Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АМЕРЫКА́НСКІ ГНІЛЕ́Ц ПЧОЛ, злаякасны гнілец,

пячатны гнілец, інфекцыйная хвароба пчаліных сем’яў, узбуджальнік якой спораўтваральны мікроб (Bacillus larvae). Пашыраны ўсюды. Перадаецца праз хворых пчол, якія загінулі, праз мёд, соты, інвентар, паразітаў пчол і інш.

У пашкоджанай пчалінай сям’і расплод стракаты, рознаўзроставы. Вечкі ячэек пацямнелыя, лейкападобна ўціснутыя. Лічынкі ва ўзросце акуклівання трацяць сегментацыю, іх скурка танчэе, тканкі распадаюцца і ператвараюцца ў клейкую, цягучую масу колеру кавы, з пахам сталярнага клею. Лячэнне: цукровы сіроп з дабаўленнем сульфаніламідаў, антыбіётыкаў і інш. Прафілактыка: дэзінфіцыраванне вулляў, інвентару і інш.

т. 1, с. 315

АМЕРЫКА́НСКІ ЛЕГІЁН

(American Legion),

у ЗША арг-цыя былых удзельнікаў розных войнаў. Засн. ў 1919 у Парыжы вайскоўцамі амер. экспедыцыйнага корпуса ў Еўропе, узаконена як афіц. арг-цыя актам Кангрэса ЗША. Штаб-кватэра ў г. Індыянапаліс. Узначальваецца выканкомам і нац. камандорам, якіх штогод выбірае з’езд легіянераў. Выступае за сац. абарону ветэранаў войнаў, займаецца ваенна-патрыят. выхаваннем моладзі. Паліт. пазіцыі Амерыканскага легіёна характарызуюцца антыпрафсаюзным курсам, негатыўным стаўленнем да іншаземцаў.

т. 1, с. 315

АМЕРЫКА́НСКІ СО́МІК,

гл. Сомік амерыканскі.

т. 1, с. 315

АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,

спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец. ахоўная амуніцыя. Найб. развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.

М.А.Дубіцкі.

Амерыканскі футбол. Фрагмент гульні з удзелам каманды «Мінскія зубры».

т. 1, с. 315

АМЕРЫКА́НЦЫ,

нацыя, асн. насельніцтва ЗША. Больш за 187,2 млн. чал. (1987), у т. л. 30 млн. неграў і мулатаў. Гавораць на амерыканскім варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі пераважна пратэстанты і католікі.

т. 1, с. 315

«АМЕ́РЫКАН ТЭ́ЛЕФОН ЭНД ТЭ́ЛЕГРАФ КО́МПАНІ»

(American Telephone and Telegraph Company; АТТ),

найбуйнейшая электронная і электратэхнічная манаполія ЗША па вытв-сці слабаточнага абсталявання. Засн. ў 1885. Выпускае абсталяванне сувязі, ЭВМ і інш. электронную тэхніку. Абслугоўвае амер. і міжнар. лініі далёкай тэлеф. і тэлетайпнай сувязі.

т. 1, с. 313

АМЕРЫ́ЦЫЙ

(лац. Americium),

Am, штучны радыеактыўны хім. элемент, ат. н. 95, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае, штучна атрыманы 13, найб. устойлівы ​243Am (перыяд распаду 7370 г.).

Адкрыта ў 1944 амер. вучонымі пры апрамяненні ​239Pu нейтронамі. Серабрысты метал, шчыльн. 13,67·10​3 кг/м³, tпл = 1173 °C. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах, дэфектаскапіі, для атрымання больш цяжкіх элементаў (напр., плутонію, кюрыю). Высокатаксічны. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) ёсць на забруджаных тэр. Беларусі.

т. 1, с. 315

АМЕТЫ́СТ

(ад грэч. amethystos цвярозы, не п’яны),

мінерал, празрыстая фіялетавая разнавіднасць кварцу. Бляск шкляны. Трапляецца ў гранітных пегматытах, кварцавых жылах, пустотах вулканічных горных парод і інш. Буйныя, прыгожа афарбаваныя крышталі аметысту — каштоўныя камяні (ювелірныя і маст. вырабы). Радовішчы ў Замбіі, Зімбабве, Бразіліі (найб. каштоўныя), у Расіі (Урал), Узбекістане і інш. Наладжана вытв-сць сінтэтычных аметыстаў. Выкарыстоўваўся як амулет супраць п’янства.

Аметыст.

т. 1, с. 315

АМЕЯ́ДАЎ МЯЧЭ́ЦЬ, Вялікая мячэць Амеядаў у Дамаску,

помнік сярэдневяковай арабскай архітэктуры. Перабудавана ў 705—715 з царквы св. Іаана Хрысціцеля, пераробленай з ант. свяцілішча Юпітэра Дамаскага.

Прамавугольнае ў плане збудаванне (157 м х 100 м) з малельнай залай, да якой прымыкае двор, абнесены з трох бакоў галерэяй з 2-яруснымі аркадамі на калонах і слупах. Малельная зала — 3-нефавая з 2-яруснымі аркадамі на мармуровых калонах, перакрыжавана трансептам над сяродкрыжжам. Фасады ўпрыгожаны мазаікай 8 ст. (захаваліся часткова).

Амеядаў мячэць. Унутраны двор.

т. 1, с. 315

АМЕЯ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Дамаскі халіфат,

дзяржава арабаў у перыяд праўлення халіфаў дынастыі Амеядаў. Сталіца — Дамаск. На пачатку займаў тэр. Аравійскага п-ва, Месапатаміі, Палесціны, Сірыі, Ірана, Егіпта. У ходзе араб. заваяванняў да халіфата далучаны Паўн. Афрыка, б.ч. Пірэнейскага п-ва, ч. Сярэдняй Азіі, некат. княствы Паўн.-Зах. Індыі, Арменія, Азербайджан, ч. Грузіі. Амеяды распаўсюджвалі сярод заваяванага насельніцтва іслам, увялі ў справаводства араб. мову, рэарганізавалі войска (салдаты атрымлівалі плату з казны ці надзяляліся зямлёй), будавалі дарогі, каналы, караван-сараі і інш. Нестабільныя падаткі і нормы землекарыстання выклікалі нар. паўстанні (часам у форме сектанцкіх рухаў), апошняе з якіх у 747—750 пад кіраўніцтвам Абу Мусліма прывяло да звяржэння дынастыі Амеядаў і разбурэння халіфата.

т. 1, с. 315