Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХА́НКА,

возера ў Прыморскім краі Расіі і ў Кітаі. Размешчана на Прыханкайскай нізіне на выш. 6,8 м. Пл. 4190 км² (з іх 3030 км² у Расіі), даўж. 95 км, глыб. 1—3 м, найб. да 10,6 м. Памеры Х. моцна мяняюцца пры ваганнях узроўню. Берагі б. ч. забалочаныя. Упадаюць рэкі Лефу, Мо і інш., выцякае р. Сунгача (прыток р. Усуры). Замярзае ў ліст., ускрываецца ў красавіку. Рыбалоўства, промысел андатры. Суднаходства. Па берагах гнездаванні вадаплаўных птушак.

т. 16, с. 538

ХАНЛА́РАВА Зейнаб Ях’я кызы (н. 28.12.1936, Баку),

азербайджанская спявачка (лірычнае сапрана). Нар. арт. Азербайджана (1975). Нар. арт. СССР (1980). Скончыла муз. вучылішча імя А.​Зейналы ў Баку (1961). З 1961 у Азерб. т-ры оперы і балета. Сярод партый: Лейлі, Аслі («Лейлі і Меджнун», «Аслі і Керэм» У.​Гаджыбекава). Выступае як канцэртная спявачка з выкананнем мугамаў, нар. песень. Дзярж. прэмія Азербайджана 1988.

т. 16, с. 539

ХАНО́Й (Ha Noi),

горад, сталіца В’етнама, на р. Хангха, за 175 км ад яе ўпадзення ў зал. Бакбо Паўд.-Кітайскага мора. 1,3 млн. ж. (1996); марскі аванпорт Хайфон. Разам з прыгарадамі ўтварае асобную адм. адзінку. Трансп. вузел (трансв’етн. чыг. магістраль і 5 шашэйных дарог). Міжнар. аэрапорт Найбай. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. станкабудаванне, трансп., эл.-тэхн.) і металаапрацоўка, хім., дрэваапрацоўка, тэкст. (баваўняная, шаўковая), харч., тытунёвая, керамічная, гумавая, абутковая, піваварная, рысаачышчальная. Саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў. Ун-т.

Паселішча на тэр. Х. існавала з 3 ст. Горад узнік у 5 ст. (паводле інш. крыніц — у 8 ст.). У 9—11 ст. наз. Дайла, з 11 ст. — Тханглаўнг (Горад дракона. які лунае), ці Дангкінь (Усх. сталіца). У 1804. калі сталіца была пераведзена ў г. Хюэ, Х. стаў гал. горадам паўн. ч. В’етнама. У 1839 атрымаў назву Х. (Міжрэчча). З 1882 адм. цэнтр франц. пратэктарата Танкін, з 1902 — сталіца Франц. Індакітая. У 1920-я г. Х. — адзін з цэнтраў нац.-вызв. і рабочага рухаў. У 2-ю сусв. вайну 1939—45 акупіраваны (канец 1940) яп. войскамі. У выніку Жнівеньскай рэвалюцыі 1945 у Х. абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам. У вайну Супраціўлення в’етнамскага народа 1945—54 Х. акупіраваны франц. войскамі (выведзены паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954, гл. Жэнеўскія нарады 1954—59). Падвяргаўся бамбардзіроўкам амер. авіяцыі ў час В’етнамскай вайны 1964—73 (найб. моцныя налёты ў снеж. 1972). Адбудаваны. З 1976 сталіца Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам.

Стары горад пераважна з традыц. 2-павярховымі дамамі (на 1-м паверсе крамы, майстэрні) сканцэнтраваны ў раёне воз. Вернутага мяча. Новы горад з 2—3-павярховымі дамамі еўрап. тыпу, садамі, паркамі абкружае Стары горад з 3 і Пд. Помнікі сярэдневяковага дойлідства: пагада Мот-Кот на адным слупе (1049, адноўлена ў 1956) — сімвал горада; Храм дзвюх сясцёр Чынг (у стылі кіт. пагады, быў аздоблены залатымі статуэткамі Буды, на сценах захаваліся барэльефы); пагада Нефрытавай гары на воз. Вернутага мяча, Храм чарапахі, Храм л-ры ў гонар Канфуцыя (1070; вакол яго каменныя чарапахі падтрымліваюць 84 пліты з імёнамі пераможцаў у літ. спаборніцтвах). Вылучаюцца будынак Політэхн. ін-та (1960-я г., арх. Е.​Буднік і інш.), маўзалей Хо Шы Міна (1975). У 1970-я г. сав. архітэктары на чале з С.​Сакаловым распрацавалі генплан горада. Музеі: гіст., в’етн., маст. Т-ры: оперы і балета, драм.; сімф. аркестры.

Н.​К.​Мазоўка (архітэктура).

Ханой. Храм літаратуры ў гонар Канфуцыя 1070.
Ханой. Будынак Вялікага тэатра.

т. 16, с. 539

ХАНО́К Эдуард Сямёнавіч (н. 18.4.1940, зернесаўгас у Фёдараўскім р-не Кустанайскай вобл., Казахстан),

беларускі кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1996). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1962, кл. Я.Глебава), Маскоўскую кансерваторыю (1969, кл. Дз.Кабалеўскага, А.​Пірумава). У 1969—72 выкладаў у Крыварожскім пед. ін-це. На Беларусі ў 1946—62 і з 1974. Найб. плённа працуе ў песенным жанры. Яго музыцы ўласцівы вобразнасць, меладычнасць, запамінальнасць з характэрнымі інтанацыяй, гармоніяй і рытмікай. Сярод песень «Зіма», «Давай пагаворым», «Ці. тое яшчэ будзе», «Малінаўка», «Я ў бабулі жыву», «Завіруха», «Вы шуміце, бярозы», «Ты вазьмі мяне з сабой» і інш., многія з якіх напісаны на вершы сучасных бел. паэтаў. Напісаў музыку да драм. спектакляў: «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Кот у ботах» С.​Пракоф’ева і Г.​Сапгіра (Бел. рэсп. т-р юнага гледача), «Брэсцкая Крэпасць» К.​Губарэвіча (Брэсцкі абл. драм. т-р), «Амаральная гісторыя» Э.​Брагінскага і Э.​Разанава, «Канёк-Гарбунок» паводле казкі П.​Яршова (Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі). Аўтар музыкі да бел. анімацыйных фільмаў, мюзікла «Маленькая краіна» (у сааўт., 2000. Масква) і інш.

Э.С.Ханок.

т. 16, с. 539

ХА́НСЕН (Hansen) Крысціян Фрэдэрык (29.11.1756, Капенгаген — 10.7.1845),

дацкі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (да 1774); выкладчык (у 1808—35 праф.) і дырэктар (1811—21, 1827—30) у ёй. У 1782—1800 працаваў у Германіі і Італіі. З 1808 вышэйшы інспектар па буд-ве ў Даніі. Асн. творы ў Капенгагене: пасля пажару 1794 аднавіў у стылі класіцызму палац Крысціянсбарг (1800—20), цэрквы, у т. л. Маці Божай (1811—29), у двары палаца Крысціянсбарг (1826—28), ратуша, школа Метрапалітан (абедзве 1816) і інш.

К.Ф.Хансен. Інтэр’ер царквы Маці Божай у Капенгагене. Літаграфія.

т. 16, с. 539

ХА́НСЕН (Hansen) Ханс Крысціян (8.11.1906, г. Орхус, Данія — 19.2.1960),

дацкі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1929 сакратар С.-д. саюза моладзі. у 1933—37 яго старшыня. У 1935—39 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала моладзі. З 1936 дэпутат фолькетынга ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД). У 1939—41, 1945—53 сакратар СДПД. У 2-ю сусв. вайну чл. міжпарт. к-та па сувязі з рухам Супраціўлення. У 1945 і 1947—50 міністр фінансаў, у 1953—58 міністр замежных спраў. У 1955—60 старшыня СДПД і прэм’ер-міністр Даніі.

т. 16, с. 539

ХАНТА́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Хантайка (бас. р. Енісей), у Краснаярскім краі Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1970—75. Пл. 1561 км², аб’ём 23,5 км³, даўж. 160 км. найб. шыр. 9 км. Шматгадовае рэгуляванне сцёку, ваганні ўзроўню да 13 м.

т. 16, с. 540

ХАНТА́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА, Вялікае Хантайскае возера. На Пн Краснаярскага краю Расіі. Размешчана на ПдЗ плато Путарана ў вузкай тэктанічнай катлавіне. Пл. 822 км², глыб. да 420 м. Злучана пратокай з воз. М. Хантайскім (пл. 58 км²). Выцякае р. Хантайка. Х.в. з’яўляецца натуральным рэгулятарам сцёку Хантайскай ГЭС.

т. 16, с. 540

ХА́НТЫ-МАНСІ́ЙСК,

горад, цэнтр Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі, у Рас. Федэрацыі. Засн. ў 1931 як пасёлак, да 1940 наз. Асцяка-Вагульск, з 1950 горад. 39,7 тыс. ж. (2001). Прам-сць: харч. (рыбакансервавая, малочная і інш.), дрэваапрацоўчая. Факультэты Цюменскага с.-г. ін-та і Ніжнявартаўскага пед. ін-та. Краязнаўчы музей. Біятлонны цэнтр. Каля Х.-М. музей пад адкрытым небам «Тарум-Маа» (архітэктура народаў Поўначы).

т. 16, с. 540

ХА́НТЫ-МАНСІ́ЙСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Асцяка-Вагульская нац. акруга, з 1940 Ханты-Мансійская нац. акруга, з 1977 сучасная назва. Пл. 523,1 тыс. км². Нас. 1401,9 тыс. чал. (2001), гарадскога 91%. Цэнтр — г. Ханты-Мансійск. Найб. гарады: Сургут, Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Нягань, Кагалым (гл. карту да арт. Цюменская вобласць).

Займае цэнтр. ч. Зах.-Сібірскай раўніны, у межах якой вылучаюцца Сярэдняобская і Кондзінская нізіны, Сосьвінскае ўзв. і Сібірскія Увалы. На З — усх. схілы Паўн. і Прыпалярнага Урала (выш. да 1646 м). Радовішчы нафты і газу (Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя). Клімат кантынентальны з працяглай зімой (каля 9 месяцаў). Сярэдняя т-ра студз. ад -18 да -23 °C, ліп. 16—19 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. На Пн шматгадовая мерзлата. Гал. рака — Об з прытокамі Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах, Пім, Лямін, Назым, Казым. Шмат азёр (больш за 1500) і балот. Глебы тарфяна-балотныя і падзолістыя. Больш за 30% тэр. пад хвойнымі лясамі (елка, хвоя, кедр), на Пн — тундра. З жывёл пашыраны вавёрка, собаль, каланок, ліс, гарнастай; каля 200 відаў птушак. Рэкі і азёры багатыя рыбай (ласасёвыя, сігавыя, асятровыя). Запаведнікі Малая Сосьва і Юганскі.

Буйны раён здабычы нафты (181 млн. т разам з газавым кандэнсатам, 2000) і прыроднага газу (20,1 млрд. м³). Асн. радовішчы: нафты — Саматлорскае, Мамантаўскае, Фёдараўскае; газу — Ігрымскае, Пунгімскае і інш. Першасная апрацоўка нафты і газу ў гарадах Ніжнявартаўск, Нефцеюганск, Сургут, Нягань, Лянтор, Лангепас. Вытв-сць электраэнергіі 53,5 млрд. кВт∙гадз (2000) на ДРЭС (2 Сургуцкія і Ніжнявартаўская). Прам-сць: лясная, дрэваапр., харч. (рыбакансервавая, малочная і інш.), маш.-буд., вытв-сць буд. матэрыялаў. Пасяўныя пл. займаюць 10,8 тыс. га (2000). Бульбаводства. Прыгараднае агародніцтва. Малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, аленегадоўля. Пушны промысел. Зверагадоўля (серабрыстыя і чорныя лісы, пясец, норка). Улоў рыбы 6,6 тыс. т (2000). Даўж. чыгункі 1073 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1698 км. Гал. чыгунка Екацярынбург—Цюмень—Сургут—Новы Урэнгой. Суднаходства па рэках Об, Іртыш, Паўн. Сосьва, Вах. Рачныя парты: Сургут, Ніжнявартаўск. 8 аэрапортаў. Развіты трубаправодны транспарт. Нафтаправоды Усць-Балык—Омск, Саматлор—Альмецьеўск, Саматлор—Самара, Саматлор—Аляксандраўскае і інш.; газаправод Надым—Пунга і інш.

т. 16, с. 540