Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭНЦІ́Н [ад лац. dens (dentis) зуб],

цвёрдая тканка зуба, што складае яго асн. масу. У Д. зубоў дарослага чалавека 72% мінер. солей, 28% арган. рэчываў. Каронкавая ч. Д. пакрыта эмаллю, каранёвая — цэментам. Д. пранізаны тонкімі канальцамі, праз якія праходзяць цытаплазматычныя адросткі адантабластаў, дыяметр канальцаў 1—3 мкм, колькасць іх 30—75 тыс. y 1 мм3. Утварэнне Д. працягваецца і пасля поўнага фарміравання зуба. Пасля прарэзвання зуба ўтвараецца Д. другасны, або замяшчальны, адклады якога павялічваюцца пры павышаным сціранні эмалі, развіцці карыесу зубоў.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 6, с. 353

ДЭН СЯАПІ́Н (22.8.1904, прав. Сычуань, Кітай — 18.2.1997),

дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Кітая. На пач. 1920-х г. вучыўся і працаваў у Францыі. З 1924 чл. Кампартыі Кітая. У 1925—27 вучыўся ў СССР. Удзельнік Вялікага паходу Кітайскай Чырв. арміі (1934—36). У час антыяпонскага супраціўлення (1937—45) кіраваў баявымі аперацыямі. З 1952 неаднаразова займаў пост нам. прэм’ера Дзярж. савета КНР. У 1977—80 нач. Генштаба Народна-вызв. арміі. У 1983—90 Старшыня Цэнтр. ваен. савета КНР (фактычна галоўнакамандуючы арміяй). З 1945 чл. ЦК КПК, у 1956—66 ген. сакратар ЦК партыі. Рэпрэсіраваны ў перыяд «культурнай рэвалюцыі». Пасля 1978 фактычна вызначаў палітыку краіны, быў ініцыятарам курсу на правядзенне эканам. рэформ, буд-ва сацыялізму з кіт. спецыфікай. Вывеў Кітай з руін «культурнай рэвалюцыі», добраахвотнай самаізаляцыі, садзейнічаў прытоку зах. інвестыцый, нармалізацыі адносін Кітая з СССР і ЗША, паставіў краіну на рэйкі рыначных рэформ ва ўмовах захавання сацыяліст. ідэалогіі і дзярж. кантролю, што прывяло краіну да эканам. буму. У 1990 пакінуў дзярж. пасады, але захаваў ролю духоўнага лідэра КНР.

І.​Ф.​Раманоўскі.

Дэн Сяапін.

т. 6, с. 353

ДЭПАЗІ́Т (ад лац. depositum рэч, аддадзеная на захаванне),

1) грашовыя сродкі або каштоўныя паперы, якія змяшчаюцца для захавання ў крэдытныя ўстановы. Тэрміновы Д. належыць вяртанню па сканчэнні пэўнага тэрміну, бестэрміновы — па першым патрабаванні ўкладчыка. Дакументам, які сведчыць аб дэпаніраванні грашовых сродкаў у крэдытнай установе юрыд. асобай, з’яўляецца дэпазітны сертыфікат.

2) Грашовая сума або каштоўныя паперы, якія ўносяцца даўжніком у суд. ўстановы для перадачы крэдытору (напр., у забеспячэнне іску) і адм. ўстановы (напр., узнос у натарыяльную кантору кватэрнай платы ў выпадку спрэчкі аб яе памеры).

3) Сума грошай, якая ўяўляе сабой абумоўленую частку агульнай вартасці ф’ючэрснага кантракта (гл. ў арт. Ф’ючэрс) або цвёрдую суму, якая павінна быць аплачана членам біржы разліковай палаты, а кліентамі — брокеру, калі кантракт рэгіструецца.

т. 6, с. 354

ДЭПАЗІТА́РЫЙ (франц. dépositaire),

1) фізічная або юрыд. асоба, якой перадаюцца каштоўнасці для захавання без пераходу да яго права ўласнасці.

2) Дзяржава або міжнар. арг-цыя, што захоўвае арыгінальны тэкст міжнар. дагавора, дакументы пра яго ратыфікацыю і інш.

т. 6, с. 354

ДЭПАЗІ́ТНЫЯ АПЕРА́ЦЫІ,

аперацыі крэдытных устаноў, банкаў па прыцягненні грашовых сродкаў у выглядзе ўкладаў і размяшчэнне гэтых укладаў; крэдытаванне грашовых сродкаў за кошт атрыманых дэпазітаў.

т. 6, с. 354

ДЭПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ СВЯТЛА́,

змяншэнне ступені палярызацыі святла. Назіраецца ў многіх аптычных з’явах, напр., пры рассейванні святла ў мутным асяроддзі або на матавай паверхні. Пры штучнай Д.с. палярызаванае святло змяняе стан палярызацыі ў часе, па папярочным сячэнні пучка або па спектры.

т. 6, с. 354

ДЭПАНЕ́НТ [ад лац. deponens (deponentis) той, хто адкладвае],

фізічная або юрыд. асоба, якая ўнесла каштоўнасці ў дэпазіт крэдытнай установы. Д. з’яўляюцца таксама фіз. асобы, якія не атрымалі своечасова зарплату, ганарар, і асобныя арг-цыі і асобы, на карысць якіх зроблены ўтрыманні з зарплаты (аліменты і інш.).

т. 6, с. 354

ДЭПАПУЛЯ́ЦЫЯ (ад дэ... + папуляцыя),

памяншэнне колькасці папуляцыі віду жывых арганізмаў пад уплывам прыродных або антрапагенных фактараў. У адносінах да раслін — зрэджванне. У асобных краінах назіраюцца сімптомы чалавечай Д.

т. 6, с. 354

ДЭПАРДЗЬЁ ((Depardieu) Жэрар Ксаўе) (н. 27.12.1948, г. Шатару, Францыя),

французскі кінаакцёр. Скончыў курсы драм. мастацтва Ш.​Дзюлена і Школу драм. мастацтва Ж.​Л.​Кашэ. У 1969—73 у аматарскай групе «Кафэ дэ ла гар». З 1968 у т-ры «Шаё». З 1966 у кіно. Пачынаў з роляў праставатых і цынічных хлопцаў, потым праявіў сябе як майстар псіхал. партрэта. У фільмах «Дваццатае стагоддзе», «Жанчына з Ганга», «Суседка», «Апошняе метро», «Дантон», «Пад сонцам Сатаны», «Сірано дэ Бержэрак» і інш. раскрывае складанае ўнутр. жыццё сваіх герояў.

т. 6, с. 354

ДЭПАРТА́МЕНТ (франц. département),

1) асноўная адм.-тэр. адзінка ў Францыі і шэрагу інш. краін.

2) У Рас. імперыі і ў некат. замежных краінах Д. — аддзел вышэйшай адм. або суд. установы; адм. падраздзяленне ў апараце некат. міжнар. арг-цый (напр., ААН).

3) У некаторых дзяржавах, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь, — назва ведамства, мін-ва; дзяржаўны Д. — мін-ва замежных спраў ЗША’.

т. 6, с. 354