Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭЗОКСІКОРТЫКАСТЭРО́Н, картэксон,

стэроідны гармон кары наднырачнікаў; прамежкавы прадукт біясінтэзу кортыкастэрону і альдастэрону. Рэгулюе водна-салявы абмен у арганізме. Утвараецца пераважна з прагестэрону. Прэпарат Д. (Д.-ацэтат) уводзяць у мышцы пры адысонавай хваробе, зніжэнні функцыі наднырачнікаў, гіпатаніі.

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕА́ЗЫ, ДНКазы,

ферменты класа нуклеаз, якія каталізуюць расшчапленне фосфадыэфірных сувязей у полінуклеатыдных ланцугах ДНК. Шырока прадстаўлены ў клетках жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у рэгуляванні распаду і сінтэзу ДНК, аднаўленні структуры яе малекул праз выдаленне пашкоджаных участкаў. Уласцівасць Д. аднаўляць структуры малекул выкарыстоўваюць у геннай інжынерыі пры выдаленні ці ўманціраванні ў малекулу ДНК патрэбнага гена.

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,

бялкі, здольныя звязвацца з малекуламі ДНК праз утварэнне вадародных сувязей. Звязванне можа адбывацца па ўсёй даўжыні малекулы (гістонавыя бялкі) ці на працягу пэўных кароткіх яе паслядоўнасцей (сайт-спецыфічныя бялкі). Удзельнічаюць у працэсах рэпліцыравання і счытвання інфармацыі з малекул ДНК, іх упакоўкі ў храмацін, згортвання малекул ДНК з утварэннем розных даменаў, у кантролі за транскрыпцыяй генаў і інш. Кожнаму тыпу клетак жывых арганізмаў уласцівы пэўны набор Д. негістонавай прыроды, які ў сукупнасці вызначае характар экспрэсіі генаў.

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕІ́НАВАЯ КІСЛАТА, ДНК,

біяпалімер, складзены з нуклеатыдаў, якія маюць у сваім саставе дэзоксфыбозу; неабходная састаўная частка жывой матэрыі. Спецыфіка будовы ДНК абумоўлівае спадчынную перадачу прыкмет і ўласцівасцей большасці арганізмаў і сінтэз спецыфічных кожнаму арганізму бялкоў. Малекулы ДНК усіх арганізмаў пабудаваны па адным тыпе. Паводле схемы, распрацаванай амер. вучоным Дж.​Уотсанам і англ. Ф.​Крыкам (1953), яны складаюцца з двух спіральна закручаных адзін вакол аднаго палімерных ланцугоў. Ланцугі пабудаваны з вял. колькасці нуклеатыдаў, якія маюць дэзоксірыбозу, злучаную з фосфарнай к-той і азоцістай асновай (адэнінам, гуанінам, тымінам, цытазінам); спецыфічнасць нуклеатыдаў вызначаецца адной з 4 азоцістых асноў. Розны нуклеатыдны склад і паслядоўнасць 4 азоцістых асноў у малекуле ДНК вызначаюць разнастайнасць відаў жывых арганізмаў. Пры размнажэнні арганізмаў, клетак адбываецца капіраванне (рэплікацыя) і перадача ДНК у даччыныя клеткі. Парушэнне паслядоўнасці нуклеатыдаў у ланцугу ДНК прыводзіць да спадчынных змен у арганізме — мутацыі.

Мадэль дэзоксірыбануклеінавай кіслаты.

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІРЫБО́ЗА,

монацукрыд пентоза з групы дэзоксіцукроў. Пашырана ў прыродзе: у форме 2-дэзоксі-D-рыбозы ўваходзіць у састаў нуклеазідаў, нуклеатыдаў і полінуклеатыдных ланцугоў дэзоксірыбануклеінавай кіслаты (ДНК).

т. 6, с. 327

ДЭЗОКСІЦУКРЫ́,

монацукрыды, у малекулах якіх адна або некалькі гідраксільных груп замешчаны атамамі вадароду. Вядома каля 100 Д. Паводле хім. будовы падзяляюцца на дэзоксіальдозы (вельмі пашыраны, напр., дэзоксірыбоза) і дэзоксікетозы (вядома некалькі, надзвычай пашыраны іх вытворныя, напр., нейрамінавая кіслата і сіялавыя кіслоты). Большасць вытворных Д. маюць Д-форму, многія Д- і L-формы атрыманы сінтэтычна.

т. 6, с. 327

ДЭЗУРБАНІ́ЗМ (ад дэз... + урбанізм),

кірунак у горадабудаўніцтве 20 ст., які азначае разгрупоўку насельніцтва, зніжэнне ролі гарадоў аж да поўнага іх адмаўлення; супрацьлеглы урбанізму. Выкліканы канцэнтрацыяй шкоднай вытв-сці ў буйных гарадах, парушанай экалогіяй, адарванасцю чалавека ад прыроды. Ідэі Д. ўвасобіліся ў палітыцы абмежавання росту вял. гарадоў і вызначэнні іх памераў, распрацоўцы гарадоў-садоў (Лечуарт, Англія, 1902—03; арх. Р.​Ануін; комплекс Ла Мюэт у Дрансі каля Парыжа, 1930—34, арх. Э.​Бадуэн, М.​Лодс і інш.), гарадоў-спадарожнікаў.

Ідэі Д. ўзніклі ў утапістаў (Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.), якія бачылі ідэал у малых пасяленнях. Распрацаваны ў кнізе Э.​Хоўарда «Заўтра» (1898), увасобіліся ў работах Э.​Саарынена (арганічная дэцэнтралізацыя г. Хельсінкі, 1918), М.​Гінзбурга (ідэя непарыўнага лінейнага 2—3-павярховага дома для стварэння Зялёнага горада пад Масквой, 1928). Сярод самых вядомых праекты па буд-ве г. Магнітагорск (1930, арх. М.​Ахітовіч, М.​Баршч, І.​Леанідаў і інш.), у якіх адмаўляліся і горад і вёска, прапаноўваліся жылыя паясы (25 км), што сыходзіліся да вытв. комплексаў; побач размяшчаліся с.-г. тэрыторыі і зоны адпачынку.

На Беларусі канцэпцыі Д. часткова адбіліся ў прапановах (1968—87) па рассяленні насельніцтва, абмежаванні росту Мінска і абл. цэнтраў, развіцці малых гар. пасяленняў і стварэнні ўзаемазвязаных груп гар. і сельскіх населеных пунктаў (І.​Сянкевіч, І.​Іода, Ю.​Шпіт і інш.).

Літ.:

Хорев Б.С. Проблемы городов. 2 изд. М., 1975;

Груза И. Теория города: Пер. с чеш. М., 1972;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983.

І.​А.​Іода.

т. 6, с. 327

ДЭІАНІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + іанізацыя),

знікненне іонаў у газе пасля спынення знешняга ўздзеяння, якое прыводзіць да іанізацыі. Выклікаецца працэсамі дыфузіі на сценкі, што абмяжоўваюць аб’ём з газам, і рэкамбінацыяй іонаў і электронаў.

т. 6, с. 328

ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + ідэалогія),

1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.

2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 328

ДЭІ́ЗМ (ад лац. deus Бог),

рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога Бог з’яўляецца толькі першастваральнікам свету, які ў далейшым развіваецца па сваіх уласных законах. Д. адрозніваюць ад тэізму (прызнае боскую наканаванасць і пастаянную сувязь чалавека і Бога), пантэізму (атаясамлівае Бога і сусветнае цэлае) і атэізму (адмаўляе існаванне Бога наогул). Пачынальнік Д. англ. філосаф 17 ст. Э.Чэрберы, які развіваў ідэі натуральнай рэлігіі, або рэлігіі розуму. Найб. росквіту Д. дасягнуў у Вялікабрытаніі ў 1-й пал. 18 ст. (Дж.​Толанд, Дж.​А.​Колінз, А.​Шэфтсберы і інш.). Ідэі Д. праводзілі Вальтэр, Ж.​Ж.​Русо (Францыя), Г.​Лейбніц, Г.​Лесінг, І.​Кант (Германія), Т.​Джэферсан (ЗША), І.​П.​Пнін, А.​С.​Лубкін, А.​М.​Радзішчаў (Расія). У Беларусі элементы Д. характэрны для светапогляду філосафа і паэта 17 ст. Я.​Белабоцкага, прадстаўніка ранняга Асветніцтва К.​Нарбута. На пазіцыях Д. стаялі бел. асветнік І.​Страйноўскі, праф. Гал. школы ВКЛ К.​Багуслаўскі і інш. Д. садзейнічаў развіццю вальнадумства, з’яўляўся формай барацьбы з тэалогіяй і містыкай.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 328