Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЛЯ́НЬ,

рус. Дальні, горад на ПнУ Кітая, у прав. Ляанін. Уваходзіць у адм. раён Люйда. 1,7 млн. ж. (1990). Буйны порт у зал. Даляньвань Жоўтага м., на паўд. канцы п-ва Гуаньдун. Знешнегандл. і прамысл. цэнтр. Прам-сць: металургічная, маш.-буд. (у т. л. судны), хім., нафтаперапр., электронная, буд. матэрыялаў, тэкст., харчовая. Рыбалавецкая база.

Першапачаткова рыбацкі пасёлак Цыніва. З 1860 наз. Д. Расія, атрымаўшы ў часовую арэнду ч. тэр. Кітая, у 1899 пабудавала на месцы пасёлка канцавую станцыю Усх.-Сіб. чыгункі і пераназвала яго Дальні. У 1904—45 акупіраваны Японіяй. У жн 1945 вызвалены Сав. Арміяй. Паводле сав.-кіт. дагавора 1945 кіт. ўрад прызнаў Д. свабодным портам. Прыстані і складскія памяшканні порта былі перададзены на 30 гадоў у арэнду СССР. У 1950 уся маёмасць бязвыплатна перададзена Кітаю.

т. 6, с. 23

ДАЛЯНЬВА́НЬ,

заліў Жоўтага м., каля ўсх. ўзбярэжжа п-ва Гуаньдун. Даўж. 11 км, шыр. каля ўвахода 11 км, глыб. да 20 м. Прылівы паўсутачныя (да 3 м). Порт — Далянь (Дальні).

т. 6, с. 23

ДАМ ((Dam) Генрык Карл Петэр) (21.2.1895, Капенгаген — 17.4.1976),

дацкі біяхімік. Чл. Каралеўскай АН Даніі. Д-р філасофіі (1934), праф. біяхіміі (1941). Скончыў Капенгагенскі політэхн. ін-т (1920). З 1923 у Капенгагенскім ун-це. З 1940 выкладаў у ЗША і Канадзе, з 1942 працаваў у Рачэстэрскім ун-це, з 1946 у Капенгагенскім політэхн. ін-це, у 1956—62 у Дацкім савеце па даследаванні тлушчаў. Навук. працы па біяхіміі стэрынаў і вітамінаў. Вынайшаў вітамін K1 (філахінон). Вызначыў, што адсутнасць вітаміну Е у рацыёне жывёл выклікае мышачную дыстрафію. Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Э.А.Дойдзі).

Г.Дам.

т. 6, с. 23

ДАМАВІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека ў белай вопратцы, з сівой барадой і доўгімі валасамі, які жыў у хаце (пад ці за печчу) або ў сенцах, каморы, клеці. Паводле павер’яў у кожнай хаце (сям’і) быў свой Д. (увасабляў памерлага гаспадара), які нібыта ахоўваў дом, клапаціўся пра гаспадарку, назіраў за сямейным побытам і інш. Прымхлівыя людзі імкнуліся задобрыць Д.: у памінальныя і святочныя дні яго клікалі да стала, «частавалі» лепшымі стравамі, прасілі, каб не рабіў шкоды. Рэліг. значэнне вобраз Д. страціў у канцы 19 — пач. 20 ст. Знайшоў адлюстраванне ў бел. фальклоры (пераважна ў былічках).

М.Ф.Піліпенка.

т. 6, с. 23

ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,

група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.

Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.

Літ.:

Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.

т. 6, с. 23

ДАМАВЫ́ ВЕРАБЕ́Й,

гл. ў арт. Вераб’і.

т. 6, с. 23

ДАМАВЫ́ СЫЧ,

гл. ў арт. Сычы.

т. 6, с. 23

ДАМАДА́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

найбуйнейшы ў Індыі. Размешчаны ў даліне р. Дамодар (штаты Зах. Бенгалія, Біхар). Пл. каля 4500 км². Вугляносныя адклады пярмі. Агульныя запасы да глыб. 600 м — 54 млрд. т, з іх 5,3 млрд. т каксавальныя вуглі. Прамысл. распрацоўка з 1830. Цеплыня згарання 26,8—33,2 МДж/кг. Здабыча падземным спосабам і на кар’ерах. Вугаль выкарыстоўваецца на металург. прадпрыемствах, для вытв-сці электраэнергіі, у цэментнай прам-сці. Асн. цэнтры здабычы: гарады Джхарыя, Бакара, Ранігандж.

т. 6, с. 24

ДАМАДЗЕ́ДАВА,

горад у Расіі, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобл. 56,5 тыс. ж. (1992). Засн. ў 1900. Чыг. станцыя. Вытв-сць буд. матэрыялаў (метал. канструкцыі, жалезабетонныя вырабы, цэгла і інш.); машынабуд., лёгкая, харч. прам-сць. Каля Д. адзін з асн. аэрапортаў Масквы — Дамадзедава.

т. 6, с. 24

ДАМА́М,

горад у Саудаўскай Аравіі. Адм. ц. Усх. правінцыі. Каля 0,8 млн. ж. з прыгарадамі (1994). Порт у Персідскім зал. Канцавы пункт чыгункі з Эр-Рыяда. Прам-сць: хім., сталеплавільная, шкляная, папяровая, цэментная. Рыбалоўства. Ун-т. Д. — арганізацыйны цэнтр здабычы нафты і газу на У краіны.

т. 6, с. 24