ХАНАА́Н (біблейскае Kĕnáan, грэч. Chanaan),
старажытная, даізраільская назва тэр. Палесціны, Сірыі і Фінікіі. Этымалогія назвы «Х.» дакладна не высветлена, магчыма, азначае «пурпур» і першапачаткова адносілася да Фінікіі, дзе здабывалі пурпурную фарбу. У розныя гіст. перыяды межы тэр. Х. мяняліся, займаючы прастору ад Міжземнага м. на З да далін Аронта і Іардана на У, ад гор Таўра на Пн да Газы на Пд. Насельніцтва Х. (ханаанеі) вызначалася вял. разнастайнасцю (амарэі, фінікійцы, угарыцяне, кеніты, маавіцяне і інш., з несеміцкіх плямён — хурыты і хеты) і паліт. раз’яднанасцю (гарады-дзяржавы Іерыхон, Гезэр, Хацор і інш.). Гісторыя яго вядома прыблізна з 8-га тыс. да н.э. У 16—15 ст. да н.э. залежаў ад Стараж. Егіпта. У выніку войнаў y 13 ст. да н.э. падзелены паміж Егіптам і Хецкім царствам. З 12 ст. да н.э. пачынаецца заваяванне Х. ізраільскімі плямёнамі. Пазней назва «Х.» ужывалася ў адносінах да Фінікіі, а назва «ханаанеі» да пунійцаў.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)