Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЗІЧЫ́НА,

птушкі і звяры, якіх здабываюць паляваннем і мяса якіх ідзе ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама пух. пер’е, шкуры, рогі. Дз. падзяляюць на птушыную (баравую, ці лясную, вадаплаўную, балотную, палявую і стэпавую) і 4-ногую (пераважна зайцы і капытныя). На Беларусі водзяцца: з 4-ногай Дз. лось, дзік, алень, казуля, заяц-русак; з баравой — глушэц, цецярук, рабчык, вяхір, клінтух, слонка; з вадаплаўнай — гусі, качкі, паганкі, крахалі, лысуха; з балотнай і лугавой — бакас, дупель, драч і інш. кулікі і пастушкі; з палявой і стэпавай — перапёлка, шэрая курапатка. Паляванне на рэдкія, знікаючыя і асабліва каштоўныя віды Дз. забаронена або дазваляецца па ліцэнзіях (лось, дзік, курапаткі, казулі, высакародны алень, глушэц). Для павелічэння запасаў Дз. праводзяцца мерапрыемствы па дзічынаразвядзенні.

т. 6, с. 123

ДЗІЧЫНАРАЗВЯДЗЕ́ННЕ,

штучнае развядзенне паляўнічай птушкі і часткова млекакормячых (пераважна зайцоў) для павелічэння іх колькасці ў паляўнічых угоддзях. Заключаецца ў гадоўлі племянных птушак у гадавальніках, інкубаванні іх яек і вырошчванні птушанят да пэўнага ўзросту, пасля чаго іх выпускаюць ва ўгоддзі. Дз. развіта ў многіх краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, дзе стала асн. спосабам узнаўлення дзічыны. Дазваляе падтрымліваць на аптымальным узроўні колькасць жывёл і ствараць устойлівыя папуляцыі каштоўных відаў, вырашаць асобныя праблемы аховы жывёл. На Беларусі гал. аб’екты Дз. — качка, фазан, глушэц. Пытанні Дз. распрацоўваюць у запаведніках, нац. парках і асобных паляўнічых гаспадарках.

т. 6, с. 123

ДЗІЯМІ́ДА АСТРАВЫ́,

два астравы і скалы ў Берынгавым праліве. Зах. в-аў Ратманава (пл. каля 10 км²) належыць Расіі, усх. в-аў Крузенштэрна і скала Фэруэй — ЗША. Адкрыты ў 1728 экспедыцыяй В.Берынга.

т. 6, с. 123

ДЗІЯНІ́СІЙ [каля 1440 — пасля 1502—03(7)],

рускі жывапісец. Працаваў пераважна ў Маскве і сярэднярус. манастырах. Большасць твораў Дз. не захавалася і вядома па пісьмовых крыніцах. Абразам Дз., з іх вытанчаным малюнкам і каларытам, з вельмі выцягнутымі, грацыёзнымі фігурамі, уласцівы ўзнёсласць і ўрачыстасць: «Божая Маці Адзігітрыя» (1482), «Спас у сілах» і «Распяцце» (абодва 1500); абразы для Ферапонтава манастыра і размалёўкі яго сабора выкананы разам з сынамі Уладзімірам і Феадосіем (1500—02 ці 1502—03). Дз. прыпісваюць таксама абразы «Мітрапаліт Пётр у жыцці», «Мітрапаліт Аляксій у жыцці» і інш.

Літ.:

Данилова И.Е. Фрески Ферапонтова монастыря. М., 1970.

Дзіянісій. Распяцце. Абраз. 1500.

т. 6, с. 123

ДЗМІ́ТРАВІЧЫ,

вёска ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., на р. Брусята, на аўтадарозе Беразіно — г.п. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Беразіно, 125 км ад Мінска, 45 км ад чыг. ст. Бобр. 497 ж., 182 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

т. 6, с. 123

ДЗМІ́ТРАВІЧЫ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Камянец — в. Камянюкі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад Камянца, 49 км ад Брэста, 37 км ад чыг. ст. Жабінка. 647 ж., 193 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1786).

т. 6, с. 123

Дзмітрачкоў Пётр Фролавіч

т. 18, кн. 1, с. 379

ДЗМІТРАЧЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (1.9.1900, г.п. Ула Віцебскай вобл. — 8.8.1981),

савецкі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Акад. УАСГНІЛ (1967). Засл. дз. нав. РСФСР (1961). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Сцебутаўскі с.-г. ін-т (1922). Працаваў у ВНУ Ленінграда (у 1930—35 і з 1946) і Валагодскім малочным ін-це (у 1939—46). Навук. працы па пытаннях эфектыўнасці выкарыстання і ацэнцы пажыўнасці кармоў, тыпізацыі кармлення с.-г. жывёл, распрацоўцы прынцыпаў нармавання кармлення з выкарыстаннем ЭВМ для складання аптымальных рацыёнаў.

Тв.:

Методы нормирования кормления сельскохозяйственных животных. Л., 1970 (у сааўт.).

т. 6, с. 123

ДЗМІТРУ́К (Аляксей Данілавіч) (24.4.1907, в. Сцяброва Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.8.1942),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. Вучыўся ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску (1932—33). З 1926 сакратар Жабінкаўскага падп. райкома, інспектар ЦК КПЗБ па Пінскім акр. к-це КПЗБ. Двойчы (1927, 1934) быў арыштаваны польск. ўладамі і зняволены ў турму. З 1939 у БССР, працаваў у міліцыі. У Вял. Айч. вайну партызан атрада імя М.М.Чарнака партыз. брыгады імя Сталіна Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні баявога задання.

т. 6, с. 123

ДЗМІТРУ́К (Праскоўя Фёдараўна) (15.10.1899, в. Ліскі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.12.1978),

удзельніца рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1-ю сусв. вайну ў бежанцах у Арэхава-Зуеве. Чл. КПЗБ з 1924. У 1926—33 сакратар Гродзенскага акругкома КПЗБ, працавала ў Пінскім, Баранавіцкім, Беластоцкім, Брэсцкім, Віленскім і Кракаўскім акругкомах КПЗБ (парт. псеўд. Маруся, Надзя, Вера, Галубок і інш.). У 1925—26 вучылася ў школе парт. работнікаў Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Мінску, у 1929—31 — у Камуніст. ун-це нац. меншасцей імя Ю.Ю.Мархлеўскага ў Маскве. У 1933 арыштавана польск. ўладамі і асуджана на 10 гадоў турмы. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі (28—30.10.1939, Беласток). У 1939—41 і 1945—55 на сав. рабоце ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл.

М.П.Клімец.

т. 6, с. 123