РЭ́СЛІНГ (ад англ. wrestling барацьба),
спартыўныя адзінаборствы, у якіх адзін з сапернікаў імкнецца вымусіць другога дакрануцца плячыма да дывана на падлозе («пакласці на лапаткі»). Налічваецца больш за 50 разнавіднасцей Р. (вольная барацьба, грэка-рымская барацьба, сумо і інш.). Барцы карыстаюцца прыёмамі ў межах правілаў для кожнага віду барацьбы. Адзін з асн. прыёмаў — захват, які дазваляе ўтрымліваць саперніка і кантраляваць яго рухі.
Вядомы са стараж. часоў. Паядынкі паміж барцамі ўваходзілі ў праграму Алімп. гульняў у Стараж. Грэцыі з 708 да н.э. З 1921 аматарскі Р. аб’ядноўвае Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (FILA). У праграму сучасных Алімп. гульняў уваходзяць грэка-рымская і вольная барацьба. Па асобных відах Р. штогод праводзяцца чэмпіянаты свету. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца з 1988. Паядынкі паміж прафесіяналамі адбываюцца звычайна на рынгу накшталт баксёрскага.
А.М.Петрыкаў.
т. 14, с. 24
РЭСПЕКТА́БЕЛЬНАСЦЬ (франц. respectable ад лац. respectus погляд),
ацэнка каго-н. ці чаго-н., годнага павагі. Асноўныя крытэрыі Р. — паважанасць, шаноўнасць, сталасць, важнасць. Напр., рэспектабельна выглядаць, рэспектабельная сям’я.
т. 14, с. 24
РЭСПІ́ГІ (Respighi) Атарына [9.6(7). 1879, г. Балоння, Італія — 18.4.1936], італьянскі кампазітар, педагог. Чл. Нац. акадэміі дэі Лінчэі (1932). Вучыўся ў муз. ліцэі ў Балонні (1891—99). Сярод педагогаў: Дж.Мартучы, М.Рымскі-Корсакаў, М.Брух. З 1913 праф. кансерваторыі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (у 1924—26 дырэктар). У яго творчасці спалучаліся тэндэнцыі імпрэсіянізму і неакласіцызму, сучасная тэхніка пісьма і імкненне да архаічнай мелодыкі стараж. форм, маляўнічасць аркестроўкі. Сярод твораў: оперы, балеты; творы для арк., у т. л. сімф. трылогія «Фантаны Рыма» (1916), «Пініі Рыма» (1924), «Рымскія ўрачыстасці» (1928); для інстр. з арк., у т. л. «Грыгарыянскі канцэрт» для скрыпкі з арк. (1921); п’есы для фп. і інш. інстр.; песні, рамансы, рэд. і арк. версіі італ. музыкі 17—19 ст.
т. 14, с. 24
РЭСПІРА́ТАР (ад лац. respiro выдыхаю, дыхаю),
індывідуальная прылада працяглага ці аднаразовага карыстання для аховы органаў дыхання чалавека ад пылу і шкодных рэчываў. Складаецца з маскі (паўмаскі) і фільтра (вата, фетр, спец. тканіна і інш.). Існуюць ізалявальныя (шлангавыя, кіслародныя), што выкарыстоўваюцца пры недастатковай колькасці ў паветры кіслароду (менш за 16%) ці пры наяўнасці ў паветры шкодных рэчываў (напр., пры аварыйна-выратавальных работах), а таксама фільтравальныя (супрацьпылавыя), якія выкарыстоўваюць і для аховы ад радыеактыўнага пылу.
т. 14, с. 24
РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),
форма дзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж. ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.
У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.
Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.
Літ.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;
Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000.
С.А.Яцкевіч.
т. 14, с. 24
«РЭСПУ́БЛІКА»,
грамадска-палітычная газета. Выдаецца з чэрв. 1991 у Мінску на бел. і рус. мовах штодзённа. Заснавальнік — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. жыцця краіны, праблемы эканомікі, культуры, навукі, адукацыі, спорту, дзейнасць органаў заканадаўчай і выканаўчай улады. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Што людзі пішуць», «Дыялог», «Званы госць», «Падрабязнасці», «Яшчэ не вечар», «Алімпія», «Прамая лінія» і інш. Публікуе пастановы СМ рэспублікі, распараджэнні прэм’ер-міністра, інш. прававыя акты рэсп. органаў. Мае рэгулярныя дадаткі «Рэспубліка дзелавая» і «Усё аб падатках», асобным тыражом выходзяць «Вести потребкооперации».
У.Ф.Нікалайчук.
т. 14, с. 24
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (РП),
палітычная партыя цэнтрысцкага кірунку на Беларусі. Створана ў сак. 1994. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Цэнтр. праўленне і яго выканком. Асн. мэта — адраджэнне і стварэнне моцнай, суверэннай, гуманнай, дэмакр. бел. дзяржавы з дастатковай ступенню інтэграцыі з рэспублікамі б. СССР і краінамі Захаду, якая дазволіць забяспечыць выхад з эканам. і сац.-паліт. крызісу. Выступае за шматукладную эканоміку, арыентацыю яе на вырашэнне сац. задач, дасягненне высокага ўзроўню жыцця, стварэнне механізмаў, якія дазваляюць спалучаць эканам. эфектыўнасць і сац. справядлівасць; за фарміраванне сучаснай цывілізаванай сістэмы рыначных адносін і механізмаў пры актыўнай ролі дзярж. рэгулявання эканомікі; за стварэнне высокаэфектыўнай эканомікі, гнуткай і ўспрымальнай да навук.-тэхн. прагрэсу, пастаянна зменлівых грамадскіх і асабістых патрэб. Асн. сац. база партыі — прадпрымальнікі, банкіры, кіраўнікі дзярж. прадпрыемстваў, рабочыя, студэнты, сяляне. На 1.1.2001 партыя аб’ядноўвала 8,5 тыс. чал.
т. 14, с. 24
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (англ Republican Party),
адна з дзвюх вядучых паліт. арг-цый у ЗША; апанент Дэмакратычнай партыі. Засн. ў 1854 на базе партыі вігаў. Першым ад Р.п. на пасаду прэзідэнта краіны ў 1860 выбраны А.Лінкальн. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 партыя падтрымлівала паўн. штаты (федэральны цэнтр). Да канца 19 ст. акрэслілася як кансерватыўная групоўка з ліберальным крылом, прадстаўляла пераважна інтарэсы прамыслоўцаў і банкіраў. З пач. 20 ст. выступае і за сац. рэформы пры нязменным захаванні прыватнай ініцыятывы (гл. таксама Кансерватызм, Лібералізм). Прэзідэнты ЗША ад Р.п. (10 супраць 7 прэзідэнтаў-дэмакратаў у 20 ст.): А.Лінкальн (1861—65), Э.Джонсан (1865—68), У.С.Грант (1869—77), Р.Б.Хейс (1877—81), Дж.А.Гарфілд (1881), Ч.А.Артур (1881—85), У.Мак-Кінлі (1897—1901), Т.Рузвельт (1901—09), У.Х.Тафт (1909—13), У.Гардынг (1921—23), К.Кулідж (1923—29), Г.К.Гувер (1929—33), Д.Д.Эйзенхаўэр (1953—61), Р.М.Ніксан (1969—74), Дж.Р.Форд (1974—76), Р.У.Рэйган (1981—89), Дж.Буш-старэйшы (1989—93), Дж.Буш-малодшы (з 2001). Партыя не мае пастаянных членства, праграмы і статута. Раз у 4 гады (перад прэзідэнцкімі выбарамі) склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; бягучую парт. дзейнасць каардынуе Нац. к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал партыі — выява слана.
Літ.:
Никонов В.А. От Эйзенхауэра к Никсону: Из истории Респ. партии США. М., 1984;
Я го ж. Республиканцы: от Никсона к Рейгану. М., 1988.
т. 14, с. 24
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ ПРА́ЦЫ І СПРАВЯДЛІ́ВАСЦІ,
палітычная партыя ў Рэспубліцы Беларусь. Створана ў чэрв. 1993. Вышэйшы орган паміж з’ездамі — Палітвыканком. Асн. мэта — стварэнне грамадства эканам. дабрабыту і сац. справядлівасці. Выступае за прафесійны парламент, прэзідэнцкую форму праўлення, мясц. самакіраванне і незалежную судовую ўладу. Партыя лічыць, што ў грамадстве павінна атрымаць развіццё змешаная эканоміка, якая прадугледжвае наяўнасць дзярж. і прыватнай форм уласнасці. У агр. сферы прадугледжвае свабоднае развіццё разнастайных форм гаспадарання і ўласнасці. Выступае за эканам. і знешнепаліт. саюз з Расіяй. Асн. сац. база партыі — людзі фіз. і разумовай працы, навучэнцы, пенсіянеры і інваліды. Друкаваны орган — «Цэнтральная газета» (з 1994). На 1.1.2001 дзейнічалі 9 гар., 16 раённых і 131 пярвічная арг-цыі партыі, якія аб’ядноўвалі 1524 чал.
т. 14, с. 25
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ ПА́РТЫЯ РАДЫКА́ЛАЎ І РАДЫКА́Л-САЦЫЯЛІ́СТАЎ (Parti républican radical et radicalsocialiste),
найстарэйшая франц. паліт. партыя. Як паліт. плынь існавала з 1869, як паліт. партыя аформілася ў 1901. Адлюстроўвала інтарэсы сярэдніх колаў франц. горада і вёскі. Адыгрывала значную ролю ў паліт. жыцці Францыі перыяду Трэцяй рэспублікі (да 1940), да яе належалі найбуйнейшыя тагачасныя палітыкі, у т. л. Ж.Клемансо, Э.Эрыо, Э.Даладзье. У 1935—38 уваходзіла ў Народны фронт. Мела значны ўплыў у паліт. жыцці Чацвёртай рэспублікі (1947—58), удзельнічала ў большасці ўрадаў. Пасля абвяшчэння Пятай рэспублікі (1958) страціла сваё значэнне ў паліт. жыцці.
т. 14, с. 25