Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗАКАРПА́ЦКАЯ УКРАІ́НА (Закарпацце),

тэрыторыя сучаснай Закарпацкай вобл. Украіны. У 10—11 ст. была ў складзе Кіеўскай Русі. Стараж. насельніцтва — славяне. З 11 ст. ў складзе Венгрыі, потым Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі, з 1919 — Чэхаславакіі, з 1938 — Венгрыі.’ 3 1945 у складзе Украіны.

т. 6, с. 504

ЗАКАРПА́ЦЦЕ,

1) прыродная вобласць на ПдЗ Украіны, у бас. р. Ціса, на стыку Сярэднедунайскай раўніны і Карпат. У межах З. вылучаюцца Закарпацкая нізіна і перадгор’і Украінскіх Карпат. Значная частка тэр. ўзарана. Участкі дубова-грабавых лясоў. Гл. Закарпацкая вобласць.

2) Тое, што Закарпацкая Украіна.

т. 6, с. 505

ЗАКАРЫЯ́ДЗЕ (Сярго) (Сяргей) Аляксандравіч (1.7.1909, Баку — 13.4.1971),

грузінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1958). Вучыўся ў Тбіліскім ун-це. З 1928 акцёр Груз. т-ра імя К.Марджанішвілі, з 1956 — Т-ра імя Ш.Руставелі (абодва ў Тбілісі). Стварыў камед., рамантычна ўзнёслыя, з тонкім псіхалагізмам вобразы. Сярод лепшых роляў: Урыэль Акоста («Урыэль Акоста» К.Гуцкова), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Крэонт («Антыгона» Ж.Ануя), Маленькі велікан («Чынчрака» Нахуцрышвілі) і інш. З 1934 здымаўся ў кіно: «Дзень апошні, дзень першы», «Бацька салдата» (Ленінская прэмія 1966) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952 і Грузіі 1971.

Літ.:

Твалчрелидзе Т., Церетели К. Серго Закариадзе // Актеры советского кино. М., 1967. Вып. 3.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗЗЕ,

частка Каўказа, якая ляжыць на Пд ад Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вял. Каўказа. Уключае б.ч. паўд. схілу Вял. Каўказа, Калхідскую і Кура-Араксінскую нізіны, Закаўказскае нагор’е, Талышскія горы і Ленкаранскую нізіну. У межах З. размешчаны асн. ч. Грузіі, Арменіі і Азербайджана.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКАЕ НАГО́Р’Е,

горная вобласць, якая ўключае паўн. ч. Армянскага нагор’я, Малы Каўказ і катлавіну сярэдняга цячэння р. Аракс.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ,

дзяржаўнае аб’яднанне сав. рэспублік Азербайджана, Арменіі і Грузіі ў 1922—36. З 12.3.1922 Федэратыўны Саюз Сацыяліст. Сав. Рэспублік Закаўказзя (ФСССРЗ). З 13.12.1922 Закаўказская Сацыяліст. Федэратыўная Сав. Рэспубліка (ЗСФСР). З 30.12.1922 у складзе СССР. З 1936 закаўказскія рэспублікі ў складзе СССР як самаст. сав. рэспублікі. З 1991 суверэнныя дзяржавы.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКІ КАМІСАРЫЯ́Т,

орган дзярж. улады ў Закаўказзі ў 1917—18. Створаны 28.11.1917 у г. Тбілісі меншавікамі, эсэрамі, дашнакамі і мусаватыстамі пры падтрымцы краін Антанты. Кіраўнік Я.Гегечкоры. Праводзіў палітыку на адрыў Закаўказзя ад Сав. Расіі. 26.3.1918 скасаваны Закаўказскім сеймам, выканаўчая ўлада перайшла да Закаўказскага часовага ўрада.

т. 6, с. 505

ЗАКАЎКА́ЗСКІ СЕЙМ,

орган дзярж. улады ў Закаўказзі ў 1918. Скліканы Закаўказскім камісарыятам 23.2.1918 у г. Тбілісі з мэтай юрыдычна аформіць адрыў Закаўказзя ад Сав. Расіі. Уваходзілі дэпутаты, выбраныя ад Закаўказзя ва Устаноўчы сход, прадстаўнікі партый меншавікоў, дашнакоў, мусаватыстаў і інш. З.с. аб’явіў сябе заканад. органам Закаўказзя, у сак. 1918 санкцыяніраваў аддзяленне Закаўказзя ад Сав. Расіі. 9.4.1918 абвясціў незалежнасць Закаўказскай дэмакр. федэратыўнай рэспублікі. Кіраўнік А.Чхенкелі. 26.5.1918 распушчаны.

т. 6, с. 505

ЗАКВА́СКІ,

чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.

т. 6, с. 505

ЗАКІДНА́Я ТЭ́ХНІКА ў драўляным дойлідстве,

спосаб узвядзення будынкаў і збудаванняў з асобных праслаў, зробленых з бярвён, брусоў, плашак, дыляў, дошак і інш., канцы якіх устаўлены ў шулы (вертыкальна пастаўленыя бярвёны або брусы з пазамі). На тэр. Беларусі вядома ў жытлах з каменнага веку. У 16 — пач. 20 ст. выкарыстоўвалася пераважна ў гасп., вытв. і некат. грамадскіх будынках (хлявы, аборы, гумны, адрыны, корчмы, крамы, склады, бровары і інш.), агароджах. У сядзібнай забудове часам замест драўляных шулаў выкарыстоўваліся мураваныя слупы. Цяпер З.т. выкарыстоўваюць у гасп. пабудовах на вёсцы.

т. 6, с. 505