Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАМЯНКО́Ў Мікалай Нічыпаравіч (1923, в. Ад’езджае Калужскай вобл., Расія — 22.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). З 1942 на 1-м Прыбалт. фронце. Наводчык процітанк. ружжа радавы Х. вызначыўся 22.6.1944 пры прарыве ўмацаванай абароны ворага каля в. Карташы Шумілінскага р-на Віцебскай вобл., дзе, замяніўшы камандзіра, узняў роту ў атаку, асабіста знішчыў 5 кулямётных кропак з разлікам праціўніка; загінуў у гэтым баі.

т. 16, с. 537

ХАМЯЧКІ́,

грызуны падсям. хамяковых. 40 родаў, 96 відаў. Пашыраны ўсюды за выключэннем Антарктыкі і Аўстралійска-Малайскай вобл. Жывуць у розных ландшафтах, большасць норныя. Найб. вял. роды Х.: беланогія (Peromyscus, 49 відаў), паўд.-амер. палявыя (Akodon, 33 віды).

Даўж. цела 5—25 см, хваста 0,7—21,5 см. Нагадваюць мышэй. Валасяное покрыва густое і мяккае, пераважна аднатоннае, на спіне ад светла- да цёмна-карычневага, на бруху святлейшае. Канечнасці 5-пальцыя, пальцы з Моднымі кіпцюрамі. Нараджаюць да 20 дзіцянят. Кормяцца раслінамі (насенне, ягады, вегетатыўныя ч.), насякомымі. Шкоднікі сельскай гаспадаркі. Пераносчыкі інфекц. хвароб. Маюць прамысл. значэнне.

Хамячкі: 1 — джунгарскі; 2 — барабінскі, або даурскі; 3 — Рабароўскага; 4 — шэры.

т. 16, с. 537

ХАН (ад цюрк. хаган, хакан, каган — уладар, манарх),

цюркскі і мангольскі тытул. Першапачаткова абазначаў правадыра племя (напр., у качэўнікаў Ірана і Афганістана). Пры Сельджукідах і харэзмшахах — княжацкі тытул. У манг. імперыі 13—14 ст. правіцель улуса, а пасля яе распаду — тытул гасудара ў татарскіх дзяржавах (ханствах); у Асманскай імперыі Х. — тытул султана. У Іране пры Сефевідах Х. — правіцель вобласці, а таксама адзін з тытулаў ваен.-феад. знаці.

т. 16, с. 537

ХАНАА́Н (біблейскае Kĕnáan, грэч. Chanaan),

старажытная, даізраільская назва тэр. Палесціны, Сірыі і Фінікіі. Этымалогія назвы «Х.» дакладна не высветлена, магчыма, азначае «пурпур» і першапачаткова адносілася да Фінікіі, дзе здабывалі пурпурную фарбу. У розныя гіст. перыяды межы тэр. Х. мяняліся, займаючы прастору ад Міжземнага м. на З да далін Аронта і Іардана на У, ад гор Таўра на Пн да Газы на Пд. Насельніцтва Х. (ханаанеі) вызначалася вял. разнастайнасцю (амарэі, фінікійцы, угарыцяне, кеніты, маавіцяне і інш., з несеміцкіх плямён — хурыты і хеты) і паліт. раз’яднанасцю (гарады-дзяржавы Іерыхон, Гезэр, Хацор і інш.). Гісторыя яго вядома прыблізна з 8-га тыс. да н.э. У 16—15 ст. да н.э. залежаў ад Стараж. Егіпта. У выніку войнаў y 13 ст. да н.э. падзелены паміж Егіптам і Хецкім царствам. З 12 ст. да н.э. пачынаецца заваяванне Х. ізраільскімі плямёнамі. Пазней назва «Х.» ужывалася ў адносінах да Фінікіі, а назва «ханаанеі» да пунійцаў.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 537

ХАНА́ЕВА Яўгенія Нікандраўна (2.1.1921—8.11.1987),

расійская актрыса. Дачка Н.С.Ханаева. Нар. арт. СССР (1987). Вучылася ў Тэатр. вучылішчы імя Шчэпкіна (1939—41), скончыла Школу-студыю Маскоўскага Маст. акад. т-ра (1947). З 1947 у трупе гэтага т-ра. Яе творчай манеры ўласціва спалучэнне вострай характарнасці з унутр. лірызмам: Таццяна («Мяшчане» М.​Горкага), Паліна Андрэеўна, Зінаіда Савічна («Чайка», «Іванаў» А.​Чэхава), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Ганна Раманаўна («Стары Новы год» М.​Рошчына), Сініцына («Тамада» А.​Галіна) і інш. З 1973 здымалася ў кіно: «Маналог», «Дзіўныя дарослыя» (тэлефільм), «Розыгрыш», «Па сямейных абставінах» (тэлефільм), «Масква слязам не верыць», «Апошні ўцёк», «Маці Марыя» і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1978.

т. 16, с. 537

ХАНА́ЕЎ Нікандр Сяргеевіч (8.6.1890, с. Пясочня Разанскай вобл., Расія — 23.7.1974),

расійскі спявак (драм. тэнар); адзін з буйнейшых прадстаўнікоў расійскай вакальнай школы. Нар. арт. СССР (1951). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1921—24). У 1926—54 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1948—50 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі. Валодаў вял. муз. і сцэнічнай культурай. Найб. вылучыўся ў рус. класічным рэпертуары: Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Шуйскі («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Атэла («Атэла» Дж.​Вердзі), Абесалом («Абесалом і Этэры» З.​Паліяшвілі), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1950.

Літ.:

Соколов Н. Н.​С.​Ханаев // Масгера Большого театра. М., 1976.

Н.С.Ханаеў.

т. 16, с. 537

ХАНГА́Й,

нагор’е ў цэнтр. частцы Манголіі. Даўж. каля 700 км, шыр. да 200 км, выш. 2000—3000 м, найб. 4021 м, г. Отхан-Тэнгры (Энх-Тайван). Складзена з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў, базальтаў. Вяршыні пераважна плоскія, схілы расчлянёныя шырокімі далінамі. Горныя сухія стэпы, на паўн. схілах — лістоўнічныя лясы. Некалькі рэзерватаў. Радовішчы жал. руд, россыпнага золата, вырабных камянёў, мінеральныя крыніцы.

т. 16, с. 537

ХАНГА́Н,

рака ў Паўд. Карэі, на Карэйскім п-ве. Даўж. (з эстуарыем) 514 км, пл. бас. 34,5 тыс. км². Вытокі ў адгор’ях хр. Тхэбэк, цячэ пераважна па ўзгорыстай раўніне. Упадае ў заліў Канхваман Жоўтага мора. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады каля 670 м³/с. У ніжнім цячэнні — уплыў марскіх прыліваў. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 300 км ад вусця. На Х. — г. Сеул.

т. 16, с. 537

ХАНГХА́, Сангкой (кіт. Юаньцзян),

Чырвоная рака, рака на Пд Кітая і Пн В’етнама. Даўж. 1183 км, пл. бас. 158 тыс. км². Пачынаецца на Юньнаньскім нагор’і, цячэ пераважна ў глыбокай даліне ў парожыстым рэчышчы. Ніжняе цячэнне па раўніне Бакбо, упадае ў заліў Бакбо (Танкінскі) Паўд.-Кітайскага мора. Сярэдні расход вады каля 3,8 тыс. м³/с. Рэжым мусонны, летнія паводкі. Для аховы ад навадненняў на вял. працягу агароджана дамбамі. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. На Х. — гарады Лаакай, Ханой. у дэльце марскі порт Хайфон (В’етнам).

т. 16, с. 537

ХАНДЖА́Н Грыгор Сепухавіч (н. 29.11.1926, Ерэван),

армянскі мастак. Нар. маст. Арменіі (1967). Правадз. чл. АМ СССР (1973). Вучыўся ў Ерэванскім маст. ін-це (1945—51). Аўтар жанрава-пейзажных карцін, ілюстрацый і графічных серый на тэмы з жыцця арм. народа, прасякнутых драматызмам, пабудаваных на рэзкіх святлоценявых кантрастах: карціны «Шчаслівая дарога» (1952), «Хлеб у гарах» (1972); графічная серыя «Даты з гісторыі майго народа» (1971), ілюстрацыі да рамана Х.​Абавяна «Раны Арменіі» (1958) і паэмы П.​Севака «Незмаўкальная званіца» (1963). Дзярж. прэмія СССР 1969.

Г.Ханджан. Ілюстрацыя да рамана Х.​Абавяна «Раны Арменіі». 1958.

т. 16, с. 537