Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭ́МЕК ((Remek) Уладзімір) (н. 26.9.1948, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія),

першы касманаўт Чэхаславакіі. Герой Чэхаславакіі (1978). Герой Сав. Саюза (1978). Лётчык-касманаўт Чэхаславакіі (1978). Палкоўнік-інжынер (з 1995 у адстаўцы).

Скончыў Вышэйшае авіяц. вучылішча ў г. Кошыцы (1970), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1976). З 1976 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. 2—10.3.1978 з А.А.Губаравым здзейсніў (як касманаўт-даследчык) палёт на касм. караблі «Саюз-28» (першы ў свеце міжнар. экіпаж) па праграме «Інтэркосмас» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж Ю.В.Раманенка, Г.М.Грэчка) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз-27». Правёў у космасе 7,9 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

У.Рэмек.

т. 14, с. 11

РЭ́МЕНЫ (Reményi) Эдэ [сапр. Гофман (Hoffmann); 17.1.1828, г. Мішкальц, Венгрыя — 15.5.1898], венгерскі скрыпач і кампазітар. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1842—45). Выступаў у ансамблі з І.​Брамсам. З 1854 прыдворны саліст у Лондане. З 1860 у Будапешце, з 1875 у Парыжы, Нью-Йорку. Ігра вызначалася вогненным тэмпераментам, бліскучай віртуознасцю, свабоднай імправізацыяй. Сярод твораў: канцэрт для скрыпкі з арк., п’есы ў нар. венг. духу для скрыпкі сола («Венгерскія мелодыі» і інш.) і з фп., скрыпічных транскрыпцый фп. п’ес Ф.​Шапэна, у т. л. мазурак і паланэзаў, вальсаў і інш.

т. 14, с. 11

РЭ́МІЗАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (6.7.1877, Масква — 26.11.1957),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1902. Пошукі архаічнага стылю, арыентаванага на л-ру і вуснае слова «дапятроўскай» Русі ў кн. «Ліманар, сірэч: Луг духоўны» (1907), «Міколавы прытчы» (1917). У раманах «Сажалка» (1905), «Плачужная канава» (1923—25), аповесці «Пятая язва» (1912), у «летапіснай» аповесці «Узвіхраная Русь» (1927) — вобраз рас. правінцыі і С.-Пецярбурга, тэмы недарэчнасці жыцця, душэўнай дысгармоніі, чалавечых пакут. «Слова пра пагібель Рускай зямлі» (1918) — ліраэпічная «гістарыясофія» Расіі, асэнсаванне падзей 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі 1917. Аўтар драм. твораў у духу сярэдневяковых містэрый («Трагедыя пра Іуду, прынца Іскарыёцкага», 1909; «Цар Максімілян», 1919), біягр. кн. «Падстрыжанымі вачыма» (1951), кн. «Агонь рэчаў. Сны і перадсонне. Гогаль. Пушкін. Лермантаў. Тургенеў. Дастаеўскі» (1954), апрацовак казак, паданняў, апокрыфаў і інш. З 1921 у эміграцыі.

Тв.:

Соч. Кн. 1—2. М., 1993;

Избранное. М., 1978;

Избранное. Повести. Лит. силуэты. Воспоминания. М., 1992;

В розовом блеске: Автобиогр. повествование. Роман. М., 1990.

Літ.:

Алексей Ремизов: Исслед. и материалы. СПб., 1994.

т. 14, с. 11

РЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад рэ... + мілітарызацыя),

аднаўленне ваен. магутнасці, ваен.-эканам. патэнцыялу дзяржавы (ч. яе тэр.) пасля дэмілітарызацыі. Напр., Германія анулявала ваен. артыкулы Версальскага мірнага дагавора 1919, аднавіла ваен. магутнасць і распачала падрыхтоўку да рэваншу. Пасля 2-й сусв. вайны Р. найб. характэрна для дзяржаў, якія ў адпаведнасці з міжнар. дагаворамі ў 2-й пал. 1940-х г. былі дэмілітарызаваны, потым аднавілі свой ваен.-эканам. і тэхн. патэнцыял (напр., ФРГ, Італія, Румынія і інш.).

т. 14, с. 11

РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ (ад лац. reminiscentia успамін) у псіхалогіі, адтэрмінаванае больш поўнае і дакладнае аднаўленне захаванага ў памяці матэрыялу ў параўнанні з першапачаткова ўспрынятым (завучаным). Назіраецца ў працэсе запамінання рознага вербальнага і нагляднага матэрыялу (тэксты, вершы, спісы, наборы малюнкаў, прадметаў), а таксама пры замацаванні сенсаматорных навыкаў. Асабліва выразна праяўляецца пры рабоце з лагічна звязаным матэрыялам вял. аб’ёму, які аказвае эмацыянальнае ўздзеянне на чалавека. Часцей сустракаецца ў дзіцячым узросце.

т. 14, с. 11

РЭМІНІСЦЭ́НЦЫЯ ў літаратуры,

свядомае ці міжвольнае ўзнаўленне паэтам маст. вобраза або вобразнай канструкцыі з твора інш. аўтара, уключэнне іх як своеасаблівага ідэйна-маст. кампанента ў свой твор. Напр., выразна адчуваецца арыентацыя на вядомы вобраз, упершыню ўжыты Ф.​Скарынай (прадмова да кн. «Юдзіф»), у вершы Р.​Барадуліна «Аплакалі вырай совы»:

Па граю першыя
Тужаць
Праталіны белабрысыя,
Ведаюць гнёзды птушкі.
I рыбы чуюць віры свае

Вядомы таксама выпадкі аўтарэмінісцэнцыі:

Бывай здаровы, мужыцкі народзе,
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе 1 часам спамяні пра
Яську свайго,
Што загінуў за праўду для дабра твайго.
А калі слова пяройдзе ў дзела,
Тады за праўду станавіся смела,
Бо адно з праўдай у грамадзе згодна
Дажджэш, народзе, старасці свабодна.
(К.​Каліноўскі.«Пісьмо з-пад шыбеніцы»).

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 11

РЭМІ́СІЯ (ад лац. remissio памяншэнне, паслабленне) у эканоміцы, акругленне сумы плацяжу на рахунку ў бок памяншэння.

т. 14, с. 11

РЭМІ́СІЯ ў медыцыне,

перыяд цячэння хваробы, які характарызуецца часовым аслабленнем (няпоўная) або знікненнем яе праяў (поўная). Адрозніваюць Р. тэрапеўт. (пад уплывам лячэння), спантанную (звычайна — заканамерны этап развіцця хваробы), таксама звязаныя з псіхічнымі захворваннямі (астэнічную, гіперстэнічную, неўрозападобную і інш.).

т. 14, с. 11

РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],

уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.

т. 14, с. 11

РЭ́МШАЙД (Remscheid),

горад у Германіі, зямля Паўн. Рэйн-Вестфалія, каля р. Вупер. Каля 130 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Прам-сць: маш.-буд. (значнае станкабудаванне), металург. (вытв-сць спецсталяў), тэкстыльная. Масты цераз р. Вупер звязваюць Р. з г. Золінген.

т. 14, с. 11