Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗНА́КІ ПРЫПЫ́НКУ, пунктуацыя,

графічныя сродкі перадачы граматычнай і інтанацыйнай будовы сказа. Узніклі з пачаткам кнігадрукавання (15 ст.). Сучасная бел. мова мае 10 З.п.: кропка, пытальнік, клічнік (паказваюць канец сказа, а таксама апавядальную, пытальную і клічную інтанацыі); коска, кропка з коскай, двукроп’е, працяжнік, дужкі (ставяцца ўнутры сказа); двукоссе (выдзяляе простую мову і цытаты); шматкроп’е (паказвае запінку, пропуск, незакончанасць). Працяжнік адметны шматзначнасцю. Раздзяляльныя З.п. (кропка, коска, двукроп’е і інш.) — адзіночныя; выдзяляльныя (дужкі, двукоссе, коскі, працяжнікі) — заўсёды парныя. Некат. падвойваюцца, патройваюцца і спалучаюцца паміж сабою. Найчасцей пунктуацыя абумоўлена толькі сінтаксічнай будовай сказа, безадносна да канкрэтнай інтанацыі, і мае строгую нарматыўнасць. Інтанацыйныя З.п. арыентуюцца на вымаўленне і бываюць факультатыўныя (асабліва працяжнік і коска ў маст. мове). У абодвух выпадках З.п. цесна звязаны з сэнсава-граматычным і эмацыянальна-стылістычным зместам сказа. Сказы без З.п. былі б двухсэнсавыя ці цьмяныя, напр.: «Скажы яму добра» — «Скажы яму: добра!» — «Скажы: яму добра?» — «Скажы яму. Добра?».

Літ.:

Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.Л. Сучасная беларуская пунктуацыя. 2 выд. Мн., 1972;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982.

т. 7, с. 99

ЗНА́КІ ХІМІ́ЧНЫЯ, сімвалы хімічныя,

скарочаныя літ. абазначэнні элементаў хімічных і іх атамаў. Абазначаюцца першай ці першай і адной з наступных літар лац. назвы хім. элемента. Увёў шведскі хімік Ё.​Берцэліус (1814). Напр., S — cepa (Sulfur), Ca — кальцый (Calcium), Cd — кадмій (Cadmium). Для абазначэння ізатопаў да З.х. злева прыпісваюць зверху масавы лік, а знізу — атамны нумар (напр., 2040Ca, 2042Ca, 2043Ca;); для іонаў уверсе справа ад З.х. паказваюць зарад (напр., Ca​2+, S​2-). З.х. карыстаюцца пры запісе формул хімічных.

т. 7, с. 100

Знак Марына Мікалаеўна

т. 18, кн. 1, с. 392

ЗНАК ТАВА́РНЫ,

гл. Таварны знак.

т. 7, с. 98

ЗНА́МЕНКА,

вёска ў Брэсцкім р-не, на аўтадарозе Брэст — в. Тамашоўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на Пд ад г. Брэст, 12 км ад чыг. ст. Дубіца. 1371 ж., 527 двароў (1997). Кааператыў «Колас». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Каля вёскі помнік на месцы бою пагранічнікаў з ням.-фаш. захопнікамі 22.6.1941.

т. 7, с. 100

ЗНА́МЕНКА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Жодзіна — в. Дзяніскі. Да 1969 Падонкі. Цэнтр сельсавета. За 10 км на ПдУ ад г.п. Лагойск, 43 км ад Мінска, 24 км ад чыг. ст. Смалявічы. 148 ж., 78 двароў (1997). Б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму.

т. 7, с. 100

ЗНА́МЕННЫ СПЕЎ, стаўповы спеў,

асноўны спеў стараж.-рус. манадыйнай музыкі (гл. Манодыя). Назва ад стараж.-рус. слова «знамя» — знак, нота ў безлінейным неўменным запісе музыкі (гл. Крукі). Падпарадкаваны агульным кананічным прынцыпам праваслаўнай царк. музыкі: папевачнаму развіццю (гл. Папеўка), радку як асн. вышыннаму ўзроўню формаўтварэння знаменнага песнапення, сістэме асмагласся. Выконваўся унісонным мужчынскім хорам. Мелодыка З.с. — строгая, суровая, стрыманая, падпарадкаваная вядучаму слоўнаму тэксту, вылучаецца плаўным паступовым меладычным рухам, дазволенасцю скачкоў на тэрцыю, кварту, квінту. Адзін з тыповых прынцыпаў арганізацыі знаменных напеваў — лінеарная перакампаноўка мелодыі (тэрмін Л.​Касцюкавец). Вылучаюць вял. З.с. (больш урачысты, распеты), лірызаваны і малы (скарочаны варыянт З.с.). Вядомы з рукапісаў канца 11 — пач. 12 ст. (Благавешчанскі кандакар). Гістарычна меў 3 перыяды развіцця: стараж.-рус. сапраўдамоўя, раздзельнамоўя і новага сапраўдамоўя. Існуюць грэч., балг., сербскі, кіеўскі З.с. На аснове стараж.-рус. развіўся кіеўска-літоўскі, на Беларусі — беларускі, супрасльскі З.с., а таксама лакальныя — магілёўскі, віцебскі, нясвіжскі, куцеінскі, слуцкі, мірскі, віленскі, жыровіцкі. Беларусы стварылі ў Расіі шэраг новых спеваў, у т. л. старасіманаўскі, вяцкі і інш. На аснове ўскладнення З.с. і яго натацыі склаліся дзямественны спеў, пуцявы і т.зв. «казанскае знамя» (16—17 ст.).

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 7, с. 100

ЗНА́МЕНСКІЯ,

расійскія лёгкаатлеты-бегуны, засл. майстры спорту СССР (1936), браты. Нарадзіліся ў с. Зялёная Слабада Раменскага р-на Маскоўскай вобл. Скончылі 2-і Маскоўскі мед. ін-т (1941). Георгій Іванавіч (26.11.1903—28.12.1946), чэмпіён СССР па бегу на 5000 і 10 000 м (1939). У 1934—36 устанавіў 3 усесаюзныя рэкорды на дыстанцыях 1500 і 3000 м. Серафім Іванавіч (2.2.1906—7.5.1942), адзінаццаціразовы чэмпіён СССР (1934—40) па бегу на розныя дыстанцыі. У 1933—40 устанавіў 20 усесаюзных рэкордаў на дыстанцыях 1500, 2000, 3000, 5000, 10 000 м. Пераможцы шматлікіх міжнар. спаборніцтваў. З 1958 штогод праводзіцца Міжнар. лёгкаатлетычны мемарыял братоў З.

т. 7, с. 100

ЗНА́МЯ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл., каля р. Лакнея. Да 1964 Старцавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на З ад г. Слуцк, 123 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Сярэднікі. 699 ж., 277 двароў (1997). Цэхі па перапрацоўцы драўніны і садавіны. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 7, с. 100

ЗНАМЯРО́ЎСКАГА У. ВЫДАВЕ́ЦТВА,

прыватнае бел. выдавецтва ў Вільні ў 1920-я — сярэдзіне 1930-х г. Заснавальнік У.​Б.​Знамяроўскі. Выдавала арыгінальную і перакладную л-ру, падручнікі, слоўнікі (усяго каля 20 назваў). Сярод іх «Беларускі каляндар на 1920 г.», «Сцэнічныя творы» Л.​Родзевіча, «Дзед Завала» Ядвігіна Ш. (2-е выд.), «Руска-беларускі слоўнік» М. і Г.​Гарэцкіх (2-е выд.), «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» Ў.​Ігнатоўскага (4-е выд.) і інш. За выпуск «Беларускага дэкламатара» (1928) Знамяроўскі быў прыцягнуты ўладамі Польшчы да суд. адказнасці.

т. 7, с. 100