
Вядома з пач. 16 ст. У 1547 вёска і маёнтак Х. належалі віленскаму намесніку С.Гамшэю, з 1566 у складзе Берасцейскага пав. ВКЛ. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Слонімскай. з 1796 у Літоўскай, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1867—360 ж., нар. вучылішча, царква; у 1897—497 ж., 108 двароў. З 1921 у складзе Польшчы, вёска ў Носкаўскай гміне Пружанскага пав. Палескага ваяв., 477 ж. З вер. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 у Пружанскім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета.
Я.П.Насытка.
т. 16, с. 541
ХАРА́ВА Акакій Аляксеевіч (29.4.1895, с. Ачхамуры, Грузія — 23.6.1972),
грузінскі акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1936). Вучыўся ў тэатр. студыі А.Пагавы (з 1922). З 1923 у Т-ры імя Руставелі ў Тбілісі (у 1949—55 дырэктар). Адзін з заснавальнікаў і першы рэктар (з 1939; з 1947 праф.) Тэатр. ін-та імя Руставелі. Акцёр героіка-рамант. плана. Найб. значныя ролі: Анзор, Арсен (аднайм. п’есы С.Шаншыяшвілі), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.Шылера), Бярсенеў («Разлом» Б.Лаўранёва). Вяршыня творчасці — роля Атэла (аднайм. п’еса У.Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Платон Крэчат (аднайм. п’еса А.Карнейчука), Эдып («Цар Эдып» Сафокла). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946 (двойчы), 1951.
Літ.:
Альтман И. А.А.Хорава. М.: Л., 1947.
т. 16, с. 541