Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІО́СІФ ФЛА́ВІЙ (Josephus Flavius; яўр. Іосеф бен Матыт’яху; 37, Іерусалім, Ізраіль — пасля 100),

старажытнаяўрэйскі гісторык. У час іудзейскай вайны 66—73 военачальнік у Галілеі. Пасля паражэння каля крэпасці Іатапата (67) перайшоў на бок рымлян. У Рыме атрымаў правы грамадзяніна і прызначаны гістарыёграфам Флавіяў (узяў іх радавое імя). Аўтар твораў «Іудзейская вайна», «Іудзейскія старажытнасці», «Аб старажытнасці іудзейскага народа. Супраць Апіёна», «Жыццё», у якіх выкарыстоўваў і цытаваў шмат каштоўных крыніц і дакументаў, якія не дайшлі да нашага часу.

Тв.:

Рус. пер. — Иудейская война. Мн., 1991;

Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.

т. 7, с. 299

ІО́СІФ II (Joseph; 13.3.1741, Вена — 20.2.1790),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» з 1765 (у 1765—80 суправіцель Марыі Тэрэзіі, сваёй маці). Прадстаўнік т.зв. асветнага абсалютызму. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочвання мануфактур, адмяніў прыгон, увёў адзіны пазямельны падатак, абмежаваў самастойнасць каталіцкай царквы ў аўстр. землях, часткова секулярызаваў царк. землеўладанне, садзейнічаў развіццю свецкай школы. У 1781 выдаў т.зв. талерантны патэнт аб свабодзе веравызнання. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў выніку шэрагу паражэнняў (у т. л. ў вайне з Турцыяй 1788—91) скасаваў некат. свае рэформы. Ініцыятар удзелу Аўстрыі ў 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772).

т. 7, с. 299

ІО́СЬКА (Міхаіл Іванавіч) (5.3.1929, в. Бародзічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 20.2.1986),

бел. філосаф, гісторык, літаратар. Канд. філас. н. (1966). Скончыў БДУ (1954). У 1957—63 працаваў журналістам у Самаркандзе. З 1966 выкладчык БДУ. З 1984 у Мінскім Ін-це культуры. Вывучаў нац. адносіны, светапогляд вучонага і рэвалюцыянера М.​Судзілоўскага, бел. пытанне ў працах К.​Маркса і Ф.​Энгельса, малавядомыя старонкі бел. культуры. Аўтар дакумент. аповесцей пра старшыню СНК Туркестанскай АССР У.​Д.​Фігельскага, кіраўніка антыфаш. падполля ў Нарвегіі ў 2-ю сусв. вайну М.​Садоўнікава.

Тв.:

Белоруссия и Узбекистан. Мн., 1970;

Николай Судзиловский-Руссель: Жизнь, рев. деятельность и мировоззрение. Мн., 1976;

К.​Маркс, Ф.​Энгельс и революционная Белоруссия. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 7, с. 299

ІО́ЎКАЎ (сапр. Стафанаў) Іардан

(9 11.1880, в. Жэраўна Слівенскай акр., Балгарыя — 15.10.1937),

балгарскі празаік. Вучыўся на юрыста. Друкаваўся з 1905 (вершы ў духу сімвалістаў). Вядомасць прынеслі «Апавяданні» (т. 1—2, 1917—18). У творах спалучэнне рэалізму з рамант. ўяўленнямі. Героі І. — працавітыя сяляне, з цвярозым розумам і духоўна багатыя (аповесць «Жнец», 1920; зб-кі апавяд. «Апошняя радасць», 1926; «Старапланінскія легенды», 1927; «Вечары ў Анцімаўскім заезным доме», 1928; «Калі б яны маглі гаварыць», 1936). Аўтар раманаў «Хутар каля граніцы» (1934), «Прыгоды Гараломава» (незавершаны), драм «Албена» (1930), «Барана» (1932), «Звычайны чалавек» (1936), камедыі «Мільянер» (1930) і інш. На бел. мову асобныя творы І. пераклаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн : Скарб. Мн., 1967;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 7, с. 299

ІО́ФЕ (Абрам Фёдаравіч) (29.10.1880, г. Ромны Сумскай вобл., Украіна — 14.10.1960),

расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў сав. фіз. школы. Акад. АН СССР (1920, чл.-кар. 1918). Герой Сац Працы (1955). Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1902). Арганізатар і першы дырэктар Фіз.-тэхн. ін-та (1921—51; цяпер імя І.), Ін-та паўправаднікоў (1955—60) АН СССР і Фіз.-агранамічнага ін-та (1932—60). Навук. працы па трываласці, пластычнасці, электраправоднасці цвёрдага цела. Зрабіў значны ўклад у фізіку і тэхніку паўправаднікоў: паклаў пачатак даследаванням паўправаднікоў як новых матэрыялаў для электронікі, прапанаваў тлумачэнне механізму выпрамлення эл. току ў паўправадніках, распрацаваў асн. аспекты вы карыстання тэрма- і фотаэл. уласцівасцей паўправаднікоў для пераўтварэння цеплавой і светлавой энергіі ў электрычную і інш. Дзярж. прэмія СССР 1942. Ленінская прэмія 1961.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. Л., 1974—75.

Літ.:

А.​Ф.​Иоффе (1880—1960). 2 изд. М., 1981;

Физики о себе. Л., 1990.

А.Ф.Іофе.

т. 7, с. 299

ІО́ФЕ (Барыс Ісакавіч) (23.11.1918, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 12.12.1943),

бел. літ.-знавец. Вучыўся ў Ленінградскім ун-це (1937—41). Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру 19 ст., творчасць Я.​Купалы: арт. «Літаратурна-гістарычнае значэнне «Тараса на Парнасе», «Паэма «Тарас на Парнасе» Аб часе і месцы напісання і гісторыка-літаратурным значэнні», «Аб рамантызме Купалы», «Лірычная паэма Купалы «Яна і я» (усе 1940).

Літ.:

Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 53—54.

т. 7, с. 299

ІО́ФЕ (Эмануіл Рыгоравіч) (н. 20.3.1939, г. Беразіно Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1993), праф. (1995). Скончыў БДУ (1961). З 1978 у Бел. пед. ун-це. Даследуе бел. гістарыяграфію, гісторыю навукі і культуры, грамадз. і Вял. Айч. войнаў, гісторыю бел. яўрэяў. Адзін з аўтараў кн. «Акадэмік У.​І.​Пічэта» (1981), «Асновы паліталогіі» (1991), «Канцэпцыя нацыянальна-культурнага развіцця нацыянальных меншасцей Беларусі» (1996).

Тв.:

Выхоўваць павагу да закона. Мн., 1978;

Березино: Ист.-экон. очерк. Мн., 1986;

Советские военачальники на белорусской земле. Мн., 1988;

Из истории белорусской деревни: (Сов. историогр. соц.-экон. развития бел. деревни середины XVII — первой пол. XIX в.). Мн., 1990;

Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Евреи: (По страницам истории]. Мн., 1997 (разам з С.​М.​Асіноўскім).

т. 7, с. 299

І́ПА,

рака ў Светлагорскім, Калінкавіцкім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 1010 км². Пачынаецца за 3 км на ПнЗ ад в. Сякерычы Светлагорскага р-на, цячэ па нізінах Гомельскага і Прыпяцкага Палесся. Асн. прыток — р. Віша (справа). Даліна трапецападобная, у нізоўі скрынкападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма нізкая, шыр. да 1,5 км. Рэчышча ад вытоку на працягу 95 км каналізаванае, шыр. 10—12 м. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у 2-й пал. сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с.

т. 7, с. 299

ІПАДРО́М (грэч. hippodromos ад hippos конь + dromos бег, месца для бегу),

комплекс збудаванняў для конна-спарт. спаборніцтваў, выпрабавання, трэнінгу і выставак племянных коней; установа, якая іх арганізуе. Бываюць І. для выпрабаванняў верхавых, рысістых, ламавых коней і камбінаваныя. На тэр. І. размяшчаюцца стайні, вет. лазарэт, кузня і інш. гасп. пабудовы, месцы для сядлоўкі і вывадкі коней перад скачкамі, т.зв. падок.

Вядомы са старажытнасці. І. Стараж. Грэцыі і Рыма мелі форму прамавугольнай ці закругленай пляцоўкі са сцяной пасярэдзіне. Вакол пляцоўкі — трыбуны для гледачоў (І. у Канстанцінопалі, 203—330). З канца 19 ст. іх будавалі ў вял. гарадах Беларусі, Расіі, Украіны і інш. Найб. буйныя сучасныя І.: Маскоўскі (Расія), Лексінгтонскі (ЗША), Нью-Маркет (Вялікабрытанія), Ланшан (Францыя), Пардубіцкі (Чэхія), Мадрыдскі (Іспанія) і інш.

т. 7, с. 299

ІПАКРЭ́НА (лац. Hippocrene ад грэч. hippu krēnē крыніца каня),

у грэчаскай міфалогіі крыніца на гары Гелікон, дзе жылі музы (гл. Гіпакрэна).

т. 7, с. 300