Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІВЯНЕ́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,

традыцыйныя вырабы гасп. і дэкар. прызначэння з г.п. Івянец (Валожынскі р-н Мінскай вобл). Промысел вядомы з 16 ст. Выраблялі кухонны і сталовы посуд (тэракотавы, чорназадымлены, глазураваны) шырокага асартыменту, тэракотавую і паліваную кафлю з рэльефнымі расліннымі, зааморфнымі і геральдычнымі выявамі. Асаблівага развіцця І.к. дасягнула ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі працавалі майстэрні па вытв-сці посуду і кафлі, значна пашырыўся асартымент вырабаў (цукарніцы, чайнікі, маслёнкі, вазы, попельніцы, падсвечнікі і інш.). Выраблялі пераважна посуд, глазураваны празрыстай палівай, пад якую наносілі ангобную размалёўку карычневага ці белага колеру ў выглядзе прамых і хвалістых паяскоў, хваёвых лапак інш. геам. і раслінных матываў. У майстэрнях П.​Лотыша, К.​Дамброўскага, братоў Собаляў выраблялі глазураваную манахромную (жоўтую, карычневую, белую, зялёную) кафлю з рэльефнымі матывамі раслін, кветак, адвольных кампазіцый у стылі мадэрн, а таксама карнізы для печаў, цацкі і інш. У 1960 на базе арцелі імя Дзяржынскага была створана ф-ка маст. керамікі і вышыўкі (з 1979 з-д маст керамікі). Посуд мяккіх круглаватых форм, аздоблены гладкімі і расчасанымі хвалістымі палосамі ангобнага дэкору (фляндроўкай), фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, бараноў, зуброў, утылітарна-дэкар. вырабы, дробная пластыка карысталіся шырокай папулярнасцю, экспанаваліся на айч. замежных выстаўках, экспартаваліся ў многія краіны. І.к. 1980—90-х г. — штампаваныя і літыя вырабы гасп. і дэкар.-маст прызначэння.

Літ.:

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 6 Мн., 1994;

Сахута Я. Беларуская народная кераміка. Мн., 1987;

Яго ж. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахта.

Івянецкая кераміка. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 160

ІВЯНЕ́ЦКА-НАЛІБО́ЦКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну.

Утворана на тэр. Івянецкага і частках сумежных з ім раёнаў, якія кантралявалі партызаны. Цэнтр зоны — Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага (гл. Налібоцкія баі 1942, 1943). Да восені 1943 тэр. зоны складала 2,5 тыс. км². Яе ўтрымлівалі 5 брыгад (9 тыс. партызан), 3 асобныя атрады Івянецкага і Стаўбцоўскага партыз. злучэнняў. У зоне была адноўлена сав. ўлада, ліквідаваны ням. маёнткі, сялянам вернута нарабаваная маёмасць. На тэр. зоны базіраваліся падп. Баранавіцкі абком КП(б)Б, Івянецкія міжрайцэнтры КП(б)Б і ЛКСМБ, Валожынскі, Івянецкі, Мінскі, Стаўбцоўскі райкомы, Баранавіцкае партыз. злучэнне, выдаваліся падп. газ. «Чырвоная звязда», «Молодой мститель», «Народный мститель», «Искра». З канца 1942 пачаліся баі па абароне зоны і насельніцтва ад гітлераўцаў, асабліва цяжкія адбыліся ўлетку 1943 у час карнай аперацыі «Герман». Выкарыстоўваючы розныя тактычныя прыёмы, партызаны ні разу не пакінулі раёны сваёй дыслакацыі і ўтрымлівалі зону да вызвалення Беларусі ў ліп. 1944.

т. 7, с. 160

ІВЯНЕ́ЦКІ АЛЯКСЕ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1905—07 на могілках у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. па фундацыі ген. Э.​Каверскага. Цагляны аднанефавы храм з пяціграннай апсідай і квадратнымі сакрысціямі. На гал. фасадзе выступае 2-ярусная 4-гранная шатровая званіца. Над апсідай чатырохгранная шатровая вежа-ліхтар. Прастора нефа перакрыта стральчатымі нервюрнымі скляпеннямі на падпружных арках, упрыгожанымі паліхромнай арнаментальнай размалёўкай. Перад касцёлам 3-арачная мураваная брама.

А.​М.​Кулагін.

Івянецкі Аляксееўскі касцёл.

т. 7, с. 160

ІВЯНЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў 1702—05 у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам мясц. майстра манаха А.​Чаховіча, па фундацыі мінскага стольніка Т.​Ваньковіча, рэстаўрыраваўся ў 1856—60 (арх. В.​Бяляўскі, мастак Я.​Кураткевіч) і ў 1980—90-я г. (арх.І.​Маскалёў). Комплекс складаецца з касцёла, кляштара і брамы. У 1880—85 касцёл перабудаваны пад правасл. царкву. Касцёл — мураваная трохнефавая крыжовая базіліка з 3-вежавым гал. фасадам, які багата аздоблены ордэрнай пластыкай і лепкай. Да яго зах. боку прымыкае Г-падобны ў плане мураваны 2—3-павярховы будынак кляштара. Па восі касцёла размешчана брама, якая з’яўляецца арх.-маст. акцэнтам агароджы кляштара. Уяўляе сабой кампазіцыю з 4 руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам. З усх. боку сцяны захавалася васьмігранная вежа.

Л.​В.​Трэпет.

Івянецкі касцёл і кляштар францысканцаў.

т. 7, с. 160

ІВЯНЕ́ЦКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—62. Створаны 15.1.1940 у Баранавіцкай вобл. Цэнтр — г.п. Івянец. Падзяляўся на 15 сельсаветаў. У Вял. Айч. вайну на тэр. раёна ўтворана Івянецка-Налібоцкая партызанская зона. З 8.1.1954 раён у Маладзечанскай, з 20.10.1960 — у Мінскай абл. 17.4.1962 раён скасаваны, яго тэрыторыя перададзена Валожынскаму і Стаўбцоўскаму р-нам.

т. 7, с. 161

І́ГАР (?—945),

вялікі князь кіеўскі ў 912—945. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын Рурыка (гл. Рурык—Сінявус—Трувор). У 913 прымусіў драўлян і улічаў плаціць даніну Кіеву. У 915 заключыў мір з печанегамі, у 920 ваяваў з імі. У 941 здзейсніў з войскам марскі паход супраць візант. правінцый у М. Азіі, але пацярпеў паражэнне ад візант. палкаводца Феафана. У 944 з дапамогай варагаў і печанегаў ажыццявіў на лодках і конным строем вял. паход да нізоўяў Дуная, чым прымусіў візант. ўрад прапанаваць яму даніну ў абмен на мір. Паводле рус.-візант. дагавора 944 гарантавалася бяспека рус. паслам, купцам і воінам, якія прыбывалі ў Візантыю. У 945 1. пры спробе (насуперак звычаю) узяць другі раз за год даніну з драўлян забіты імі.

Літ.:

Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986.

т. 7, с. 161

ІГАРГА́Р,

сухое рэчышча ў Цэнтр. Сахары, у Алжыры. Даўж. больш за 1100 км. Запаўняецца вадой пераважна пасля дажджоў. Бярэ пачатак у нагор’і Ахагар. Накіравана на Пн, праразае паўн. схілы нагор’я глыбокімі цяснінамі. Пастаянны вадацёк захоўваецца ў гарах і знікае ў пясках.

т. 7, с. 161

ІГА́РКА,

горад у Расіі, у Краснаярскім краі, на Ігарскай пратоцы р. Енісей. Засн. ў 1929. 17,9 тыс. ж. (1992). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў. Аэрапорт. Лесакамбінат (піламатэрыялы) і рыбазавод. Навук.-доследная станцыя па вывучэнні шматгадовай мерзлаты Сібірскага аддзялення Рас. АН, філіял Ін-та эксперым. медыцыны (па вывучэнні і папярэджанні цынгі). Музеі шматгадовай мерзлаты і гісторыі асваення енісейскай поўначы.(па вывучэнні і папярэджанні цынгі). Музеі шматгадовай мерзлаты і гісторыі асваення енісейскай поўначы.

т. 7, с. 161

І́ГАР СВЯТАСЛА́ВІЧ (1150—1202),

князь ноўгарад-северскі (з 1178), чарнігаўскі (з 1198). Сын чарнігаўскага князя Святаслава Ольгавіча. Удзельнік феад. войн 12 ст. за кіеўскі прастол. У 1172 за р. Ворскла разграміў войска полаўцаў на чале з ханамі Кабяком і Канчаком. Сумесна з інш. князямі ўдзельнічаў у шэрагу паходаў супраць полаўцаў. Узначаліў няўдалы паход 1185, які потым склаў сюжэтную аснову « Слова аб палку Ігаравым». Уцёкшы з палону, нанёс новыя паражэнні полаўцам у 1187, 1190 і 1191.

т. 7, с. 161

ІГЕЛЬСТРО́М (Канстанцін Густававіч) (Яўстаф’евіч, 8.5.1799, г.п. Шумскае Цярнопальскай вобл., Украіна — 13.11.1851),

дзекабрыст. Служыў капітанам у Літоўскім піянерным сапёрным батальёне. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў т-ва «Ваенныя сябры». Адыграў значную ролю ў падрыхтоўцы Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825; батальён, адной з рот якога камандаваў І., першы адмовіўся ад прысягі Мікалаю I (24.12.1825). 27.12.1825 арыштаваны, зняволены ў беластоцкую турму. У 1827 пазбаўлены дваранства і прыгавораны да 10 гадоў катаргі ў Сібіры. З крас. 1836 радавы ў асобным Каўказскім корпусе. 13.2.1843 звольнены ў адстаўку ў чыне паручніка.

В.​В.​Швед.

т. 7, с. 161