Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІКІ́КЕ (Iqique),

горад на Пн Чылі, адм. цэнтр вобл. Тарапака. Засн. ў 16 ст. 161,9 тыс. ж. (1993). Порт на Ціхім ак., чыг. станцыя. Аэрапорт. Рыбаперапрацоўчая, хім., нафтахім. прам-сць. Суднабудаванне. Рыбалоўства. Вываз салетры, соды, ёду, рыбнай мукі. Ун-т.

т. 7, с. 194

І́КІНС (Eakins) Томас, гл. Зйкінс Томас.

т. 7, с. 194

ІКІ́ТАС (Iquitos),

горад на ПнУ Перу, адм. ц. дэпартамента Ларэта. Засн. ў 1863. 269,5 тыс. ж. (1993). Порт на р. Амазонка (даступны для марскіх суднаў). Аэрапорт. Нафтаперапр., тэкст., дрэваапр. прам-сць. Цэнтр с.-г. (бавоўна, тытунь, рыс) і лесапрамысл. (каўчук, арэхі тагуа, смолы) раёна. Нац. ун-т.

т. 7, с. 194

ІКО́НА (ад грэч. eikon выява, вобраз),

тое, што абраз.

т. 7, с. 194

ІКРА́,

яйцы рыб, малюскаў, ігласкурых і інш. жывёл. Гл. ў арт. Яйцо.

т. 7, с. 194

ІКРАМІ́ (Джалол) (20.9.1909, г. Бухара, Узбекістан—11.6.1993),

таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1979). Друкаваўся з 1927. У кнігах апавяданняў і нарысаў «Жыццё і перамога» (1934), «Герой Дняпра» (1944), «Мухабат» (1951), «З Душанбе ў Кіеў» (1959), п’есах «Вораг» (1933), «Сэрца маці» (паст. 1942), «Гарнізон не здаецца» (1975), раманах «Шодзі» (ч. 1—2, 1940—49), «Дачка агню» (1962), трылогіі «Дванаццаць варот Бухары» (1961—74), «Вараннё жывучае» (1979) і інш. адлюстраваў паднявольны лёс жанчыны Усходу да рэвалюцыі, этапы станаўлення тадж. калгаснай вёскі, падзеі грамадз. і Вял. Айч. войнаў. Асобныя творы І. на бел. мову пераклаў У.​Яцко.

т. 7, с. 194

ІКСО́ДАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Ixodidae),

сямейства кляшчоў атр. паразітыформных. Каля 1000 вілаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. На Беларусі 12 відаў. Часовыя паразіты млекакормячых, птушак, паўзуноў, земнаводных. Адрозніваюць І.к. пашавых, гняздованоравых і прамежкавых.

Даўж. галодных кляшчоў 1—10 мм, якія лапіліся крыві — да 25 мм. Цела нерасчлянёнае, сплюшчанае. Маюць 4 пары канечнасцей. Ротавыя органы ўтвараюць галоўку, якой клешч прысмоктваецца да гаспадара на некалькі сутак. Яйцы адкладаюць на зямлю. У развіцці праходзяць фазы лічынкі, німфы і дарослай асобіны. Многія І.к. — пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. і паразітарных хвароб чалавека, жывёл (кляшчовага энцэфаліту, чумы, бруцэлёзу і інш.).

Іксодавы клешч.

т. 7, с. 194

ІКТ (ад лац. ictus удар, націск),

у вершаскладанні націскны склад, які ў спалучэнні з ненаціскнымі (тэзісамі) арганізоўвае рытмічнае гучанне верша.

т. 7, с. 194

ІКТА́ (араб., літар. надзел),

у сярэднія вякі ўмоўнае падараванне зямельнага надзелу феадалу за ваен. ці грамадз. службу ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу (накшталт бенефіцыя ў Еўропе). У араб. крыніцах вядомы з канца 7 ст., найб. пашыраны ў 8—10 ст. пры Абасідах. З 9 ст. І. наз. таксама падараванне халіфам вобласці ў намесніцтва эміру, з правам збору на сваю карысць усіх ці часткі падаткаў. У імперыі Вялікіх Маголаў наз. джагір, у Асманскай імперыі — зеамет, цімар. Рост зямель І. і змяншэнне фонду дзярж. зямель — адна з прычын феад. раздробленасці.

т. 7, с. 194

ІКТЫ́Н (Iktinos),

старажытнагрэчаскі архітэктар 2-й пал. 5 ст. да н.э. Буйнейшы архітэктар перыяду класікі. Яго работам уласцівы выкарыстанне сістэмы арх. ордэраў, пластычнасць, сінтэз форм дарычнага ордэра і іанічнага ордэра Пабудаваў Парфенон (447—438 да н.э., з Калікратам) і адэон Перыкла ў Афінах, храм Апалона ў Басах (каля 430 да н.э.), у якіх упершыню выкарыстаў карынфскую капітэль (гл. Карынфскі ордэр).

т. 7, с. 195