ХАНО́К Эдуард Сямёнавіч (н. 18.4.1940, зернесаўгас у Фёдараўскім р-не Кустанайскай вобл., Казахстан),

беларускі кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1982). Нар. арт. Беларусі (1996). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1962, кл. Я.Глебава), Маскоўскую кансерваторыю (1969, кл. Дз.Кабалеўскага, А.​Пірумава). У 1969—72 выкладаў у Крыварожскім пед. ін-це. На Беларусі ў 1946—62 і з 1974. Найб. плённа працуе ў песенным жанры. Яго музыцы ўласцівы вобразнасць, меладычнасць, запамінальнасць з характэрнымі інтанацыяй, гармоніяй і рытмікай. Сярод песень «Зіма», «Давай пагаворым», «Ці. тое яшчэ будзе», «Малінаўка», «Я ў бабулі жыву», «Завіруха», «Вы шуміце, бярозы», «Ты вазьмі мяне з сабой» і інш., многія з якіх напісаны на вершы сучасных бел. паэтаў. Напісаў музыку да драм. спектакляў: «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Кот у ботах» С.​Пракоф’ева і Г.​Сапгіра (Бел. рэсп. т-р юнага гледача), «Брэсцкая Крэпасць» К.​Губарэвіча (Брэсцкі абл. драм. т-р), «Амаральная гісторыя» Э.​Брагінскага і Э.​Разанава, «Канёк-Гарбунок» паводле казкі П.​Яршова (Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі). Аўтар музыкі да бел. анімацыйных фільмаў, мюзікла «Маленькая краіна» (у сааўт., 2000. Масква) і інш.

Э.С.Ханок.

т. 16, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)