Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАМЕЛЕО́Н (лац. Chamaeleon),

каляпалярнае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 4,0 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 16, с. 535

ХАМЕЛЕО́НЫ (Chamaeleontidae),

сямейства (па інш. класіфікацыі падатр.) яшчарак атр. лускаватых. 4 роды, каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў Афрыцы і на в-ве Мадагаскар; трапляюцца ў Зах. і Паўд. Азіі, 1 від — у Паўд. Еўропе. Жывуць на дрэвах і кустах, маларухомыя.

Даўж. цела да 60 см. Тулава сціснутае з бакоў, укрытае рагавымі зярняткамі і бугаркамі. На галаве ў многіх відаў рагавыя і скурныя нарасці (бугаркі, грабяні, завостраныя рогі). Ногі доўгія, пяціпальцыя. Хвост доўгі, учэпісты. Вочы вял., з тоўстымі, зрослымі павекамі маленькай цэнтр. адтулінай для зрэнкі; рухі вачэй незалежныя. Афарбоўка цела здольна хутка мяняцца ў залежнасці ад умоў навакольнага асяроддзя, голаду, смагі, спалоху і інш. Кормяцца пераважна насякомымі, дробнымі пазваночнымі. Большасць яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя.

Л.​В.​Кірыленка.

Хамелеон паўднёваафрыканскі.

т. 16, с. 535

ХАМЕНЕ́І Сеед Алі Хусейні (н. 15.7.1939, г. Мешхед, Іран),

іранскі рэліг. і дзярж. дзеяч, аятала. Атрымаў духоўную адукацыю ў гарадах Мешхед, Кум (Іран) і Неджэф (Ірак). За ўдзел у антышахскім руху ў 1960—70-я г. 6 разоў быў арыштаваны. Удзельнік Іранскай рэвалюцыі 1978—79, паплечнік Р.М.Хамейні. У 1979—80 чл. Ісламскага рэв. савета, нам. міністра абароны, камандуючы «Корпусам абаронцаў ісламскай рэвалюцыі». У 1981—89 прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран, з 1989 яе духоўны лідэр (рахбар) і фактычны правіцель.

Літ.:

Зайнабитдинов Е. Духовный лидер ИРИ аятолла Хаменеи // Азия и Африка сегодня. 1999. № 2.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 535

ХАМЕФІ́ТЫ [ад грэч. chamai на зямлі + ...фіт(ы)],

расліны, пупышкі ўзнаўлення якіх знаходзяцца на выш. 20—30 см над паверхняй глебы; адна з жыццёвых форм раслін. Звычайна зімой укрыты снегавым покрывам. Да Х. адносяць паўкусты, кусцікі, паўкусцікі, некат. шматгадовыя травы, імхі. Пашыраны ў тундрах, высакагор’ях, таксама ў некат. міжземнаморскіх тыпах расліннасці (таміляры, фрыгана).

т. 16, с. 535

ХАМЗА́ Хакімзадэ Ніязі (6.3.1889, г. Каканд, Узбекістан — 18.3.1929),

узбекскі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Нар. паэт Узбекістана (1926). У 1915 арганізаваў у Какандзе паўпрафес. тэатр. групу. У 1917 стварыў у Фергане т-р, з якім выступаў на франтах грамадз. вайны. Друкаваўся з 1914. Аўтар зб-каў любоўнай, філас. і грамадз. лірыкі «Белая ружа», «Чырвоная ружа», «Зялёная ружа», «Жоўтая ружа», «Ружовая ружа» (усе 1916), «Фіялетавая ружа» (1917), «Духмяная ружа» (1919), аповесці «Новае шчасце» (1915). Пісаў драмы («Бай і парабак», нап. 1918, выд. 1949; «Таямніцы паранджы», нап. 1927), камедыі «Хітрыкі Майсары» (паст. 1926) і інш. Збіраў і вывучаў нар. песні, выконваў іх на нац. муз. інструментах. Аўтар шматлікіх песень (словы і музыка). Імя Х. носіць Дзярж. акад. тэатр Узбекістана. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі В.​Жуковіч, С.​Законнікаў, С.​Ліхадзіеўскі, Р.​Няхай.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. Ташкент, 1979.

Літ.:

Султанов Ю.С. Хамза. 2 изд. Ташкент, 1973;

Каюмов Л. Хамза. Ташкент. 1979.

Х.Н.Хамза.

т. 16, с. 535

ХАМІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

упадзіна на Пд ад Усх. Цянь-Шаня, у Кітаі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 100 км. Найменшая выш. 81 м. Саланчакі, пясчаныя пустыні са своеасаблівымі формамі выветрывання (т.зв. эолавыя гарады). На паўн. ускраіне — аазісы. Радовішчы каменнага вугалю. На ПнУ — г. Хамі.

т. 16, с. 535

ХАМІ́НСКІ Францішак Ксаверы (? — 9.6.1809),

бел. грамадскі дзеяч, польскі пісьменнік. З 1788 староста пінскі. ваявода мсціслаўскі, у 1793—1807 маршалак мінскі. Як прыбліжаны гетмана М.​К.​Агінскага ездзіў у Зах. Еўропу з дыпламат. даручэннямі. У 1797 арыштаваны па падазрэнні ў антыцарскай змове. Пісаў на польскай мове. Аўтар класіцыстычных вершаў, публіцыст. «Адказу» (1792). Ёсць меркаванні, што Х. напісаў за Агінскага большасць асветніцкіх паэт. твораў, апублікаваных пад псеўд. «Слонімскі грамадзянін» у зб-ках «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782) і «Байкі і не-байкі» (1788). Перакладаў на польскую мову Гарацыя, Ж.​Расіна, Ж.​Дэліля, П.​Карнеля.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 535

ХАМІЧКО́Ў Іван Іванавіч (н. 7.11.1959, в. Іскань Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1997). Скончыў Гомельскі ун-т (1980). Працуе ў БДУ. Навук. працы па даследаванні сістэм масавага абслугоўвання. Распрацаваў тэорыю сістэм масавага абслугоўвання з паўторнымі выклікамі, правёў комплексныя даследаванні матэм. мадэлей сетак перадачы звестак з пратаколамі выпадковага доступу.

Тв.:

Расчет характеристик локальной сети с р-настойчивым протоколом случайного множественного доступа // Автоматика и телемеханика. 1995. № 2;

Система обслуживания с повторными вызовами и вероятностью потерь при сдвоенном соединении // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, № 2.

т. 16, с. 535

ХАМРА́ЕЎ Разак (15.5.1910, г. Кзыл-Арда, Казахстан — 5.5.1981),

узбекскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Узбекістана (1959). Нар. арт. СССР (1969). Скончыў ташкенцкія ін-т асветы (1930) і тэатр.-маст. ін-т (1954). З 1934 гал. рэжысёр Наманганскага т-ра, з 1946 рэжысёр і акцёр, з 1959 гал. рэж. Узбекскага т-ра імя Мукімі (Ташкент). Сярод роляў: Васіль Іванавіч («Нурхон» К.​Яшэна), Назым («Тахір і Зухра» С.​Абдулы) і інш. Паставіў «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1939), «Мукімі» Абдулы (1954), «Закаханы Ташболта» Х.​Гуляма і «Таямніцы паранджы» Х.​Хамзы (абедзве 1961) і інш. З 1945 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1948. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1972.

т. 16, с. 535

ХАМСА́,

рыба сям. анчоусавых; гл. Анчоус.

т. 16, с. 535