Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

З’ЕЗД НАРОДНЫХ ДЭПУТА́ТАЎ СССР, вышэйшы орган дзярж. улады ў СССР у 1989—91. Склікаўся 1 раз у год. Праведзена 5 з’ездаў, у т. л. 2 нечарговыя. На з’езд выбіралі 2250 дэп.: ад тэр. выбарчых акруг з роўнай колькасцю выбаршчыкаў 750, нац.-тэр. — 750, ад кожнай суверэннай рэспублікі — 32, аўт. — 11, аўт. вобласці — 5, аўт. акругі — 1; ад грамадскіх арг-цый —750 дэп. Дэпутаты разглядалі канстытуцыйныя, паліт., сац. і эканам. пытанні, выбіралі Вярхоўны Савет СССР, Прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта СССР, Старшыню Вярх. Савета СССР і яго 1-га намесніка, К-т канстытуцыйнага нагляду СССР; зацвярджалі Старшыню Вярх. суда СССР, Ген. пракурора СССР, Старшыню Вышэйшага арбітражнага суда СССР; прымалі рашэнні аб правядзенні ўсенар. галасавання (рэферэндуму). З’езд меў права адмяніць акты Вярх. Савета СССР. Акты з’езда (законы СССР і пастановы) прымаліся большасцю галасоў. На 3-м з’ездзе (15.3.1990) Прэзідэнтам СССР абраны М.С.Гарбачоў; з Канстытуцыі СССР скасаваны 6-ы арт. пра кіруючую ролю КПСС і аднапарт. сістэму. Апошні нечарговы з’езд (вер. 1991) аб’явіў пераходны перыяд для фарміравання новай сістэмы дзярж. улады. У снеж. 1991 у сувязі з дэнансацыяй Дагавора 1922 аб утварэнні СССР і стварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў саюзныя органы ўлады спынілі сваю дзейнасць.

т. 7, с. 50

З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1906.

Адбыўся нелегальна 9—10(22—23).7.1906 у в. Мікалаеўшчына Мінскага пав. Прысутнічала 16 чал. Адзін з арганізатараў з’езда К.​М.​Міцкевіч (Я.Колас). З’езд абраў часовае бюро, прыняў рэзалюцыю аб стварэнні настаўніцкага саюза. Адозва з’езда заклікала працаўнікоў школы змагацца за свае сац., нац. і прафес. правы, за ліквідацыю царскага самаўладдзя. Паліцыя арыштавала ўсіх удзельнікаў з’езда, яны былі пазбаўлены пасад і больш за 2 гады знаходзіліся пад следствам. Часовае бюро працягвала дзейнасць нелегальна.

Літ.:

З жыццяпісу Якуба Коласа: Дак. і матэрыялы. Мн., 1982.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 7, с. 50

З’ЕЗД НАСТА́ЎНІКАЎ МІ́НСКАЙ ГУБЕ́РНІ 1917.

Адбыўся. 15—26.5(28.5—8.6).1917 у Мінску. Прысутнічалі дэлегаты ад школ, навуч. устаноў, што былі эвакуіраваны ў Расію. Арганізаваны групай мінскіх настаўнікаў, арыентаваных на правыя партыі Расіі. Адным з гал. было бел. пытанне. Большасць дэлегатаў, прызнаючы за беларусамі права на нац.-культ. развіццё, выказалася супраць выкладання ў школах на бел. мове, якая ў рэзалюцыі была названа «роднай галінай рускай мовы». Прадстаўнікам нац. меншасцей (палякам, яўрэям, латышам) дазвалялася ў навуч. установах карыстацца роднай мовай. У абарону бел. школы выступіла В.​Лявіцкая (Лёсік), але не была падтрымана большасцю дэлегатаў. У рэзалюцыі аб паліт. уладкаванні сцвярджалася, што Беларусь — неад’емная частка Расіі пры ўмове ўвядзення «абласнога земскага самакіравання». Разгледжаны пытанні стварэння настаўніцкага саюза, арг-цыі курсаў для дарослых на вёсцы і інш.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 7, с. 50

З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ ЗАХО́ДНЯЙ ВО́БЛАСЦІ.

Адбыўся 2—4.12.1917 у Мінску. Прысутнічала 560 дэлегатаў (⅔ — бальшавікі, ⅓ — левыя эсэры) ад Саветаў Мінскай, Віленскай і Магілёўскай губ. Парадак дня: бягучы момант; даклады з месцаў; пытанні: зямельнае, харчовае; арганізац. работа; выбары абл. Савета. З’езд прапанаваў усім Саветам садзейнічаць ажыццяўленню Дэкрэта аб зямлі, прызнаў уладу Саветаў і СНК, выбранага II Усерас. з’ездам Саветаў. Выбраны ім абл. Савет (35 чал.) 9.12.1917 увайшоў у склад Абл. выканаўчага к-та Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзаха).

т. 7, с. 51

ЗЕІ́Н (ад лац. zea кукуруза),

бялок расліннага паходжання. Гл. ў арт. Праламіны.

т. 7, с. 51

ЗЕ́ЙСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р Зея, у Амурскай вобл. Расіі. Утворана плацінай аднайм. ГЭС. Запоўнена ў 1974—80. Пл. 2420 км², аб’ём 68,4 км³, даўж. 225 км, найб. шыр. 24 км. Ажыццяўляе шматгадовае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 26 м. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і барацьбы з навадненнямі. Суднаходства.

т. 7, с. 51

ЗЕ́ЙСКА-БУРЭІ́НСКАЯ РАЎНІ́НА,

раўніна на Д. Усходзе, у міжрэччы рэк Зея і Бурэя, у Амурскай вобл. Расіі. Выш. 200—300 м. Складзена з рыхлых пясчана-гліністых адкладаў. У бас. р. Бурэя радовішчы вугалю (Бурэінскі вугальны басейн). Глебы лугавыя чарназёмападобныя, бура-таежныя і балотныя. Лясы на Пн мяшаныя (даурская лістоўніца, мангольскі дуб), на Пд дубовыя з амурскай ліпай сярод участкаў лугавых стэпаў («амурскія прэрыі»), б.ч. узараных. Асн. збожжавы раён Амурскай вобл. (пшаніца).

т. 7, с. 51

ЗЕЛА́НДЫЯ, Шэлан (Sjaelland),

найбуйнейшы востраў у Балтыйскім м., тэр. Даніі. Пл. больш за 7 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1993). Узгорыстая марэнная раўніна (выш. да 126 м, асобныя ўчасткі на ПдЗ ніжэй узр. м.), з вял. колькасцю азёр (найб. воз. Арэсё). Берагі вострава нізкія, расчлянёныя бухтамі і залівамі. Складзены з вапнякоў і глін, перакрытых ледавіковымі адкладамі. Участкі букавых і дубовых лясоў. Земляробства (кармавыя травы, пшаніца, бульба, цукр. буракі); жывёлагадоўля малочная. Чыг. паромы звязваюць З. з в-вам Фюн і са Швецыяй. На ўсх. узбярэжжы і в-ве Амагер — сталіца Даніі г. Капенгаген.

т. 7, с. 51

ЗЕЛА́НДЫЯ (Zeeland),

гістарычная правінцыя на ПдЗ Нідэрландаў, размешчаная пераважна на а-вах у дэльце р. Шэльда. У сярэдневякоўі Паўн. З. належала Галандыі, Сярэдняя з 12 ст. — сумеснае ўладанне Галандыі і Фландрыі пад сюзерэнітэтам Фландрыі. Паводле Парыжскага дагавора 1323 Фландрыя адмовілася да сваіх правоў на Сярэднюю З., валодала яе кантынент. часткай. У 1428—33 уладанне герцагаў Бургундскіх, з 1477 (1482) — Габсбургаў. У пач. 16 ст. правінцыя з уласным саслоўным прадстаўніцтвам і штатгальтэрам у складзе Нідэрландаў, з 1556 пад уладай Іспаніі. Развіваліся суднабудаўнічая прам-сць, рыбалоўны промысел, марскі гандаль. У час Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. арэна антыісп. барацьбы, у 1572 аддзялілася ад Іспаніі. Пасля Утрэхцкай уніі 1579 у складзе рэспублікі Злучаных правінцый. У 1795—1806 уваходзіла ў Батаўскую рэспубліку, у 1806—10 — у каралеўства Луі Банапарта, у 1810—14 — у Франц. імперыю. З 1814 правінцыя Каралеўства Нідэрландаў.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 51

ЗЕЛЕНАВО́ЧКА хлебная

(Chlorops pumilionis),

насякомае сям. злакавых мушак. Пашырана ў Еўразіі, у т. л. на Беларусі. Шкодзіць пшаніцы, ячменю, аўсу і інш. хлебным злакам.

Даўж. 3—5 мм, цела светла-жоўтае, на спіне чорныя палосы, вочы ярка-зялёныя (адсюль назва). За год 1—2 пакаленні. Самка адкладвае яйцы на лісце злакаў. Зімуюць лічынкі ў сцёблах азімых, акукліваюцца вясной. Лёт З. ў канцы мая.

Зеленавочка: а — дарослая муха; б — лічынка ў сцябле.

т. 7, с. 51