Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ЛЕЧСКІ ЛЕДАВІ́К

(Aletschgletscher),

самы вялікі ледавік у Альпах, у Швейцарыі. Пл. 87 км². Даўж. 24,7 км. Далінны ледавік з прытокамі. Спускаецца з Бернскіх Альпаў на Пд і ПдЗ у даліну р. Рона да выш. 1520 м. Над Алечскім ледавіком узвышаюцца вяршыні Алечгорн, Юнгфрау і інш. Турызм (спец. чыгунка да выш. 3500 м, канатныя дарогі, атэлі і інш.).

т. 1, с. 248

А́ЛЕШ (Aleš) Мікалаш

(18.11.1852, с. Міраціцэ, Чэхія — 10.7.1913),

чэшскі жывапісец, графік. У 1875 скончыў АМ у Празе. Аўтар размалёўкі «Радзіма» (1880—81) у фае Нац. т-ра ў Празе, шматлікіх малюнкаў, у т. л. «Пяць пачуццяў» (1876), «Стыхія» (1881), цыкла «Жыццё старажытных славян» (1891); жывапісных работ: «Гусіцкі лагер», «На магіле ваяра-гусіта» (1877), «Сустрэча Іржы з Падэбрад з Мацвеем Корвіным», «Сутычка кавалерыстаў» (1878).

Я.Ф.Шумейка.

т. 1, с. 248

АЛЕ́ША Юрый Карлавіч

(3.3.1899, г. Кіраваград, Украіна — 10.5.1960),

рус. пісьменнік. У 1916—18 вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Аўтар рамана «Зайздрасць» (1927), рамана-казкі «Тры таўстуны» (1928; аднайм. фільм, 1967), кнігі апавяданняў «Вішнёвая костачка» (1931), мемуарна-дзённікавых запісаў «Ні дня без радка» (выд. 1961). Пісаў вершы, нарысы, кінасцэнарыі і інш. Інсцэніраваў для тэатра раман Ф.Дастаеўскага «Ідыёт».

Тв.:

Избр. М., 1983;

Бел. пер. — Зайздрасць. Мн., 1931.

Ю.К.Алеша.

т. 1, с. 249

АЛЕ́ШКА Антон Антонавіч

(1.2.1913, в. Балочычы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 13.9.1971),

бел. пісьменнік. Пасля педкурсаў пры Слуцкім пед. тэхнікуме (1931) настаўнічаў. Скончыў Ваенна-мед. акадэмію (1941). Служыў урачом у арміі. Друкаваўся з 1932. Выйшлі кн. аповесцяў і апавяданняў «Раніца» (1949), «Іх першых вітае сонца» (1957), «Пяць сутак» (1959), «Над намі мільён вышыні» (1965), раман «Дарогі без слядоў» (1969). Асн. тэма творчасці — жыццё і баявыя подзвігі лётчыкаў.

Тв.:

Неба на замку. Мн., 1984.

т. 1, с. 249

АЛЕ́ШНІКІ,

тое, што альховыя лясы.

т. 1, с. 249

АЛЕ́ШНЯ,

рака ў Беларусі (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.) і Расіі (Бранская вобл.), правы прыток Беседзі (бас. Дняпра). Даўж. 41 км, у межах Беларусі каля 15 км. Пл. вадазбору каля 280 км². Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. У вярхоўі каналізаваная.

т. 1, с. 249

АЛЕ́Я

(франц. allēe),

дарога ў парках, лесапарках, скверах, на бульварах, вуліцах, абапал абсаджаная дрэвамі або кустамі. Важны кампазіцыйны элемент паркавых ландшафтаў і азелянення нас. пунктаў, выконвае ахоўныя функцыі. Тыпы алей — прамыя ў рэгулярных і крывалінейныя ў пейзажных парках і садах.

Для алей часцей выкарыстоўваюць высакарослыя і шыракакронавыя пароды (дуб звычайны, ліпа драбналістая, клён вастралісты, лістоўніца еўрапейская, граб звычайны, елка, вяз і інш.). Сярэдняя адлегласць паміж дрэвамі 5 м, паміж радамі 10 м. У прысадах часам ствараюць нішы для лавак, скульптуры малых арх. формаў.

Бярозавая алея ў Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі ў Мінску.

т. 1, с. 249

АЛЁКМА,

рака ў Расійскай Федэрацыі, у Чыцінскай і Амурскай абл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 1436 км, пл. бас. 210 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Алёкмінскага Станавіка, цячэ ў вузкай даліне з крутымі схіламі (рэчышча з перакатамі), далей — у глыбокай даліне прарыву паміж хрыбтамі Удакан і Станавы, мае 13 парогаў, непраходных для суднаў. На апошніх 410 км цячэ ў шырокай даліне па Сярэднесібірскім пласкагор’і (суднаходны ўчастак). Асн. прытокі Тунгір, Нюкжа (справа), Чара (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Летам бурныя паводкі. Замярзае ў канцы кастр., крыгалом у маі, у нізоўях у чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2000 м³/с. Сплаўная ніжэй вусця р. Тунгір.

т. 1, с. 249

АЛЁКМА-ЧА́РСКАЕ НАГО́Р’Е,

на У Забайкалля, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у міжрэччы рэк Алёкма і Чара (бас. Лены). Выш. 500—600 м над узр. м., найб. да 1402 м. Пераважае сярэднягорны рэльеф. Расчлянёна глыбокімі далінамі. Вяршыні платопадобныя. Складзена з вапнякоў, метамарфічных сланцаў, прарваных інтрузіямі гранітаў. На схілах лістоўнічныя лясы, зараснікі кедравага сланіку, на вяршынях горная тундра.

т. 1, с. 249

АЛЁКМІНСКІ СТАНАВІ́К,

сістэма горных хрыбтоў на У Забайкалля, у Чыцінскай вобл. Рас. Федэрацыі. Складаецца з хрыбтоў Тунгірскага, Муройскага і інш. Даўж. каля 400 км. Выш. да 1908 м (г. Крапоткіна). Складзены ў асноўным з гранітаў. Пераважае рэльеф сярэднягор’я. Схілы (да выш. 1200 м) укрыты лістоўнічнымі лясамі, на вяршынях кедравы сланік, горная тундра, каменныя россыпы.

т. 1, с. 249