Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),

1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).

2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.

т. 6, с. 509

«ЗАЛАТА́Я ЗО́РКА»,

медаль, якая ўручалася асобам, удастоеным звання Героя Савецкага Саюза, з 1965 — гарадам-героям і крэпасцям-героям. Уведзена 1.8.1939 (да 16.10.1939 наз. «Герой Савецкага Саюза»). Уяўляе сабой залатую 5-канцовую зорку з гладкімі двухграннымі прамянямі на правым баку. Ўручалася разам з ордэнам Леніна.

Медаль «Залатая Зорка».

т. 6, с. 509

ЗАЛАТА́Я РО́ЗГА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Сумнік.

т. 6, с. 509

ЗАЛАТА́Я РЫ́БА (лац. Dorado),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,3 візуальнай зорнай велічыні. У З.р. знаходзіцца Вял. Магеланава Воблака — спадарожнік Галактыкі. На тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 6, с. 509

ЗАЛАТА́Я РЫ́БКА (Carassius auratus auratus),

падвід сярэбранага карася. Прызначана для ўтрымання ў дэкар. вадаёмах і акварыумах. Пашырана ўсюды. У Кітаі разводзяць з 10—12 ст., у Расію завезена ў канцы 17 ст. Зыходная форма з прэсных вадаёмаў Кітая, дзе З.р. выведзена шляхам працяглага адбору жоўтых і чырв. мутантных форм. Ад зыходнай формы адрозніваецца залаціста-жоўтай афарбоўкай, больш кароткім і шырокім (да шарападобнага) тулавам, вельмі змененымі плаўнікамі. Атрыманы сотні парод і форм рознай афарбоўкі, памераў тулава, галавы, плаўнікоў, велічыні і размяшчэння вачэй і інш. прыкмет. Найб. вядомыя жамчужына, ільвінагалоўка, камета, вадзяныя вочкі, тэлескоп, шубункін і інш.

Залатая рыбка (2) і яе пароды: 1 — стракаты тэлескоп; 3 — жамчужына; 4 — шубункін; 5 — ільвінагалоўка; 6 — камета.

т. 6, с. 509

ЗАЛАТНІ́К,

старажытная мера (адзінка) масы. Назва паходзіць ад златніка — стараж. рус. залатой манеты масай 4,2 г. Лікавае значэнне З. ў 16—19 ст. мянялася: у ВКЛ З. = 3,9 г (прыблізна), у Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. З. = ​1/96 фунта = 4,266 г. З. карысталіся пры вызначэнні пробы каштоўных металаў.

т. 6, с. 510

ЗАЛАТНІ́К у тэхніцы,

рухомае аўтаматычнае прыстасаванне (клапан), якое накіроўвае паток рабочай вадкасці, пары або газу ў патрэбны канал шляхам свайго зруху адносна адпаведных адтулін (акон). Бываюць каробчатыя, цыліндрычныя і кранавыя. Выкарыстоўваюцца ў цеплавых, гідраўлічных, пнеўматычных машынах і механізмах, у сістэмах гідрааўтаматыкі і інш. З. наз. таксама паветраны незваротны клапан аўтамаб. шыны.

Залатнікі: а — каробчаты (1 — каробка, 2 — цяга, 3 — вокны, 4 — поласць); б — кранавы (1 — камеры, 2 — вокны, 3 — утулка, 4 — вось, 5 — каробка).

т. 6, с. 510

ЗАЛАТО́Е ВО́ЗЕРА,

гл. Цялецкае возера.

т. 6, с. 510

ЗАЛАТО́Е ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

залогавыя каштоўнасці ў выглядзе залатога запасу, якія выкарыстоўваюцца цэнтр. банкамі для забеспячэння выканання ўзятых абавязацельстваў і пакрыцця банкнот. У сувязі з ліквідацыяй функцыі золата як грошай эканам. значэнне З.з. змяншаецца, яно адыгрывае пераважна ролю часткі золатавалютных рэзерваў краіны.

т. 6, с. 510

«ЗАЛАТО́Е КАЛЬЦО́ РАСІ́І»,

турысцкі маршрут, які ўключае стараж. гарады Уладзімір, Суздаль, Пераслаўль-Залескі, Растоў, Угліч, Яраслаўль, Кастраму, Сергіеў Пасад і інш. Пачынаецца звычайна з Масквы, праходзіць па Маскоўскай, Уладзімірскай, Іванаўскай, Яраслаўскай і Кастрамской абласцях. Працягласць больш за 1000 км. На «З.к.Р.» помнікі рус. гісторыі і культуры, якія складаюць яе «залаты фонд» (адсюль назва) і маюць сусв. значэнне. Усе гарады «З.к.Р.» развіваюцца як цэнтры турызму. Помнікі Уладзіміра, Суздаля, арх. ансамбль Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 510