у Рускай дзяржаве канца 16 ст. гады, у якія сялянам забаранялася пераходзіць ад аднаго феадала да другога ў Юр’еў дзень (асенні); этап запрыгоньвання сялян. Пачалі ўводзіцца з 1581 урадам Івана FV, замацаваны ўказам цара Фёдара Іванавіча каля 1592—93, які забараніў выхад сялян і аб’явіў пісцовыя кнігі апошняга агульнага апісання юрыд. асновай сял. прыгону.
змяншэнне кінетычнай энергіі нейтронаў у выніку шматразовых сутыкненняў з атамамі асяроддзя. Прыводзіць да ўтварэння т.зв. цеплавых нейтронаў, якія могуць выклікаць ланцуговую ядзерную рэакцыю, напр. у прыродным уране.
У працэсе запавольвання частка нейтронаў губляецца: паглынаецца ядрамі атамаў ці вылятае за межы рабочага асяроддзя. У запавольніках (рэчывы, якія маюць лёгкія ядры і слаба захопліваюць нейтроны: вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш.) малыя страты нейтронаў і большая іх частка пераўтвараецца ў цеплавыя (механізм запавольвання залежыць ад энергіі нейтронаў). Гл. таксама Ядзерны рэактар, Нейтронаграфія.
газета. Орган выканкома Саветаў Зах. вобласці (Заходняй Камуны). Выходзіла з ліст. 1918 да студз. 1919 у Смаленску на рус. мове. Працягвала традыцыі газ. «Известия исполнительных комитетов Советов рабочих, крестьянских и солдатских депутатов Западной Коммуны и города Смоленска». Інфармавала пра падзеі на франтах грамадз. вайны, становішча на акупіраванай тэр. Беларусі. Змяшчала афіц. ўрадавыя паведамленні, матэрыялы 6-й Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б), якая абвясціла стварэнне Беларускай ССР.
лексічныя, марфалагічныя, фанетычныя і інш. сродкі пэўнай мовы, што перайшлі з інш. моў у выніку моўнага ўзаемадзеяння. Абумоўлены сац.-эканам., дзярж.-паліт. і культ. зносінамі паміж народамі. Пранікаюць непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва інш. моў вусным (размоўныя кантакты) і пісьмовым (кнігі, афіц. дакументы, перапіска) шляхам. Найб. актыўна праяўляюцца ў галіне слоўнікавага складу. Падпарадкоўваюцца законам фанетыкі, граматыкі, правілам словаўтварэння і семантычнай сістэмы мовы-рэцэптара. Паводле ступені асіміляцыі падзяляюцца на цалкам асвоеныя (словы, у фанетыка-марфал. афармленні і семантыцы якіх не застаецца нічога, што паказвала б на іх іншамоўнае паходжанне: бел. «блакітны», «булка», «дзірван», «салата», «школа» і інш.) і часткова асвоеныя (экзатызмы). Асобны разрад З. складаюць варварызмы, якія ў адрозненне ад экзатызмаў амаль заўсёды знаходзяцца па-за літ. мовай і не адлюстроўваюцца ў слоўніках.
У 14—18 ст. у бел. мову трапілі многія паланізмы («відэлец», «маёнтак») і пераважна праз польск. пасрэдніцтва — германізмы («дах», «ланцуг») і лацінізмы («градус», «апарат»). Ад старажытнасці бел. мове вядомы літуанізмы («клуня», «свіран»), цюркізмы («аркан», «торба»), грэцызмы («астраномія», «эпіграма»), чэшскія («праца», «мешчанін»), франц. («марш», «тарыф»), італьян. («канцэрт», «лютня») і інш. З. У наш час іншамоўная лексіка трапляе ў бел. ў асноўным праз рус. мову. Значную частку слоўнікавага складу бел. мовы ўтвараюць інтэрнацыяналізмы. У сваю чаргу бел. мова таксама паўплывала на суседнія: польскую (krynica — крыніца), літоўскую (kroupa — «крупы») і інш. У меншай ступені З. характэрны для граматыкі і фанетыкі. Асаблівая інтэнсіфікацыя З. назіраецца пры двухмоўі.
Літ.:
Булыка А.М. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.
1) сродак для ўзбуджэння выбуху разрыўнога зараду інж.мін і ручных гранат. Складаецца з капсуля-запальніка і капсуля-дэтанатара, размешчаных у метал. (часам пластмасавай) гільзе. З. асколачных ручных гранат уключае таксама парахавы запавольнік і ўдарны механізм для ўзбуджэння гарэння капсуля-запальніка.
2) Прыстасаванне для ініцыіравання выбуху выбуховага рэчыва з дапамогай эл. току (т.зв. мінны З., цяпер наз.электрадэтанатарам).
3) Адтуліна ў казённай частцы артыл. гарматы 15—17 ст., запоўненая порахам для запальвання кідальнага зарада.
мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.
вострае і хранічнае запаленне бронхаў, альвеалярнай ці прамежкавай злучальнай тканак лёгкіх. Узнікненню З.л. садзейнічаюць пераахаладжэнне, ператамленні, шкодныя прывычкі, запаленчыя працэсы верхніх дыхальных шляхоў і інш.
Найчасцей бывае 3 формы вострага Зл.: крупознае, ачаговае, віруснае. Крупознае З.л. (долевае, фібрознае, плеўрапнеўманія) — запаленне долі лёгкага і плеўры з фіброзным выпатам у лёгачныя альвеолы. Пачынаецца раптоўна, т-ра цела павышаецца да 39—40 °C, слабасць, моцны боль у баку, кашаль з макротай іржавага колеру (ад дамешку крыві); цягнецца 2—3 тыдні. Ачаговае З.л. (бронхапнеўманія) — запаленне асобных участкаў лёгкіх без выпату. Пачынаецца паступова, слабы кашаль, макрота без крыві, т-ра 37—39 °C. Віруснае З.л. (інтэрстыцыяльнае) узнікае пры грыпе; хварэюць доўга. Ускладненні: плеўрыты, абсцэсы, калапс, хранічнае З.л. Лячэнне: тэрапеўтычнае, шпіталізацыя.
галіна дрэваапрацоўчай прамысловасці, якая вырабляе запалкі. Адна з найб. механізаваных і аўтаматызаваных галін дрэваапр. прам-сці. Уключае апрацоўку драўніны (распілоўванне бярвення на цуркі і лушчэнне іх), выраб (са шпоны) і апрацоўку (парафінам) запалкавай саломкі, стварэнне запалкавай галоўкі, выраб запалкавых карабкоў (са шпоны або кардону), упакоўку запалак (па 50—60 шт. у 1 карабок), па 1000 карабкоў у скрынку. Вырабляецца паточным метадам.
Выраб запалак пачаўся ў многіх краінах у 1830-я г. Першая запалкавая ф-ка ў Расіі пабудавана ў Пецярбургу (1837). На Беларусі выраб запалак пачалі ў 2-й пал. 19 ст. У 1880 было 14 паўсаматужных ф-к. Выраблялі небяспечныя запалкі з прымессю белага фосфару (бяспечныя распрацаваны ў Швейцарыі ў 1855). У 2-й пал. 1920-х г. запалкі выраблялі ў гарадах Барысаў, Гомель, Рэчыца, Пінск. У Вял.Айч. вайну ф-кі разбураны. Пасля вайны працуюць Барысаўская і Пінская запалкавыя ф-кі, Гомельскі фанерна-запалкавы камбінат. Выпуск запалак складае 2029,1 тыс. умоўных скрынак (1996).