Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАДУ́ШКА,

бандарная, радзей выдзеўбаная пасудзіна розных памераў у форме ўсечанага конуса, звужаная кверху (звычайна без вушак). Выкарыстоўвалася для захоўвання прадуктаў — квашанай капусты і буракоў, салёных агуркоў, грыбоў, соку, квасу і інш. К. вял. памераў — кадзі (1,5—1,6 м у вышыню), выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, мукі. Часам іх замацоўвалі на гліняным падмурку ў свірнах і клецях. Пашыраны ў хатнім побыце са стараж. часоў і захаваліся да нашага часу.

Кадушка.

т. 7, с. 406

КАДЫКАЛО́ГІЯ (ад лац. codex кніга + ...логія),

спецыяльная гіст. дысцыпліна, якая вывучае стараж. і сярэдневяковыя рукапісныя кнігі; раздзел кнігазнаўства. Даследуе сучасны стан стараж. кнігі, пераплёт, запісы і бібліятэкарскія паметы, нумарацыю сшыткаў і аркушаў і інш. надпісы, што не адносяцца да тэксту кнігі; разглядае кнігу як аб’ект, які змяшчае звесткі пра яе геаграфію і гісторыю.

т. 7, с. 406

«КАДЫЛА́К»

(Cadillac),

марка легкавых аўтамабіляў павышанай камфортнасці аднайм. аддзялення канцэрна «Джэнерал мотарс карпарэйшэн». Выпускаюцца сярэдне- і поўнапамерныя мадэлі з аўтам. каробкай перадач; большая частка мадэлей — пярэднепрывадныя з кузавам тыпу седан. Магутнасць бензінавага рухавіка да 220 кВт; найб. скорасць да 240 км/гадз.

Да арт. «Кадылак». «Кадылак-Эльдарада».

т. 7, с. 407

КАДЫ́РАЎ (Міхаіл Анатолевіч) (н. 28.1.1951, г. Ельск Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і насенняводства. Д-р с.-г. н. (1991). Скончыў БСГА (1976). З 1976 ў Бел. НДІ земляробства і кармоў (з 1995 нам. дырэктара). Навук. працы па аптымізацыі селекцыйнага працэсу самаапыляльных культур і сістэмы насенняводства ў сучасных умовах, метадах стварэння рэсурсаэканомных, экалагічна бяспечных сартоў ячменю і жыта, селекцыйных, генетыка-фітапаталаг. аспектах канцэпцыі адаптыўнага раслінаводства. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

т. 7, с. 407

КАДЫ́РАЎ (Пірымкул) (н. 24.9.1928, кішлак Кенгкол Ура-Цюбінскага р-на Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

узбекскі пісьменнік. Скончыў Ташкенцкі ун-т (1951). Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў апавяданняў «Студэнты» (1957), «Сонца ў крыві» (1963), аповесцей «Вольнасць» (1970), «Легенда» (1981), раманаў «Тры карані» (1958), «Чорныя вочы» (1966), «Алмазны пояс» (1977), «Зорныя ночы» (1979), у якіх узнімае надзённыя праблемы сучаснасці, раскрывае духоўны свет інтэлігенцыі, працаўнікоў вёскі. Аўтар кнігі нарысаў і публіцыст. артыкулаў «Роздум» (1971).

т. 7, с. 407

КАДЫРЫ́ (сапр. Кадыраў) Абдула

(ліпень 1894, Ташкет — 26.8.1940),

узбекскі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў узб. маст. прозы. Дэбютаваў апавяданнем «Распуснік» і п’есай «Няшчасны жаніх» (абодва 1915), якія адметны дэталізацыяй узб. побыту. У творчасці 1910-х г. — уплыў ідэй джадзідызму. Аўтар гіст. раманаў «Мінулыя дні» (1925), «Скарпіён з алтара» (1929, пра жыццё узб. народа ў 19 ст.), сатыр. апавяданняў, фельетонаў, скіраваных супраць адмоўных з’яў у побыце і свядомасці суайчыннікаў. Аповесць «Абід-Кетмень» (1935) прысвечана калектывізацыі ў краіне.

т. 7, с. 407

КА́ДЫС (Cadiz),

горад на ПдЗ Іспаніі; у Андалусіі, на беразе Кадыскага зал. Атлантычнага акіяна. Адм. ц. правінцыі Кадыс. Засн. каля 800 да н.э. фінікійцамі пад назвай Гадэс. 154 тыс. ж. (1991).

Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Аэрапорт. Прам-сць: авіяц., суднабуд., рыбакансервавая, тытунёвая, тэкстыльная. Арх. помнікі 13—18 ст.: крапасныя сцены (17 ст.), сабор Санта-Крус (13 ст., перабудаваны ў 17 ст.), царква Санта-Куэва (канец 18 ст.; размалёўкі 1793—95, Ф.​Гоя). Музеі. Ваенна-марская база.

т. 7, с. 407

КАДЫ́СКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1812,

першая нац. канстытуцыя Іспаніі, прынятая Устаноўчымі картэсамі 18.3.1812 у г. Кадыс. Абвешчана 19 сак. ў ходзе Ісп. рэвалюцыі 1808—14 (гл. Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). Паводле канстытуцыі Іспанія абвяшчалася спадчыннай манархіяй, у якой заканад. ўлада належала картэсам і каралю, выканаўчая — каралю, абвяшчаліся таксама свабода асобы і недатыкальнасць жылля, роўнасць правоў іспанцаў у метраполіі і ісп. калоніях; каталіцтва абвяшчалася афіц. рэлігіяй, забаранялася вызнанне інш. рэлігій, уводзілася нац. міліцыя ў правінцыях Іспаніі. Кароль Фердынанд VII, які вярнуўся ў Іспанію, у маі 1814 адмяніў канстытуцыю. Адноўлена ў пач. Ісп. рэвалюцыі 1820—23, але зноў адменена Фердынандам VII у кастр. 1823. Трэці раз уступіла ў сілу ў жн. 1836 і дзейнічала да прыняцця ў чэрв. 1837 новай канстытуцыі.

т. 7, с. 407

КАДЫФІКА́ЦЫЯ (лац. codificatio) заканадаўства, форма сістэматызацыі заканадаўства, якая заключаецца ў стварэнні новага зводнага кадыфікацыйнага акта на аснове перапрацоўкі дзеючых норм, выключэння з іх супярэчнасцей і недахопаў, адмены неэфектыўных і ўстарэлых норм. У выніку замест вял. колькасці юрыд. нарматыўных дакументаў ствараецца адзіны зводны акт, чым дасягаецца большая дакладнасць і эфектыўнасць у прававым рэгуляванні. К. можа быць усеагульная (пераглядаецца ўсё заканадаўства дзяржавы), галіновая (перапрацоўваюцца нормы пэўнай галіны заканадаўства), спецыяльная (пераглядаюцца нормы якога-н. прававога інстытута). Гл. таксама Кодэкс, Інкарпарацыя.

т. 7, с. 407

КАДЫФІКА́ЦЫЯ ЮСТЫНІЯ́НА,

сістэматычны выклад візантыйскага права 6 ст., зроблены па загадзе імператара Юстыніяна. Вядома як Звод цывільнага права — Corpus juris civilis; упершыню надрукавана пад такой назвай у 1583. Мэта К.Ю. — замацаваць фактычна неабмежаваную імператарскую ўладу і захаваць рабаўладальніцкі лад. Кадыфікацыя вялася ў 529—534 камісіяй на чале з юрыстам Трыбаніянам. Складаецца з трох частак: Інстытуцый, Дыгестаў і Кодэкса Юстыніяна. Дадаткі і змены, унесеныя ў 535—565 імператарскімі канстытуцыямі, атрымалі назву навел, якія даюць тлумачэнні выяўленым недакладнасцям, дапаўняюць або змяняюць дзеючае права. Заканадаўства Юстыніяна дзейнічала на працягу ўсяго існавання Візантыі, паслужыла крыніцай вывучэння рымскага права і запазычанняў з яго ў эпоху феадалізму і капіталізму.

т. 7, с. 407