Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗО́РНЫ ДОЖДЖ,

з’яўленне шматлікіх метэораў за кароткі прамежак часу. Адбываецца пры сустрэчы Зямлі з метэорным патокам.

т. 7, с. 113

ЗО́РНЫ ЧАС,

сістэма адліку часу, у якой працягласць сутак вызначаецца па кульмінацыях пункта вясенняга раўнадзенства ў месцы назірання (гл. Зорныя суткі). Роўны прамому ўзыходжанню (у гадзіннай меры) нябеснага свяціла ў момант яго верхняй кульмінацыі. Выкарыстоўваецца ў астраноміі.

т. 7, с. 113

ЗО́РЫН (сапр. Табашнікаў) Мікалай Анфілохіевіч

(н. 25.12.1917, ст. Чарняўская Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. артыст эстрады. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў тэатр. студыю Чэлябінскага драм. т-ра (1939). Працаваў у філармоніях Чэлябінска, Арла, Бранска. У 1948—81 чытальнік Бел. філармоніі. Творчай манеры ўласціва высокая патэтыка. Рэжысёр і выканаўца літ. кампазіцый: «Вецер з Волгі» А.​Вялюгіна, «Паэзія роднага краю» (П.​Броўкі, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, М.​Танка), «Кніга пра байца» (па творах А.​Твардоўскага), «Паэты ўсміхаюцца і смяюцца» (па творах А.​Пушкіна, М.​Лермантава, У.​Маякоўскага) і інш.

т. 7, с. 113

ЗО́РЫН (Усевалад Уладзіміравіч) (1893—1942),

бел. жывапісец, педагог. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1910-я г.). Жыў і працаваў у Гомелі, выкладаў у сярэдніх навуч. установах (1919—40) і Доме нар. творчасці (1930-я г.). Аўтар твораў «Эцюд» (1927), «Піянеры» (1930), «Дрэва» (1937), «Нацюрморт» (1940).

т. 7, с. 113

ЗО́РЫЧЫ,

вёска ў Вяляціцкім с/с Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 32 км ад Барысава, 103 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Прыяміна. 588 ж., 193 двары (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — царква (мяжа 19—20 ст.).

т. 7, с. 114

Зорыч Сямён Гаўрылавіч

т. 18, кн. 1, с. 392

«ЗО́РЬКА»,

газета для школьнікаў. Выдаецца з 1.1.1945 у Мінску штотыднёва на рус. мове. Да № 11 (1945) наз. «Пионер Белоруссии». Змяшчае матэрыялы пра вучобу і адпачынак дзяцей і падлеткаў. Сярод публікацый — вершы і апавяданні юных аўтараў, водгукі на кнігі, матэрыялы для вынаходнікаў, аматараў свойскіх жывёл, уражанні дзяцей ад падарожжаў па інш. краінах. Закранае пытанні экалогіі. Праводзіць конкурсы, віктарыны. Друкуе старонку для малодшых школьнікаў «Агеньчык».

Т.​А.​Меляшкевіч.

т. 7, с. 114

ЗО́СІК (Анатоль Ільіч) (н. 15.11.1924, в. Горка Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1944. Удзельнік вызвалення Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Камандзір стралк. аддзялення сяржант З. вызначыўся ў баях на тэр. Польшчы і Германіі. Да 1975 працаваў у органах МУС БССР.

т. 7, с. 114

ЗО́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (10.8.1895, г. Палтава, Украіна — 22.7.1958),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У гумарыстычных і сатыр. апавяданнях і фельетонах (першы зб. «Апавяданні Назара Ільіча, пана Сінябрухава», 1922) стварыў тыповы для тых часоў вобраз абывацеля-прыстасаванца. Камізм сітуацый падкрэслівае трагізм тагачаснага існавання ў аповесцях «Мішэль Сінягін» (1930), «Вернутая маладосць» (1933), «Гісторыя аднаго жыцця» (1934). Самааналізам і філасафічнасцю прасякнута аповесць-эсэ «Перад усходам сонца» (ч. 1. «Ключы шчасця», 1943, ч. 2 «Аповесць пра розум», апубл. 1972). За апавяданне «Прыгоды малпы» (1945) выключаны з Саюза пісьменнікаў (адноўлены ў 1953). Аўтар камедый «Небяспечныя сувязі», «Парусінавы партфель» (абедзве 1939), біягр. аповесцей «Керанскі» (1937) і «Тарас Шаўчэнка» (1939). Творы З. на бел. мову пераклалі Я.​Скрыган, В.​Рабкевіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. Л., 1986—87.

Літ.:

Старков А.Н. Михаил Зощенко: Судьба художника. М., 1990.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.М.Зошчанка.

т. 7, с. 114

ЗРАЖЭ́ЎСКІ (Васіль Іванавіч) (20.4.1776—3.1.1837),

бел. архітэктар. Прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АН (1797). У 1805—12 Магілёўскі губ. архітэктар. Аўтар праектаў у Магілёве — астрога і дома для рэктара і прэфекта (тып гар. жылога дома; гл. Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкі, 1808), мураваных цэркваў, у Мсціславе — Троіцкага сабора (каля 1810).

т. 7, с. 114