Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗА́СПА,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Рэчыца—Лоеў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на Пд ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 46 км ад Гомеля. 1440 ж., 550 двароў (1997). Крухмальны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Мураваная царква (1995). Курган Славы.

т. 6, с. 572

ЗАСПІ́ЦКІ (Андрэй Міхайлавіч) (н. 16.2.1924, г. Мазовец, Польшча),

бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Вучыўся ў Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1940—41). Стварыў партрэты Цёткі (А.​Пашкевіч; 1957), Ф.​Шапэна (1960); бюст А.​Міцкевіча (1995); станковыя творы «У полі» (1958), «Гімнасткі» (1971), кампазіцыі «Партызанпадрыўнік» (1957), «Дружба» (1964), «Рэквіем» (1996); і інш. Яго манум. творам характэрны дакладныя суадносіны маштабаў і масы, узбагачаныя кантрастамі святлаценяў, выразным лінейным рытмам: помнікі Ф.​Скарыну ў Полацку (1973; па эскізу А.​К.​Глебава), Я.​Купалу ў Мінску (1972; з А.​Анікейчыкам і Л.​Гумілеўскім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у гонар вызвалення Віцебска (1989; з М.​Рыжанковым) ў Віцебску, манумент у гонар маці-патрыёткі (Дзярж. прэмія СССР 1977), мемар. знак у памяць ахвяр фашызму ў Стоўбцах (1992) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

А.Заспіцкі. Цётка (А.​Пашкевіч). 1957.

т. 6, с. 572

ЗАСТА́ВА,

1) падраздзяленне, якое выконвае задачы аховы. Вылучаецца войскамі на маршы (паходная З.), пры размяшчэнні на месцы (вартавая З.).

2) Падраздзяленне (каманда) пагранічнай вартавой службы ў Расіі 16—19 ст. Пазней — пагранічная З.

3) Месца ўезду ў горад або выезду з яго ў 16—19 ст., якое ахоўвалася вартай, дзе правяраліся дакументы і збіралася пошліна. У пач. 20 ст. некат. назвы З. замацаваліся за гар. ўскраінамі, напр., Нарвенская З. ў Санкт-Пецярбургу, Рагожская З. ў Маскве і інш.

т. 6, с. 572

ЗАСТА́ЎКА ў кніжнай графіцы,

невялікая кампазіцыя арнаментальнага або выяўл. характару, якая вылучае і ўпрыгожвае пачатак раздзела кнігі ці часопіса. Можа ўключаць назву раздзела, спалучацца з ілюстрацыяй і інш. У бел. рукапісных кнігах вядома з 11 ст. (Тураўскае евангелле. 11 ст.; Аршанскае евангелле, канец 12 — пач. 13 ст., і інш.). З. друкаваных кніг 16 ст. маюць рэнесансавыя рысы («Біблія» і «Апостал» Ф.​Скарыны), 17—18 ст. — рысы барока і ракако (кнігі супрасльскай, Віленскай брацкай і інш. друкарняў). У сучаснай бел. кнізе ў З. адчувальны ўплыў старадрукаў і нар. мастацтва.

Застаўка з рукапісу 11 ст.
Застаўка з супрасльскіх друкаў 17 ст.
Застаўка з «Бібліі» Ф.​Скарыны. 1518.

т. 7, с. 5

ЗАСТРУ́ГІ,

1) выцягнутыя ў напрамку ветру вузкія і цвёрдыя снегавыя грады даўжынёй да некалькіх метраў і вышынёй 20—30 см (часам да 1,5 м). Фарміруюцца шляхам развявання гурбаў снегу. Скорасць руху каля 5 см/с. Маюць стромкія наветраныя і пакатыя падветраныя схілы. Часцей пашыраны ў палярных абласцях.

2) Скопішчы наносаў у рэчышчы ракі ў форме прыбярэжных град, якія пры разрастанні могуць ператварыцца ў пясчаныя косы.

т. 7, с. 5

ЗАСУ́ЛІЧ (Вера Іванаўна) (8.8.1849, в. Міхайлаўка Смаленскай губ. — 8.5.1919),

дзеяч рас. рэв. руху. З 1868 удзельніца рэв. гурткоў. У 1869—71 у зняволенні па справе С.Г.Нячаева, потым у ссылцы. З 1875 чл. кіеўскай народніцкай групы «бунтароў». З 1877 у Пецярбургу. 24.1.1878 страляла ў пецярбургскага граданачальніка Ф.​Ф.​Трэпава за катаванне па яго загаду паліт. вязня. 31.3.1878 апраўдана судом прысяжных. Эмігрыравала. З 1879 у Расіі, чл. арг-цыі «Чорны перадзел». У 1880—1905 зноў у эміграцыі. Адзін з арганізатараў групы «Вызваленне працы» (1883). З 1900 чл. рэдакцыі газ. «Искра» і час. «Заря». Пасля расколу РСДРП (1903) актыўны дзеяч меншавізму. Кастр. рэвалюцыю 1917 сустрэла варожа.

т. 7, с. 5

ЗАСУ́ЛЛЕ,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Стоўбцы—Івянец. Цэнтр сельсавета. За 16 км на ПнУ ад Стоўбцаў, 96 км ад Мінска, 8 км ад чыг. ст. Коласава. 422 ж., 186 двароў (1997).

Вядома з 1-й пал. 16 ст. як уладанне тат. князёў Уланаў, у 17—18 ст. — Жыжэмскіх, у 1-й пал. 19 ст. — Крупскіх. У 1592 тут 38 двароў, млын, мячэць, жылі баяры, цяглыя людзі, бортнікі, агароднікі. У 17—18 ст. праз вёску праходзіў гандл. шлях Мінск—Мір, былі карчма, пастаялы двор, царква. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці. У канцы 18 ст. ў цэнтр. частцы З., дзе існавалі двары каваля, ганчара, краўца, фарміруецца мястэчка, працавалі сукнавальня, млын. У 1897—548 ж., 95 двароў. З 1921 у Польшчы, у Стаўбцоўскай гміне Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням. -фаш. войскамі, якія ў 1941 спалілі частку вёскі. У 1971—984 ж., 281 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

т. 7, с. 5

ЗА́СУХА,

перыяд працяглага (1—2 месяцы) недахопу ападкаў, які суправаджаецца павышанай т-рай паветра і паніжанай вільготнасцю паветра і глебы. Бывае пры антыцыкланальным надвор’і. Прыводзіць да зніжэння і нават гібелі ўраджаю с.-г. культур. Адрозніваюць атмасферную і глебавую З. Найчасцей здараецца ў трапічных абласцях, у зоне стэпаў і паўпустынь, радзей у лесастэпавай, звычайна летам, а таксама ў канцы вясны і пач. восені. Для барацьбы з З. выкарыстоўваюць штучнае арашэнне, снегазатрыманне і інш. агратэхн. прыёмы. накіраваныя на захаванне вільгаці ў глебе. На Беларусі 1 месяц бывае засушлівы раз у 5—10 гадоў, 2 месяцы запар — раз у 10—15 гадоў.

т. 7, с. 5

ЗАСУХАЎСТО́ЙЛІВАСЦЬ раслін,

эвалюцыйна замацаваная здольнасць раслін пераносіць абязводжванне і перагрэў тканак, што выклікаецца глебавай або паветранай засухай; генетычна абумоўленая прыкмета. Можа ўзмацняцца ў працэсе адаптацыі. Расліны падзяляюць на пайкілагідрыдныя, якія не здольны рэгуляваць свой водны рэжым (напр., імхі, сіне-зялёныя водарасці, лішайнікі, некат. віды папарацей), і гамеагідрыдныя, што могуць падтрымліваць сваю вільготнасць (б.ч. кветкавых раслін і с.-г. культуры). Найб. высокай З. валодаюць ксерафіты, да якіх належаць усе дзікарослыя расліны стэпаў, пустынь і паўпустынь. Некат. з іх, напр. сукуленты, вызначаюцца гарачаўстойлівасцю і здольны пераносіць т-ру да 60 °C і вышэй (большасць культурных раслін — мезафітаў — гінуць пры т-ры каля 45—48 °C). Устойлівасць раслін да засухі павышаюць спец. прыстасаванні, якія абмяжоўваюць выпарэнне вады з тканак (магутная каранёвая сістэма, драбнаклетачнасць, тоўстая кутыкула, апушэнне, васковы налёт і інш.). З. павялічваецца па меры развіцця раслін і змяншаецца на генератыўнай яго фазе. Сярод культ. форм найб. засухаўстойлівыя шафран пасяўны, гарбуз, проса, ячмень, сланечнік; менш вынослівыя пшаніца, авёс. Павышэнне З. с.-г. культур дасягаецца агратэхн. прыёмамі, накіраванымі на барацьбу з засухай, селекцыяй на высокую З., правільным севазваротам, угнаеннем глебы і інш.

т. 7, с. 5

ЗАСЦЕ́НАК,

тып сельскага паселішча на Беларусі ў 16—20 ст. Узнік у сярэдзіне 16 ст. ў выніку правядзення валочнай памеры. Паводле «Уставы на валокі» 1557 ворныя землі феад. маёнткаў падзяляліся на З часткі, кожная з якіх мела свае межы («сценкі»), Землі, што засталіся па-за гэтымі межамі, называліся 3.; іх арандавалі дробная шляхта (адсюль засцянковая шляхта) і часткова заможныя сяляне. 3. называліся і паселішчы на гэтых землях. Першапачаткова яны складаліся з асобных двароў, колькасць якіх з цягам часу павялічвалася. Забудова іх была нерэгулярная, складалася з жылога дома і гасп. будынкаў. Асабліва многа З. было ў цэнтр. і зах. Беларусі. Малыя З. адрозніваліся ад хутароў толькі сваім гіст.-эканам. паходжаннем і саслоўнай прыналежнасцю жыхароў, вял. нагадвалі вёску. У 1930—40-я г. частка з іх была сселена, а частка перайменавана ў вёскі.

В.​У.​Шаблюк.

т. 7, с. 6