Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭПАТРЫЯ́ЦЫЯ (ад позналац. repatriatio вяртанне на радзіму),

вяртанне ў краіну паходжання ці грамадзянства асоб, якія апынуліся па-за яе межамі ў выніку розных сац.-эканам. і паліт. абставін з аднаўленнем у правах грамадзянства. Р. ажыццяўляецца звычайна на аснове міжнар. дагавораў. У пазадагаворным выпадку яе магчымасць павінна прадугледжвацца законамі зацікаўленай дзяржавы. Р., звязаная са зменай (набыццём) грамадзянства, можа быць разнавіднасцю аптацыі. Асабліва шырокія маштабы Р. набыла ў першыя гады пасля 2-й сусв. вайны.

На Беларусі першы значны працэс Р. адбываўся пасля заканчэння 1-й сусв. вайны, калі на радзіму (у БССР і Зах. Беларусь) вярнулася каля мільёна бежанцаў і ваеннапалонных; толькі ў Зах. Беларусь у 1919—24 вярнулася каля 700 тыс. беларусаў. У 1920-я г. Р. ажыццяўлялася таксама ў форме рээміграцыі прадстаўнікоў бел. паліт. эміграцыі, якія вярталіся ў БССР у сувязі з амністыяй, абвешчанай у 1923. Пасля 2-й сусв. вайны ў БССР разгортвалася 2-я шырокая хваля Р. З эвакуіраваных у пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. раёны СССР каля 1,5 млн. чал. толькі кожны 3-і вярнуўся на Беларусь. Да канца Вял. Айч. вайны на тэр. Германіі і яе саюзнікаў знаходзілася 10 181 тыс. грамадзян СССР, у т. л. 5 662 тыс. мірнага насельніцтва і 4 552 тыс. ваеннапалонных. З Беларусі ў гады вайны было вывезена на прымусовую працу ў Германію каля 399 тыс. чал. На пач. 1946 з іх вярнулася на радзіму каля 200 тыс. чал. У кастр. 1944 пры СНК СССР створана Цэнтр. ўпраўленне па справах Р.; аддзелы Р. існавалі пры СНК РСФСР, Украіны, Беларусі, Малдавіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Сав. ўрад быў зацікаўлены ў найб. поўнай і хутчэйшай Р. сваіх грамадзян, як па эканам., так і па палітыка-ідэалаг. прычынах. Пераважная большасць сав. перамешчаных асоб шчыра жадалі вяртання ў СССР. 22.5.1945 прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі прапанаваны сав. урадам дакумент, які замацоўваў прынцыпы абавязковай Р. сав. грамадзян. У сав. зоне акупацыі Германіі ў выніку агітацыі і прымусу Р. ажыццяўлялася фарсіраванымі тэмпамі. У лагерах для бежанцаў і перамешчаных асоб у зонах акупацыі зах. саюзнікаў працавалі сав. рэпатрыяцыйныя місіі з супрацоўнікаў дзяржбяспекі, у выніку чаго частка бежанцаў насуперак уласнай волі накіроўвалася ў лагеры сав. зоны. На 1.3.1946 рэпатрыіравана 4 199 тыс. сав. грамадзян, у т. л. 520 672 беларусы (385 896 цывільных і 134 776 ваеннапалонных). Да іх варта дадаць і 241 тыс. т.зв. унутрана перамешчаных асоб (асобы, якія не былі за мяжой і перамяшчаліся ўнутры СССР). У 1946—52 у СССР вярнуліся яшчэ 104 893 рэпатрыянты. Большасць з іх вернута з краін, дзе знаходзіліся сав. войскі. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 14.6.1946 «Аб аднаўленні ў грамадзянстве СССР падданых былой Расійскай імперыі, а таксама асоб, якія страцілі савецкае грамадзянства» і інш. прававых актаў 1945—47, беларусы і ўкраінцы, што жылі на тэр. даваен. Польшчы, атрымалі права на набыццё сав. грамадзянства, і тысячы выхадцаў з Беларусі прынялі яго. Асн. маса рэпатрыянтаў праходзіла праверку і фільтрацыю ў франтавых і армейскіх лагерах, зборна-перасыльных пунктах Наркамата абароны, праверачна-фільтрацыйных пунктах (ПФП) НКУС. Выяўленыя злачынныя элементы і падазроныя асобы накіроўваліся для больш сур’ёзнай праверкі ў спец. лагеры НКУС і папраўча-працоўныя лагеры ГУЛАГа. У 1944—45 праз ПФП прайшлі 230 635 украінцаў, 155 499 рускіх, 81 846 беларусаў, 28 727 малдаван, а таксама прадстаўнікі інш. нацыянальнасцей. Мясц. органы НКУСНКДБ праводзілі праверку рэпатрыянтаў, якія прыбывалі да месца жыхарства. На 20.11.1945 у Беларусі было арыштавана 1112 рэпатрыянтаў. Перыяд масавай Р. завяршыўся ў 1946. У наступныя гады яна рэзка пайшла на спад. Паводле нац. складу рэпатрыянтаў 1949—50 было: украінцаў 33,4%, рускіх 28,4%, малдаван 5,2%, беларусаў 5%, літоўцаў 5%, латышоў 3%. Да 1952 па лініі органаў Р. ў СССР вярнулася больш за 4,3 млн. сав. грамадзян. Агульная колькасць сав. грамадзян, якія ў выніку вайны апынуліся за мяжой і потым вярнуліся ў СССР, ацэньваецца ў 4,5 млн. чал. Акрамя гэтага, на чэрв. 1948 у СССР рэпатрыіравалася 106 835 чал., якія самі ці іх продкі эмігрыравалі з царскай або сав. Расіі. 2710 такіх рээмігрантаў з Францыі было расселена на Беларусі. На сак. 1949 спец. 6-гадовае пасяленне адбывалі 5432 беларусы, што служылі ў гады вайны ў Рус. вызв. арміі Уласава, нац. легіёнах, паліцыі. У 1944—48 у выніку падпісання пагаднення паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. БССР адбылася ўзаемная Р. жыхароў Беларусі і Польшчы. У гэты час 36 тыс. беларусаў пераехалі ў БССР, 274 тыс. асоб, якія запісаліся палякамі, перасяліліся ў Польшчу. У 1950—60-я г. Р. адбывалася ў форме невял. рээміграцыі з зах. краін. У 1953—55 з Францыі і Аргенціны вярнулася каля 200 беларусаў. Да 1964 прыбыло каля 10—15 тыс. аргенцінскіх беларусаў, аднак пазней амаль палова з іх зноў пакінула Беларусь, расчараваная ў рэчаіснасці сав. грамадства. Пасля распаду СССР (снеж. 1991) і стварэння новых незалежных дзяржаў, у якіх апынулася 2130 тыс. беларусаў, частка з іх вярнулася на Беларусь. Гл. таксама Бежанцы, Дыяспара.

Літ.:

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997;

Земсков В.Н. Репатриация советских граждан и их дальнейшая судьба (1944—1956 гг.) // Социол. исслед. 1995. № 5—6.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 17

РЭПАТРЫЯ́ЦЫЯ КАПІ́ТАЛАЎ,

вяртанне капіталаў, якія былі ўкладзены за мяжой, для інвестыцый унутры сваёй краіны. Рэпатрыяцыя пазык, якія былі размешчаны сярод замежных пазыкатрымальнікаў, адбываецца шляхам выкупу дзяржавай-эмітэнтам або яе грамадзянамі сваіх аблігацый.

т. 14, с. 17

РЭПЕЛЕ́НТЫ [ад лац. repellens (repelentis) які адпіхвае, адганяе],

хімічныя прэпараты або рэчывы з групы пестыцыдаў для адпужвання насякомых, кляшчоў, птушак, грызуноў, для абароны людзей і жывёлы ад нападу насякомых крывасмокаў, аховы с.-г. раслін і насення ад шкоднікаў.

У якасці Р. супраць насякомых (камароў, сляпнёў, мошкі і інш.) выкарыстоўваюць кампазіцыі N,N-дыэтыл-м-талуаміду (ДЭТА) і дыметылфталату з інш. Р. (напр., 2-этылгександыол-1,3, эфірныя алеі), якія вырабляюць у выглядзе ласьёнаў, крэмаў, аэразолей. Для адпужвання кляшчоў адзенне прамочваюць бензілбензаатам, N-бутылацэтанілідам. Для аховы насення ад птушак у пратравы дадаюць меркаптадыметур ці аксалат медзі, для абароны раслін ад зайцоў, аленяў і інш. у пасты для абмазкі ствалоў або ў прэпараты для апырсквання — тэтраметылтыурамдысульфід (ТМТД), каніфоль, дыцыклапентадыен і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 14, с. 18

РЭ́ПЕР (ад франц. repére метка, знак, зыходны пункт),

1)у геадэзіі — знак, які замацоўвае пункт зямной паверхні з вядомай абсалютнай вышынёй, вызначанай нівеліраваннем адносна зыходнай узроўневай паверхні. Адрозніваюць фундаментальныя Р. (жалезабетонныя пілоны), якія закладваюць у грунт праз 50—80 км на нівелірных лініях 1-га класа, на найб. адказных лініях 2-га класа і каля найважнейшых марскіх вадамерных установак), і радавыя Р. (грунтавыя — устанаўліваюцца ў зямлі і сценавыя — замацоўваюцца ў сценах або цокалях доўгатэрміновых збудаванняў), што закладваюць праз 5—7 км на нівелірных лініях усіх класаў. На Р. замацоўваецца метал. дыск — марка (дыям. да 5 см) з нумарам і абрэвіятурай ведамства. Гл. таксама Геадэзічныя знакі.

2) Р. у артылерыі — дапаможны пункт прыстрэлкі артыл. гармат з мэтай перанясення агню для паражэння цэлі. Адрозніваюць Р. сапраўдны (прыстрэленая цэль або мясц. прадмет з дакладна выверанымі каардынатамі) і фіктыўны (цэнтр з 4—6 разрываў снарадаў, каардынаты якога вымераны дакладна).

т. 14, с. 18

РЭПЕ́Р у матэматыцы, сукупнасць лінейна незалежных вектараў, якія маюць агульны пачатак, узятых у пэўным парадку. Калі вектары, што складаюць Р., папарна артаганальныя, то Р. наз. артаганальным, а калі пры гэтым яны маюць адзінкавую даўжыню — артанармаваным (гл. Артаганальная сістэма). Напр., у трохмернай прасторы Р. можа служыць любая тройка папарна непаралельных адной плоскасці вектараў. Гл. таксама Базіс у матэматыцы.

т. 14, с. 18

РЭПЕРТУА́Р (франц. répertoire ад позналац. repertorium спіс, вопіс),

сукупнасць драм. ці муз. твораў, якія выконваюцца ў пэўным т-ры, на эстрадзе, а таксама асобным акцёрам. Р. адрозніваюць таксама па стылях і жанрах (рамант., камед. і інш.); існуюць паняцці «сучасны Р.» (творы пра сучаснае жыццё), «класічны Р.» (класічныя нац. і сусв. драматургія, муз. творы) і інш.

т. 14, с. 18

РЭПЕРФАРА́ТАР (ад рэ... + перфаратар),

тэлеграфнае прыстасаванне для аўтам. прабівання адтулін у папяровай стужцы ў адпаведнасці са знакамі кода тэлеграфнага, якія паступаюць ад тэлегр. перадатчыка. Выкарыстоўваецца разам з трансмітэрам для аўтам. перадачы транзітных тэлеграм.

т. 14, с. 18

РЭПЕТЫ́ЦЫЯ (ад лац. repetitio паўтарэнне),

асноўная форма падрыхтоўкі (пад кіраўніцтвам рэжысёра) тэатр., эстрадных, цыркавых прадстаўленняў, канцэртнай праграмы, асобных нумароў, сцэн шляхам шматразовых паўтарэнняў (цалкам і часткамі). Адрозніваюць Р. застольныя (аналіз твора), у рэпетыцыйным памяшканні без дэкарацый, у выгарадках і на сцэне — манціровачныя, прагонныя і генеральныя.

т. 14, с. 18

РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс. га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.

т. 14, с. 18

РЭ́ПІК (Eupatorium),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 600 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы, некат. ў Еўразіі і трапічнай Афрыцы. На Беларусі 1 від — Р. канапляны (E. cannabinum). Трапляецца на вільготных берагах рэк, азёр, каля балот і інш. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны Р. духмяны (E. aromaticum) і пурпуровы (E. purpureum).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамыя, простыя або галінастыя. Лісце супраціўнае, чаргаванае, радзей у кальчаках, суцэльнае або рассечанае. Лейкападобныя кветкі ў кошыках, сабраных у агульнае шчыткаладобнае суквецце. Плод — сямянка. Р. канапляны — лек. (мачагонны, ванітоўны, танізоўны, ранагаючы сродак), тэхн. (сцёблы даюць грубае валакно), фарбавальная (з лісця і кораня атрымліваюць сінюю і чорную фарбы), алейная (насенне мае да 25% алею), дэкар., ядавітая расліна.

В.​М.​Прохараў.

Рэпік канапляны.

т. 14, с. 18