Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭБА́Я—ШЭ́РЭРА МЕ́ТАД,

метад даследаванняў полікрышталічных матэрыялаў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Прапанаваны П.Дэбаем і швейц. фізікам П.​Шэрэрам (1916). Выкарыстоўваецца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе для вымярэнняў параметраў элементарнай ячэйкі крышталёў, фазавага аналізу полікрышт. матэрыялаў і інш.

У Д.—Ш.м. тонкі пучок монахраматычных рэнтгенаўскіх прамянёў накіроўваецца на ўзор, які рассейвае выпрамяненне ўздоўж утваральных сувосевых конусаў (рассеянне адбываецца на крышталіках, для якіх выконваецца Брэга—Вульфа ўмова). Пры раўнамерным вярчэнні ўзору вакол восі, перпендыкулярнай першаснаму пучку выпрамянення, усе крышталікі ўводзяцца ў адбівальнае становішча. Рассеянае выпрамяненне рэгіструецца на фотаплёнцы ў цыліндрычнай (дэбаеўскай) рэнтгенаўскай камеры або з дапамогай рэнтгенаўскага дыфрактометра.

М.​М.​Аляхновіч.

Схема здымка рэнтгенаграмы паводле Дэбая—Шэрэра метаду: 1 — рэнтгенаўская трубка; 2 — монахраматычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне; 3 — дыяфрагма; 4 — крышталь; 5 — фотаплёнка; 6 — след дыфрагаваных прамянёў; O — след прамянёў, што прайшлі крышталь навылёт.

т. 6, с. 320

ДЭ́БЕТ (ад лац. debet ён павінен),

частка бухгалтарскага ўліку. У актыўных рахунках па Д. запісваецца павелічэнне, а ў пасіўных — змяншэнне аб’ектаў уліку. У разліковых рахунках па Д. адлюстроўваецца запазычанасць юрыд. і фіз. асоб дадзенаму прадпрыемству — т.зв. дэбіторская запазычанасць.

т. 6, с. 320

ДЭ́БЕЦ (Георгій Францавіч) (7.12.1905, г. Томск, Расія — 19.1.1969),

рускі антраполаг. Д-р біял. н. (1941), праф. (1944). Скончыў Іркуцкі ін-т (1925). З 1927 у Ін-це антрапалогіі пры Маскоўскім ун-це, з 1945 у Ін-це этнаграфіі АН СССР. Даследаваў пытанні расазнаўства, этнічнай антрапалогіі і антрапалагічнага складу народаў СССР і Афганістана, палеаантрапалогіі і антрапагенезу. Сабраў і даследаваў у этнагенетычным плане матэрыял пра стараж. насельніцтва на тэр. СССР. Упершыню даследаваў у этнагістарычным плане краніялагічны матэрыял аб насельніцтве Беларусі 10—13 ст. Распрацоўваў методыку антрапалагічных даследаванняў.

Тв.:

Чарапы Люцынскага могільніка і старажытных славян Беларусі і месца апошніх у палеаантрапалогіі Усходняй Еўропы // Працы секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН Мн., 1932. Т. 3;

Палеоантропология СССР. М.;Л., 1948.

т. 6, с. 320

ДЭБІДУ́Р ((Debidour) Антанен) (31.1.1847, г. Нантрон, Францыя — 21.2.1917),

французскі гісторык. Кіраваў кафедрамі геаграфіі (з 1879), гісторыі (з 1880), ун-та ў г. Нансі. З 1891 гал. інспектар нар. адукацыі ў Францыі. З 1906 у Парыжскім ун-це (Сарбоне), кіраўнік кафедры гісторыі хрысціянства новага часу. Аўтар прац «Дыпламатычная гісторыя Еўропы ад Венскага да Берлінскага кангрэса (1814—1878)» (т. 1—2, 1891), «Каталіцкая царква і дзяржава ў час Трэцяй рэспублікі (1870—1906)» (т. 1—2, 1906—09) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Дипломатическая история Европы, 1814—1878. Т. 1—2. Ростов н/Д., 1995.

т. 6, с. 320

ДЭБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. debilis слабы, няздольны),

лёгкая ступень алігафрэніі, характарызуецца прымітыўнасцю суджэнняў і вывадаў, недастатковай дыферэнцыяцыяй эмоцый, абмежаванасцю навучання, зніжанай сац. адаптацыяй.

т. 6, с. 321

ДЭБІ́Т (ад франц. débit збыт, расход),

колькасць вадкасці (вады, нафты) або газу, якія паступаюць за адзінку часу з прыроднай ці штучнай крыніцы (буравой свідравіны, калодзежа, водазаборнага збудавання, трубы і інш.). Д. вадкасці вымяраецца ў л/с, м³/с, м³/сут (для нафты і т/сут); газу — у м³/сут.

Д. вызначаецца разлікам (па формулах падземнай гідрадынамікі) і з дапамогай адпампоўвання (пробных, доследных, эксплуатацыйных). Пры адпампоўваннях для вымярэння Д. вадкасці выкарыстоўваюць мерныя пасудзіны, вадамеры, дэбітометры, самапісныя дэбітографы, свідравінныя расхадамеры; газу — анемометры, шайбавыя вымяральнікі і інш. Д. водазаборных свідравін на Беларусі ад 0,005 да 0,05 м³/с.

П.​М.​Багаслаўчык.

т. 6, с. 321

ДЭБІТО́Р (ад лац. debitor даўжнік),

у цывільным праве бок у абавязацельстве, які павінен выканаць пэўныя дзеянні або ўстрымацца ад выканання дзеяння; даўжнік. У якасці Д. могуць выступаць толькі асобы, здольныя быць носьбітамі грамадзянскіх правоў і абавязкаў, у т. л. юрыд. асобы.

т. 6, с. 321

ДЭБІТО́РСКАЯ ЗАПАЗЫ́ЧАНАСЦЬ,

сума даўгоў, належных прадпрыемству і арганізацыі або ўстанове ад юрыд. або фіз. асоб па выніках гасп. узаемаадносін з імі.

т. 6, с. 321

ДЭ́БІШ (Анатоль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Брат В.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе дырэктарам Дома культуры ў Брэсце. Друкуецца з 1983. Аўтар зб. вершаў «Калядная вячэра» (1992), «Стодзівы» (1995). Тэматычны дыяпазон паэзіі Д. разнастайны — ад часоў паганства («Зніч», «Мара», «Чарнабог», «Пераплут», «Дзіў», «Велямос») да нашых дзён. Грунтуючыся на бел. нар. міфалогіі і фальклоры, аўтар асэнсоўвае стараж. светаўспрыманне, светабачанне і светаразуменне нашых далёкіх продкаў, яднае язычніцкія ўяўленні і хрысціянскія ідэалы, пяе хваласпеў жанчыне, каханню. Развівае жанры санета, балады, трыялета, элегіі, паэт. форму тэрцыны.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 321

ДЭ́БІШ (Васіль Іосіфавіч) (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Брат А.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе ў Брэсце. Друкуецца з 1987. Аўтар зб. вершаў «Белыя птахі» (1992), «Лісты да Марыі» (1996). У лірыцы Д. — рамант. свет чалавека, любоўныя перажыванні героя («Ліст да Марыі», «След вашых губ на крышталі», «Любіў. Ды ты не зразумела»), асэнсаванне духоўных крыніц жыцця народа, роднай гісторыі («Вільня», «Багрымава жалейка», «Апошняя ноч К.​Каліноўскага»). Звяртаецца і да нац. міфалогіі. Распрацоўвае жанры трыялета, квантэмы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 321