Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІРА́НСКАЕ НАГО́Р’Е,

адно з найбольшых Пярэднеазіяцкіх нагор’яў, у Іране (​2/3 тэр.), Афганістане, Пакістане, часткова ў Іраку і на Пд Туркменіі. Пл. каля 2,7 млн. км². Размешчана паміж Месапатамскай нізінай на З далінай р. Інд на У. Працягласць з Пн на Пд 1500 км, з З на У 2500 км. Сфарміравалася у межах альпійска-гімалайскай геасінклінальнай вобласці ў выніку альпійскага і больш ранняга арагенезу. Вонкавы край створаны горнымі дугамі. На Пн яны складаюцца з гор Эльбурс (г. Дэмавенд — 5604 м), Туркмена-Харасанскіх, Парапаміз і Гіндукуш, на Пд — Загрос (г. Зердкух — 4548 м) і Мекран, на У — Сулейманавы горы. Унутраная ч. нагор’я, у аснове якой ляжаць палеазойскія сярэдзінныя масівы, занята раўнінамі і катлавінамі, што перамяжаюцца з сярэдневышыннымі гарамі (Сярэднеіранскія, Усх.-Іранскія, Сярэднеафганскія горы выш. да 1500—2500 м). Сярод пустынных унутр. раўнін вылучаюцца Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго з глініста-друзавымі грунтамі і пясчаная Рэгістан. Радовішчы нафты, руд каляровых металаў, каменнага вугалю, серы. Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C на Пн да 13 °C на Пд. У ліп. т-ры 25—32 °C. Ападкі ва ўнутр. раёнах да 100 мм, на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм, на вонкавых схілах Сулейманавых гор 700—800 мм за год. У гарах Загрос міжземнаморскі клімат з зімовымі ападкамі да 700 мм за год. Рэкі Гільменд, Сефідруд, Карун, Герыруд — малаводныя, выкарыстоўваюцца для арашэння. Ва ўнутр. ч. нагор’я азёры Дэр’ячэйс-Немек, Хамун. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. І.н. — ачаг фарміравання спецыфічнай флоры нагорных ксерафітаў «іранскай фрыганы» — калючага падушкападобнага хмызняку (астрагал, аканталімон і інш.). На паветраных вільготных схілах лясная расліннасць (у гарах Эльбурса — платан, жалезнае дрэва, дуб каштаналісты, самшыт і інш.). На ўсх. схілах гор Сулейманавы і Кіртхар участкі саванн, рэдкалессі і лістападныя лясы. У аазісах Пд растуць фінікавыя пальмы. Багаты жывёльны свет: леапард, буры мядзведзь, казуля, горны казёл, баран, ліс-корсак, гіена; паўзуны (гюрза, кобра, пясчаная гадзюка); грызуны; насякомыя; павукападобныя (тарантулы, каракурты, скарпіёны).

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 314

ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—11,

антыабсалютысцкая і антыкалан. рэвалюцыя ў Іране. Выклікана самавольствам правіцеля-шаха і пагрозай пераўтварэння краіны ў паўкалонію Вялікабрытаніі і Рас. імперыі. На 1-м этапе рэвалюцыі (снеж. 1905—06) у выніку антышахскіх нар. дэманстрацый пад кіраўніцтвам духавенства ў гарадах Тэгеран, Шыраз, Мешхед і хваляванняў у інш., шах Мазафор од-Дзін 5.8.1906 выдаў указ пра ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Першы іранскі меджліс (парламент) выпрацаваў канстытуцыйны Асн. закон (зацверджаны ў снеж. 1906), якім абмежавана ўлада шаха. На 2-м этапе (1907—08) меджліс прыняў дапаўненні да Асн. закона аб увядзенні дэмакр. свабод, стварэнні свецкіх судоў і інш. Рэв. масы (у т. л. байцы-федаі) стварылі свае мясц. органы ўлады (гл. Энджамены). Баючыся размаху рэв. руху, Вялікабрытанія і Расія дамовіліся пра размежаванне сфер уплыву ў Іране (гл. ў арт. Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907). Новы шах Махамед-Алі 23.6.1908 разагнаў меджліс і энджамены ў Тэгеране. Цэнтр рэв. руху перамясціўся ў г. Тэбрыз. На апошнім этапе рэвалюцыі (1909—11) скінуты Махамед-Алі, шахам абвешчаны яго сын Ахмед; адноўлены канстытуцыя, меджліс і інш. Аднак у выніку сумесных намаганняў рас. (на Пн) і англ. (на Пд) войск, іранскай паліцыі рэвалюцыя задушана. У лют. 1912 іранскі ўрад абвясціў аб прызнанні англа-рас. пагаднення 1907. Нягледзячы на паражэнне, І.р. нанесла ўдар па феад.-абсалютысцкіх парадках у Іране і зрабіла значны ўплыў на суседнія краіны.

Літ.:

Арабаджян З.А. Иран: власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991.

т. 7, с. 314

ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1978—79,

антыманархічная, ісламская, кансерватыўная рэвалюцыя ў Іране. Пачалася як рэакцыя іранскага грамадства на эканам. (інфляцыя і інш.) і паліт. (праследаванне апазіцыйных, у т. л. рэліг., дзеячаў, самавольства тайнай паліцыі) сітуацыю, на захады правіцеля-шаха (апошняга з дынастыі Пехлеві), які імкнуўся паскорыць развіццё Ірана на ўзор індустр. дзяржаў Зах. Еўропы. На 1-м этапе рэвалюцыі (91—8.9.1978) адбываліся дэманстрацыі пад лозунгамі абмежавання шахскай улады і ўвядзення паліт. свабод у краіне. 8.9.1978 у сутыкненнях з войскамі ў Тэгеране забіта больш за 1 тыс. дэманстрантаў. На 2-м этапе (8.9 1978—16.1.1979) актывізаваўся забастовачны рух, антышахскія заклікі духоўнага ісламскага лідэра аяталы Р.Хамейні падтрымала ліберальная інтэлігенцыя, якая аб’ядналася ў Нац. фронт. У канцы 1978 — пач. 1979 сфарміраваны пераходны ўрад на чале з адным з лідэраў фронту Ш.​Бахціярам; 16.1.1979 шах выехаў за мяжу. 3-і этап рэвалюцыі завяршыўся пераможным узбр. паўстаннем 9—12.2.1979 у Тэгеране і інш. гарадах. 1.4.1979 пасля рэферэндуму абвешчана Ісламская Рэспубліка Іран, у снеж. 1979 прынята яе канстытуцыя.

Літ.:

Резников А.Б. Иран: падение шахского режима. М., 1983;

Иранская революция 1978—1979: Причины и уроки. М., 1989.

т. 7, с. 315

ІРА́НСКІЯ МО́ВЫ,

група моў, якія адносяцца да індаіранскай галіны індаеўрап, сям’і моў (гл. Індаеўрапейскія мовы). Пашыраны ў Іране, Афганістане, Сярэдняй Азіі, часткова на Каўказе, у Турцыі, Пакістане. Усталяваны падзел на ўсх. і зах. групы не зусім адпавядае іх сучаснаму геагр. пашырэнню. Усх. група ўключае асецінскую, афг., ягнобскую, памірскія, зах.перс., тадж., курдскую, белуджскую і прыкаспійскія мовы.

Стараж. І.м. — стараж.-перс. (клінапісныя надпісы 6—4 ст. да н.э.); мова «Авесты» (1-е тыс. да н.э.), скіфская (сакская, зберагліся паасобныя словы і ўласныя імёны). Мёртвыя І.м. сярэдняга перыяду (1-е тыс. да н.э.) — сярэднеперс., парфянская, сагдыйская, харэзмійская і інш. Новымі літ. І.м. з’яўляюцца перс., тадж., курдская, афг., асецінская, белуджская (у Пакістане). Стараж. І.м. характэрны развіты сінтакс. лад, флектыўны тып марфалогіі з разгорнутай сістэмай імя і дзеяслова; гэтыя рысы ў сучасных І.м. спрасціліся: страчана катэгорыя роду, скарацілася колькасць склонаў, пашырыліся аналіт. рысы. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць ізафетнай канструкцыі са спец. марфал. абазначэннем таго слова, да якога адносіцца атрыбут. Вывучае І.м. іраністыка.

Літ.:

Оранский И.М. Иранские языки. М., 1963;

Основы иранского языкознания. [Кн. 1—4.] М., 1979—87.

А.​Я.​Супрун.

т. 7, с. 315

ІРА́НСКІ АЗЕРБАЙДЖА́Н,

гістарычная вобласць на ПнЗ Ірана. Пасля заключэння Туркманчайскага дагавора 1828 так сталі называць паўд. ч. Азербайджана, якая засталася ў межах Ірана. Гал. горад — Тэбрыз. Адзін з цэнтраў нац.-вызв. руху 20 ст. ў Іране.

т. 7, с. 315

ІРА́СЕК ((Jirásek) Алоіс) (23.8.1851, г. Гронаў, Чэхія — 12.3.1930),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1876). У гіст. раманах «Скалакі» (1875), «Псаглаўцы» (1884), эпапеях «Паміж плынямі» (т. 1—3, 1887—90), «Ф.​Л.​Век» (т. 1—5, 1888—1906), «Супраць усіх» (1893), «У нас» (1896—1903), «Брацтва» (т. 1—3, 1898—1908), «Цемра» (1915), «Гусіцкі кароль» (1916—20) стварыў летапіс найважнейшых падзей у гісторыі чэш. народа, сярод якіх гусіцкія войны, нар. паўстанні і інш. Яго творам уласцівы падзейна-часавая маштабнасць, глыбокі псіхалагізм у раскрыцці масавай свядомасці, даставернасць апісання побыту і нораваў розных эпох і народаў, вастрыня канфліктаў. Аўтар зб. «Горныя апавяданні» (1878), гіст. драм. («Ян Жыжка», 1903, «Ян Гус», 1911, «Ян Рогач», 1914), аповесцей, апавяданняў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—8. М., 1955—58.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 315

ІРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. irrationalis неразумны),

1) філасофская плынь, якая абмяжоўвае або адмаўляе магчымасці розуму, мыслення ў працэсе пазнання, асновай пазнання прызнае інтуіцыю, пачуццё, інстынкт. І. не тоесны агнастыцызму, прадстаўнікі якога ў метадалагічным плане зыходзяць з прынцыповай немагчымасці пазнання свету. У вузкім сэнсе да І. адносяць філас. плыні 18—19 ст., якія выступалі антыподамі філасофіі эпохі Асветніцтва і Новага часу («філасофія пачуцця і веры» Ф.​Г.​Якобі, «філасофія адкрыцця» Ф.​Шэлінга, валюнтарысцкія канцэпцыі А.​Шапенгаўэра і Ф.​Ніцшэ, тэалагічныя вучэнні С.​К’еркегора, «філасофія бессвядомага» Э.​Гартмана і інш.), а таксама канца 19—20 ст. («філасофія жыцця» В.​Дзільтэя, «інтуітывізм» А.​Бергсона, «філасофія існавання» М.​Хайдэгера, неатамісцкія канцэпцыі Ж.​Марытэна і Э.​Жыльсона і інш.).

2) У этыцы І. — метадалагічны прынцып тлумачэння прыроды маральнасці, які аб’ядноўвае шэраг шкал (экзістэнцыялізм, неапратэстантызм, «гуманістычная» этыка, этыка самарэалізацыі і інш.). Лічыцца, што «сапраўдная» мараль, як і быццё чалавека ўвогуле, не паддаюцца ніякім вызначэнням і абагульненням, знаходзяцца па-за законамі прыроды і грамадства; у ёй чалавек сцвярджае сябе як абсалютна свабодная істота.

Літ.:

Исторические типы философии М., 1991;

Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 315

ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

гл. ў арт. Рацыянальнае і ірацыянальнае.

т. 7, с. 315

ІРАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

ураўненне, якое змяшчае невядомае пад знакам радыкала (корня), напр., 3 x 1 = 3 .

т. 7, с. 315

ІРАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ВЫ́РАЗ,

алгебраічны выраз, які мае радыкалы (карані), напр., x + y , 3 a + b2 .

т. 7, с. 315