Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНАЯ СТАЛЬ,

вугляродзістая, легіраваная і хуткарэзальная (высокалегіраваная) сталь для вырабу інструментаў і іх рабочых частак.

З вугляродзістых І.с. робяць рэжучы, слясарны, сталярны, вымяральны інструмент і дэталі простай формы для штампаў; з легіраваных — пераважна штампавы інструмент для дэфармавання ў халодным або гарачым стане, а таксама рэжучы, хірургічны, вымяральны і ўдарны інструмент. Хуткарэзальныя І.с. захоўваюць цвёрдасць пры нагрэве да 600—650 °C (валодаюць т.зв. чырвонаўстойлівасцю), выкарыстоўваюцца пераважна для вырабу металарэзнага інструменту. Вугляродзістыя і легіраваныя І.с. выплаўляюць у мартэнаўскіх або электрасталеплавільных печах (з большай колькасцю вугляроду і меншай — серы і фосфару), хуткарэзальныя — у электрасталеплавільных.

У.​Р.​Канцін.

т. 7, с. 265

ІНСТРУМЕНТО́ЎКА,

выкладанне муз. твора для выканання аркестрам ці інстр. ансамблем. Да арк. музыкі выкарыстоўваюць і тэрмін аркестроўка. І. ўвасабляецца ў партытуры, дзе запісаны партыі ўсіх інструментаў і галасоў муз. твора. Тэрмін «І.» часта пашыраюць і на сферу хар. шматгалосай музыкі (т.зв. харавая І.). Асн. прынцыпы І.: збалансаванае спалучэнне кантрастных груп інструментаў; функцыян. трактоўка арк. груп і іх узаемаадносіны; стварэнне мелодыка-тэматычных, рытмавых, гарманічных пластоў арк. фактуры, выкарыстанне педалей, фонаў, контрапунктычных утварэнняў; тэхніка перадачы і перапляцення арк. галасоў (інстр. ліній); верт. складанне і гарыз. развіццё шматпланавай арк. тканіны.

Развіццё І. пачалося з зацвярджэннем гамафоннага стылю муз. пісьма (гл. Гамафонія). Важную ролю ва ўсведамленні драматург. ролі тэмбраў адыграў оперны т-р (16—17 ст.). У 18—19 ст. сфарміраваўся класічны склад сімфанічнага аркестра, чаму садзейнічала творчасць Л.​Бетховена, І.​Гайдна, В.​А.​Моцарта, якія імкнуліся пераадолець абмежаванасць тагачаснага інструментарыя, павялічыць і ўдасканаліць сімф. аркестр. На базе класічнага аркестра 19 ст. склаўся народжаны ідэямі муз. рамантызму і імпрэсіянізму сімф. аркестр 20 ст., які задавальняе маст. патрэбы кампазітараў розных кірункаў і індывідуальнасцей.

Гіст. развіццё арк. музыкі суправаджалася пошукамі новых тэмбравых спалучэнняў, удасканаленнем інструментарыя і стварэннем новых інструментаў для ўзмацнення маляўнічасці, выразнасці музыкі. Разам з выкарыстаннем «чыстых» (сольных) тэмбраў як носьбітаў тэмы (лейтматыву) кампазітары пачалі выкарыстоўваць мяшаныя тэмбры. У залежнасці ад маст. задумы і творчай індывідуальнасці кампазітара І. (аркестроўка) можа быць (з улікам пераважнай тэндэнцыі) акустычна ўраўнаважанай (больш блізкая венскім класікам; асн. ўвага аддаецца дынамічнай збалансаванасці гучання, арган. спалучэнню гарызанталі і вертыкалі) ці тэмбральна-каларыстычнай (больш блізкая рамантыкам і імпрэсіяністам; пераважае характарыстычнасць тэмбраў, выяўленчасць, маляўнічасць гучання). У бел. музыцы да першай больш схіляюцца А.​Багатыроў, Я.​Цікоцкі, да другой — Г.​Вагнер, Я.​Глебаў, С.​Картэс, А.​Мдывані, Дз.​Смольскі. Курс І. выкладаюць у кансерваторыях і інш. спец. муз. навуч. установах.

Літ.:

Геварт Ф.О. Новый курс инструментовки: Пер. с фр. 2 изд. М.;

Лейпциг, 1913;

Римский-Корсаков Н.А. Основы оркестровки // Полн. собр. соч. Лит. произв. и переписка. М., 1959. Т.З;

Берлиоз Г. Большой трактат о современной инструментовке и оркестровке: Пер. с фр. [4 ] 1—2. М., 1972;

Витачек Ф.Е. Очерки по искусству оркестровки XIX в. М., 1979.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 265

ІНСТЫГА́ТАР (ад лац. instigo узбуджаю, прымушаю),

пасада (урад) у ВКЛ і Польшчы. 1) Выконваў функцыі гал. пракурора дзяржавы. У Польшчы ўведзены ў 1557. У ВКЛ упершыню згадваецца ў 1565, з 17 ст. меў намеснікам віцэ-інстыгатара. З 18 ст. дыгнітарская (прыдворная) пасада. Выступаў па ўсіх справах, неакрэсленых у праве. Засядаў у судах асэсарскім (з правам дарадчага голасу) і рэферэндарскім, падпарадкоўваўся канцлеру.

2) Трыбунальскія І. — судовыя ўраднікі ў Трыбунале каронным (з 1578) і Трыбунале Вялікага княства Літоўскага (з 1581). Прызначаліся маршалкам Трыбунала. Падзяляліся на скрынкавых І., якія падтрымлівалі абвінавачванне і бралі плату ад бакоў, і І. бяспекі, якія падтрымлівалі парадак у будынку Трыбунала і ў горадзе, дзе праходзіла яго сесія.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 7, с. 265

ІНСТЫ́НКТ (ад лац. instinctus намер, натхненне),

сукупнасць складаных наследаваных актаў паводзін, характэрных для асобін дадзенага віду пры пэўных умовах. Навукова абгрунтаваны рус. фізіёлагам І.​П.​Паўлавым. Звычайна І. называюць складаныя безумоўныя рэфлексы (харч., ахоўны і інш.) у адрозненне ад простых (міганне, чханне). Уяўляе сабой комплекс паслядоўных рэакцый, у якіх канец аднаго звяна з’яўляецца пачаткам другога. Адрозніваюць палавыя, бацькоўскія, дзіцячыя і іншыя. Ёсць спецыфічныя, уласцівыя некат. відам жывёл (міграцыя пералётных птушак, будаўніцтва ў баброў), групавыя, якія складаюць аснову ўзаемаадносін членаў статка, зграі, рою, сям’і (будаўніцтва гнязда, сумесная абарона ад ворагаў, агульны клопат пра патомства). У чалавека І. пераважна падпарадкоўваюцца яго свядомай дзейнасці, але апіраюцца на біял. фундамент найгалоўнейшых І., на аснове якіх развіваюцца важныя функцыі арганізма (палавая цяга, мацярынскі І. і інш.). Сучасныя даследчыкі ўжываюць тэрмін «інстынктыўнае» як сінонім паняццяў: «генетычна фіксаваныя», «спадчынна замацаваныя», «прыроджаныя» паводзіны, дзеянні і г.д.

Літ.:

Павлов И.П. Двадцатилетний опыт объективного изучения высшей нервной деятельности (поведения) животных. М., 1973;

Анохин П.К. Биология и нейрофизиология условного рефлекса. М., 1968.

У.​М.​Калюноў.

т. 7, с. 265

ІНСТЫНКТЫВІ́ЗМ у сацыялогіі,

кірунак, які імкнецца растлумачыць сац. з’явы і працэсы з дапамогай звяртання да біял. прыроды чалавека. Сфарміраваўся на мяжы 19—20 ст. У яго аснову пакладзена тэорыя сац. паводзін У.​Мак-Дугала, паводле якой аснова грамадскага жыцця — у біялагічна прыроджаных інстынктах, што суправаджаюцца адпаведнымі эмоцыямі. З узаемазвязаных паміж сабой інстынктаў і эмоцый (гнеў, страх, пачуццё самазахавання, узнаўленне роду, набыццё уласнасці) ён выводзіў асн. сац. ін-ты — сям’я, дзяржава, рынак і інш. І.​Лебон даказваў, што з-за валявой неразвітасці і нізкага інтэлектуальнага ўзроўню вялікіх мас людзей («натоўпу») імі кіруюць неўсвядомленыя інстынкты. У апошнія гады ў зах. навуцы сталі звяртаць большую ўвагу на ідэі І. ў рамках «эталагічных» (спадчынных) і «сацыябіялагічных» тлумачэнняў сац. паводзін і грамадскага жыцця.

т. 7, с. 265

ІНСТЫТУ́Т (ад лац. institutum установа, устанаўленне),

1) назва навукова-даследчай ці навучальнай установы, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой-н. галіне.

2) Сярэдняя навуч. ўстанова закрытага тыпу для жанчын дваранскага паходжання у дарэв. Расіі.

3) Сукупнасць прававых норм у якой-н. сферы грамадскіх адносін (напр., І. грамадзянства); пэўная арганізацыя грамадскай дзейнасці і сац. адносін (напр., І. сям’і і шлюбу).

т. 7, с. 265

ІНСТЫТУ́ТЫ ЧЫРВО́НАЙ ПРАФЕСУ́РЫ (ІЧП),

спецыялізаваныя навук навуч. ўстановы ў СССР, якія рыхтавалі выкладчыкаў грамадскіх навук для ВНУ, а таксама работнікаў для н.-д. устаноў, парт. і дзярж. органаў з 1921 да канца 1930-х г. Першы ІЧП створаны паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 11.2.1921 у Маскве. Падпарадкоўваўся Нар. камісарыяту асветы. Рэктар (1921—32) — М.М.Пакроўскі. У ін-т прымалі толькі членаў РКП(б). У 1930 у выніку рэарганізацыі падзелены на 4 самаст. ін-ты: філасофіі і прыродазнаўства, эканам., гісторыі, гісторыка-партыйны. У 1931 адкрыты шэраг новых ІЧП: аграрны, літ., тэхнікі і прыродазнаўства і інш. У розныя гады ў ІЧП выкладалі вучоныя і дзярж. дзеячы: А.​С.​Бубнаў, В.П.Волгін, А.​М.​Дзяборын, А.В.Луначарскі, Е.​М.​Яраслаўскі і інш. Закрыты да канца 1930-х г. У 1946 на ўзор ІЧП створана Акадэмія грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б).

М.​С.​Даўгяла.

т. 7, с. 275

Інстытут аграрнай эканомікі

т. 18, кн. 1, с. 393

ІНСТЫТУ́Т АГУ́ЛЬНАЙ І НЕАРГАНІ́ЧНАЙ ХІ́МІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

гл. Агульнай і неарганічнай хіміі інстытут.

т. 7, с. 265

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУСАВЕ́ДЫ ў Ляймене,

навукова-даследчая і выдавецкая ўстанова бел. эміграцыі ў Германіі. Дзейнічаў у 1982—93 у г. Ляймен. Заснавальнік і кіраўнік (да 1990) Ю.Жывіца. Выдаваў час. «Весткі» (кн. 1—8, 1986—93), дзе друкаваліся творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, літаратараў з Польшчы і Беларусі (В.​Ермаловіч, А.​Каўка, А.​Мірановіч, І.​Іваноў, А.​Бембель, М.​Гайдук і інш.). Выдаваў кнігі па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі: «Гістарычная фаналогія беларускай мовы» (1977, на англ. мове), зб-кі «Подляскі весьнянкі» (1982), «Народныя песні з Падляшша» (т. 1—2, 1983—84); «Недапетая песня» Х.​Ільяшэвіча (2-е выд. 1987), «Роднае слова» Бембеля (1988) і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 265